17 ліпеня ў аздараўленчым лагеры «Чайка» Ляхавіцкага раёна пачалася чарговая змена
Пазітыўныя эмоцыі, яскравыя ўражанні і новыя знаёмствы — вось што чакаюць дзеці ад летняга адпачынку. Аздараўленчы лагер «Чайка», дзе 17 ліпеня пачалася новая змена, дае такую магчымасць.
Некалі для мяне было вялікім шчасцем адпачыць у лагеры. «Чайка» — гэта час адкрыццяў, прыгод і гульняў, а таксама час падмацаваць і загартаваць здароўе. Яшчэ пад’язджаючы да варот, адчула, як задрыжала сэрца: успомніла заезд на пачатку змены, калі дзеці з бацькамі ішлі рэгістравацца, затым развітанне, якое так не хацелася каб наступала.
— Прывітанне! Рады бачыць вас у нашым лагеры! — Так сустрэлі дзяжурныя на КПП Таццяна Праўлоцкая і Алена Сасса з другога атрада. На гадзінніку хутка 8, а яны ўжо не спяць: сустракаюць гасцей і пазначаюць кожнае наведванне.
Раніца… Лагер прачынаецца. Разам з інструктарам па фізкультурна-аздараўленчай рабоце Яўгеніяй Мажэйка дзеці з задавальненнем ідуць на незвычайную зарадку: удала падабраны комплекс практыкаванняў з элементамі аэробікі і рытмікі на свежым паветры, спецыяльнае музычнае афармленне — і дзеці ніколі не прапускаюць гімнастыку.
Пасля ранішніх рэжымных момантаў лагер збіраецца на сняданак: кожны атрад выходзіць строем з корпуса і да сталовай ідзе са сваёй «крычалкай». Стравы ў сталовай заўсёды свежыя і смачныя, а галоўнае — разнастайныя. Толькі і чуваць словы падзякі ў адрас повараў, якія ў гатаванне ўкладваюць душу. Пасля уборкі карпусоў і тэрыторыі, «чайкаўцы» займаюцца атраднай дзейнасцю.
Кожны ведае, што дзеці не любяць сядзець на месцы, таму ў іх распараджэнні добра абсталяваная фізкультурна-аздараўленчая зона: міні-футбольнае поле, валейбольная, баскетбольная, гімнастычная і гульнявая (для дзяцей 6-10 гадоў) пляцоўкі, а таксама крытая ценявая пляцоўка. Нельга забыць і пра гульнявы атракцыён «Пнеўмагорка», дзе так любяць бавіць час дзеці. Для аматараў спяваць ці танцаваць заўсёды знойдзецца занятак у лагеры. Разам з музычным кіраўніком Аляксандрам Жукоўскім дзеці ствараюць самыя яскравыя выступленні.
«Тэрыторыя гульні» — так называецца трэцяя змена ў «Чайцы». Адпачынак уяўляе сабой вандраванне па гульнявых пляцоўках: стартавая, зда ровая, ініцыятыўная, паспяховая, творчая, фінішная. У кожным атрадзе ёсць камандзір, адказны за арганізацыю жыццядзейнасці, выкананне рэжыму. Ёсць група ігратэхнікаў — тыя, хто адказвае за арганізацыю і правядзенне вольнага часу, а таксама спорткаманда, у абавязкі якой уваходзіць правядзенне ранішняй зарадкі, трэніроўкі і размінкі да спаборніцтваў і гульняў.
Сёння ў лагеры пляцоўка «Здаровая», і дзень пачаўся з інтэлектуальна-аздараўленчага комплексу «Вельмі разумная зарадка». Пасля таго, як дзеці падсілкаваліся вітамінамі, іх чакаў спартыўны конкурс «Супердзеткі супраць супервыхавальнікаў». 4 каманды (3 дзіцячыя і каманда выхавальнікаў) спаборнічалі паміж сабой. Ігры з мячом, бег з абручом і скакалкай — якіх толькі конкурсаў ні было! У выніку пераможцай стала каманда выхавальнікаў «Гусі і Марусі».
Пасля смачнага абеду дзеці адправіліся на ціхі час. Паколькі першая палова дня была ўся ў руху, для рабят гэта час набрацца сіл і энергіі, бо вечарам іх чакае гульнявы практыкум «Ідзём па следзе», дзе хлопчыкі і дзяўчынкі могуць паспрабаваць сябе ў ролі следапытаў: трэба і па карце арыентавацца, і на мясцовасці. Але і гэта па сілах «чайкаўцам». У гэтым спаборніцтве перамог 5-ы атрад «Red Bull».
Вечарам на агульналагернай лінейцы падводзіцца вынік дня, дзе ўзнагароджваюцца пераможцы, якія атрымліваюць «чайкі» — «лагерную валюту», затым па агульнай іх колькасці вызначаецца атрад-пераможца. Падзяліцца ўражаннямі ад пражытага дня можна ў цёплай, амаль дамашняй абстаноўцы вячэрняга агеньчыку, дзе кожны адчувае сябе часткай цэлага.
Дыскатэка ў лагеры — адно з самых цікавых для дзяцей мерапрыемстваў. Сёння іх чакае тэматычная дыскатэка «Музыка і наркотыкі несумяшчальныя». Як адзначаюць дзеці, танцаваць і гуляць адначасова — вельмі весела і карысна. За парадкам сочаць выхавальнікі і супрацоўнікі РАУС. Сёння ў змену заступіў малодшы сяржант Аляксандр Высоцкі.
Добры адпачынак дзяцей — гэта якасная праца педагагічнага калектыву. Старшы выхавальнік Вольга Прыхач адзначае:
— На змене працуюць людзі, правераныя часам, гэта сапраўды згуртаваны калектыў, які можа стварыць для дзіцяці цуд, зрабіць летні адпачынак незабыўным.
Вольга Мікалаеўна мае вялікі вопыт работы з дзецьмі, таму трапіць на яе змену жадае кожны.
За тым, каб рабяты заўсёды былі здаровыя, сочаць урач Вольга Грыцкевіч і медсястра Хрысціна Лойка.
Дырэктар аздараўленчага лагера Надзея Патапчык упэўнена: — Самае галоўнае, каб дзеткі прыехалі са змены здаровыя і адпачнуўшыя. Таму заўсёды хочацца зрабіць што-небудзь новенькае, цікавае. Для мяне гэта другі дом, вельмі хочацца зрабіць так, каб хлопчыкі і дзяўчынкі адчувалі сябе тут утульна. Паглядзіце, колькі на тэрыторыі кветнікаў! Сёлета зрабілі капітальны рамонт варачнага цэха і абедзеннай залы, часткова замянілі пешаходныя дарожкі.
Са шчырай усмешкай расказвала Надзея Пятроўна, як яна чакала лета, каб сустрэць дзяцей, як вясною рыхтавалася да сустрэчы. Глядзіш на чалавека і разумееш, што гэта сапраўды тая справа, якой ён павінен займацца. А ў адказ на клопат і нераўнадушша Надзея Пятроўна чуе словы падзякі ад бацькоў і рабят.
А якая тут прырода, якое свежае гаючае паветра! Таму, аднойчы пабыўшы тут, хочацца вяртацца сюды зноў і зноў.
Маргарыта КУХТА,
студэнтка Інстытута
журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.