Жатва набирает обороты на сельскохозяйственных угодьях Ляховичского района
Хоць і з пэўнымі перашкодамі (маецца на ўвазе надвор’е), жніво набірае абароты і на сельскагаспадарчых угоддзях Ляхавіцкага раёна. Па стане на 2 жніўня з 15545 гектараў, адведзеных пад зерневы клін, скошана 3044 га — 19,6 працэнта. Калі браць у цэлым ураджайнасць, тэмпы ўборкі, колькасць перадавікоў на раённай Дошцы гонару, то па традыцыі сярод лідараў — усё той жа «Ляхавіцкі», іншыя знаёмыя адрасы. Напрыклад, адзін з перадавікоў сельгасвытворчасці раёна — СВК «Шлях новы», цяпер ва ўзбуйненым фармаце (сёлета адбылося аб’яднанне «Шляху новага» з «Кастрычнікам»). Калі падчас мінулагодняй уборачнай кампаніі пад зерневыя тут было адведзена 1366 гектараў, то ў 2013 годзе — 2362 гектары (па плошчы — трэці паказчык пасля СВК «Жарабковічы» і райаграсэрвісу). Па стане на 2 жніўня ў гаспадарцы было скошана 19 працэнтаў пры сярэдняй ураджайнасці 54 цэнтнеры на круг. Як расказаў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Алег Бурак, у сельгаскааператыве адказна і надзейна спрацавалі на падрыхтоўцы да жніва: у поўнай працоўнай гатоўнасці тэхніка, зернесушыльная гаспадарка, 100-працэнтная кадравая падрыхтаванасць.Таму, як толькі зерне даспела і надвор’е дазволіла, — палі напоўніліся гулам камбайнаў і аўтамашын.
Па словах галоўнага агранома «Шляху новага» Аляксандра Рамейкі, на жніве шчыруюць 11 экіпажаў камбайнаў, 11 вадзіцеляў заняты на адвозцы зерня. Без збояў працуюць зернесушыльныя комплексы ў Навасёлках, Ураджайнай, з дня на дзень яшчэ адзін будзе запушчаны ў Галавачах, у дапамогу ім за-дзейнічаны 3 зернесушылкі.
Плячо да пляча па намалоце ідуць экіпажы Аляксандра Дзядовіча і Аляксея Станчыка, Васілія Шадуры і Аляксандра Камінскага. Сярод вадзіцеляў у лідарах — Юрый Малевіч (ён лепшы і ў раёне, перавёз 966 тон зерня) і Юрый Тарабеш. Упэўнена адчувае сябе на жніве і сямейны экіпаж у складзе бацькі і сына Аляксандра і Сяргея Камінскіх.
Не хлебам адзіным жыве чалавек. Каб уборка ішла добра, якасна, аператыўна, у гаспадарцы клапоцяцца пра быт удзельнікаў жніва. Двойчы ў дзень прама на палявы стан прывозяць абед і падвячорак. Мясцовыя повары стараюцца, каб стравы былі не толькі смачнымі, але і каларыйнымі — праца на жніве патрабуе сіл. А яшчэ падчас невялікіга перапынку з нецярпеннем чакаюць хлебаробы на палявым стане і самадзейных артыстаў з Навасёлкаўскага СДК.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.