Ляхавіччына: размеркавацца. Працаўладкавацца.Застацца

Дачакаліся! Ва ўчарашніх студэнтаў і навучэнцаў за плячыма засталіся вучоба, лекцыі, практычныя заняткі і ўсе адметнасці студэнцкага жыцця. На руках — доўгачаканы дыплом, а ў бюджэтнікаў да таго ж — першае, гарантаванае месца працы. Цяпер у іх ганаровы статус — малады спецыяліст. У юнакоў і дзяўчат здаровыя амбіцыі, шмат планаў: паспяхова зарэкамендаваць сябе ва ўстановах, на прадпрыемствах, у арганізацыях, прафесійна і дакладна выконваць свае абавязкі, хутка ўліцца ў калектыў і, канешне, атрымліваць дастойную заработную плату з усімі бонусамі.
Яшчэ гадоў 7 назад па размеркаванні ў аддзел адукацыі райвыканкама для працаўладкавання ў навучальныя ўстановы горада і раёна прыходзілі 50 і больш выпуск-нікоў ССНУ і ВНУ, прычым, пераважная большасць вучыліся па накіраванні. І з года ў год узнікалі праблемы з іх працаўладкаваннем. Цяпер сітуацыя змянілася кардынальна. Жадаючых атрымаць мэтавае накіраваннне і потым праз 5 гадоў вучобы вярнуцца на сваю малую радзіму дыпламаваным спецыялістам і адпрацаваць не 2 гады, як усе бюджэтнікі, а 5 — лічаныя адзінкі. Сёлета такой магчымасцю, напрыклад, скарысталіся 2 выпускніцы гімназіі і Свяціцкай СШ, якія атрымалі мэтавае накіраванне ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Пушкіна на факультэт замежных моў. У мінулым годзе быў усяго адзін жадаючы, праўда, за непаспяховасць юнака адлічылі з ВНУ. Істотна зменшылася і колькасць размеркаваных.
Як расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Леанід Калбаса, 10 новаспечаных выпускнікоў педагагічных ВНУ краіны (пераважная большасць — Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта), пяцёра з іх — ураджэнцы Ляхавіччыны, размеркаваны ў навучальныя ўстановы горада і раёна і з 1 верасня будуць выкладаць гісторыю, беларускую мову і літаратуру, замежную мову, працаваць практычнымі псіхолагамі.
Між тым, па словах галоўнага спецыяліста аддзела Таццяны Зубік, у нашым раёне ёсць пэўная праблема, звязаная з недахопам настаўнікаў матэматыкі, фізікі (за апошнія гады не прыйшло ніводнага маладога спецыяліста-прадметніка), выхавальнікаў у дашкольных установах адукацыі. Таму па вышэйназваных спецыяльнасцях настаўнікі працуюць на 1,5, а то і больш стаўкі. І, напэўна, чакаць дыпламаваных матэматыкаў і фізікаў давядзецца доўга. Пацвярджэнне чаму — адсутнасць жадаючых паступаць на фізіка-матэматычныя факультэты педагагічнай накіраванасці. Напрыклад, сёлета на бюджэт у той жа БрДУ дакументы не падаў ні адзін абітурыент. А вось філолагаў, як і настаўнікаў пачатковых класаў, у школах Ляхавіччыны — лішак.
Што датычыцца маладога папаўнення, то па традыцыі яго будуць прадстаўляць вялікай педагагічнай сям’і Ляхавіччыны на жнівеньскай канферэнцыі. Дарэчы, маладыя кадры будуць карыстацца сацыяльнымі гарантыямі і льготамі, прадугледжанымі заканадаўствам.
Напэўна, усіх хвалюе пытанне, як там справы з кадравым папаўненнем ў медыцынскім асяроддзі. Сёлета са жніўня да самастойнай работы прыступілі трое маладых урачоў. Неўролаг будзе працаваць у неўралагічным аддзяленні райбальніцы, тэрапеўт весці прыём у паліклініцы, яшчэ для аднаго яго калегі першым месцам працы стане пасада ўрача-тэрапеўта ў Начаўскай урачэбнай амбулаторыі. Што датычыцца сярэдняга медыцынскага персаналу, то, дзякуючы прыходу маладых спецыялістаў, якія закончылі медыцынскія каледжы, нарэшце закрыецца пытанне з вакансіяй фельчара ў Крывошынскай участковай бальніцы і Альхоўскай урачэбнай амбулаторыі. Да таго ж, Крывошынская УА папоўнілася дыпламаваным фельчарам-лабарантам. Зразумела, што і сёлета з прыходам маладых кадраў праблема недахопу ўрачоў на Ляхавіччыне не вырашыцца. Як расказаў галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў, як мінімум, на бліжэйшы час застанецца без урача Падлеская ўрачэбная амбулаторыя. У паліклініцы не хапае неўролагаў, гінеколага. Калі сітуацыя не паправіцца, то ў хуткім часе давядзецца сутыкнуцца і з недахопам педыятраў. Так што па-ранейшаму без шаноўных ветэранаў аховы здароўя наша раённая медыцына не абыдзецца. Нягледзячы на па- куль што кадравы дэфіцыт, Уладзімір Усцюшкоў настроены аптымістычна:
— У наступным годзе нарэшце прыйдуць першыя выпускнікі, якім давалі мэтавае накіраванне на вучобу ў ВНУ, а іх было нямала.
Дарэчы, сёлета 11 выпускнікоў гарадскіх і сельскіх школ таксама залічаны студэнтамі-першакурснікамі медыцынскіх ВНУ па мэтавым накіраванні. Калі гаварыць пра льготы для маладых спецыялістаў у белых халатах, то кожны з іх адразу пры прыёме на работу атрымлівае аднаразовую дапамогу ў суме 5 базавых велічынь і потым штомесячна 2 БВ на аплату арэнднага жылля. Нялішнім, напэўна, будзе ўзгадаць, што сёлета і ў мінулым годзе дзве сям’і маладых урачоў атрымалі службовае жыллё — добраўпарадкаваныя кватэры.
Калі ў галіне аховы здароўя кадраў не хапае, то ў раённым аддзеле ўнутраных спраў сітуацыя супрацьлеглая. Не хавае задавальнення намеснік начальніка РАУС Сяргей Пажога:
— У нас унушальнае папаўненне: на ахову правапарадку на розных участках заступілі 7 маладых спецыялістаў. Прыемна тое, што ўсе яны — нашы землякі. Такім чынам, штат аддзела ўкамплектаваны поўнасцю.
Пасля заканчэння Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў да абавязкаў оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку прыступіў Яўгеній Вайшэвіч. Маладыя ўчастковыя Дзяніс Бурбіцкі і Яўгеній Паляшчук у адказе за парадак на тэрыторыі Жарабковіцкага і Востраўскага сельсаветаў. Між іншым, разам з ускладзенымі на іх абавязкамі лейтэнант і малодшы лейтэнант атрымалі службовыя аўтамабілі. Унікаюць у стан спраў міліцыянер-дзяжурны ізалятара часовага ўтрымання Аляксандр Высоцкі, памочнік дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы Андрэй Лапкоўскі, інспектар крымінальна-выканаўчай сістэмы Аляксандр Кухарчык, супрацоўнік-вадзіцель групы тылавога забеспячэння Віталій Малевіч. Сёлета па накіраванні паступіў у Акадэмію МУС выпускнік прававога класа Крывошынскай СШ (у 2012 годзе такім чынам студэнтамі сталі 7 нашых землякоў, прычым 5 з іх — з прававога класа).
Не засталіся без маладых, адукаваных і размеркаваных і сельгаспрадпрыемствы раёна. Пакуль ва ўсю ідзе працаўладкаванне маладых спецыялістаў. Але гэта ўжо, як гаворыцца, зусім іншая гісторыя.
Адно вядома: калі дыпламаваных спецыялістаў больш менш дастаткова, то механізатараў, трактарыстаў пакуль яўна не хапае.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *