Собираем школьный портфель в Ляховичах
Пачатак новага навучальнага года — важная падзея не толькі для дзяцей, але і для бацькоў: да 1 верасня трэба сабраць вучня ў школу, купіць мноства неабходных рэчаў, а самае галоўнае — знайсці такія месцы, дзе можна ўсё гэта набыць, каб задавальняла і дзяцей і бацькоў як па кошце, так і па якасці.
Падрыхтоўка да школы — працэс не з простых. Асабліва цяжка бацькам першакласнікаў: каб не памыліцца ў выбары розных школьных рэчаў, трэба параіцца з настаўніцай ці з тымі, хто гэты этап школьнага жыцця прайшоў.
Ужо на пачатку жніўня ў крамах і на школьных кірмашах — ажыятаж. Пералік усяго неабходнага для вучняў, мякка кажучы, не малы. Вось што сёння патрабуецца першакласніку (спіс утрымлівае 30 пунктаў): па 5 сшыткаў у клетку і лінейку, вокладкі і папка, 2 альбомы для малявання, 3 кніжкі-размалёўкі, лінейкі, пластылін і дошка для лепкі, 2 наборы фламастараў, акварэльныя фарбы, набор каляровых алоўкаў, гуаш, 3 простыя алоўкі, гумка і тачылка, 4 ручкі, пенал, клей, нажніцы, наборы каляровай паперы і кардону, веер лічбаў, 3 дзіцячыя кнігі і г.д. Усё гэта можна набыць у магазіне «Дзіцячы свет «Аліса» і кіёсках Брэстаблсаюздруку. Агульны кошт гэтых канцылярскіх рэчаў — каля 230 тысяч рублёў.
Яшчэ адным «галаўным болем» для бацькоў, незалежна ад таго, у які клас ідзе дзіця, з’яўляецца пакупка партфеля. Як раяць прадаўцы магазіна, ён павінен быць з цвёрдай спінкай і устойлівым нізам. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на шлейкі — добра калі яны будуць шырокія, каб не мулялі плечы. Такі якасны партфель беларускай вытворчасці каштуе прыкладна 330 тысяч рублёў. Але не кожны школьнік хоча хадзіць у школу з рукзаком — хтосьці аддае перавагу сумцы праз плячо (кошт каля 255 тысяч).
А вось на пакупку школьнай формы прыйдзецца затраціць шмат часу. Ляхавіцкія магазіны не заўсёды могуць задаволіць патрабавальных пакупнікоў. Калі сказаць дакладней, выбар школьнага адзення ў горадзе пакідае жадаць лепшага. Вось што можа прапанаваць магазін «Дзіцячы свет «Аліса»: касцюм для дзяўчынкі (спадніца, штаны, пінжак), напрыклад, ад вядомай фабрыкі «Калінка» каштуе каля 530 тысяч рублёў, для хлопчыка (пінжак, штаны) ад навагрудскай швейнай фабрыкі «БелКрэда» — каля 500 тысяч рублёў. Блузка і сарочка каштуюць амаль аднолькава — 90-100 тысяч, туфлі для дзяўчынкі — 290 тысяч, для хлопчыка — 250 тысяч. Таксама вельмі важна правільна падабраць спартыўныя касцюм і абутак. Асаблівую ўвагу варта звярнуць на якасць і састаў тканіны. Гомельская фабрыка «8 Сакавіка» прапануе спартыўны касцюм за 169 тысяч рублёў, а спартыўны абутак можна падабраць ад гродзенскай фабрыкі «Неман», кошт ад 160 тысяч рублёў.
А дзе купіць адзенне для старшакласнікаў? Ляхавіцкія магазіны для школьнікаў такога ўзросту могуць прапанаваць нямногае… Часцей за ўсё для старэйшых набываюць форму ў Баранавічах: вялікая колькасць магазінаў, а таксама рынкі дазваляюць выбраць кожнаму адзенне па душы. Многія не набываюць адразу касцюм, а усё паасобку — так выгадна, ды і гардэроб выглядае больш разнастайным.
Трэба памятаць, што школьны касцюм — гэта не святочны ўбор, ён павінен быць строгім, цёмнага колеру (чорны, цёмна-сіні ці карычневы). Дарэчы, шмат размоў ідзе пра адзіную школьную форму. Гэта вырашыла б адразу некалькі праблем: па-першае, не трэба марнаваць час на выбар школьнага адзення, па-другое, адзіная школьная форма дысцыплінуе, адразу відаць, што ідзе школьнік.
Прапануюць школьную форму і сельскія магазіны. Напрыклад, жарабковіцкі магазін «Прамтавары» прапануе касцюм для хлопчыка (штаны і пінжак) за 293 тысячы рублёў, блузку для дзяўчынкі за 60 тысяч, спартыўныя касцюмы за 168 тысяч. Праўда, гэта засталося яшчэ з мінулага года. Касцюмы з новага прывозу будуць каштаваць ад 400 тысяч. А вось нядаўна завезлі поўную машыну канцтавараў — выбар вялікі! Таксама школьную форму можна заказаць, што вельмі зручна для мясцовага насельніцтва.
1 верасня — не за гарамі: цягнуць з пакупкамі не варта. Але і спяшацца ўсё купіць за адзін раз не трэба: для дзіцяці «школьны шопінг» — маленькае шчасце, якое можа прыцягнуць увагу да вучобы.
Маргарыта КУХТА,
студэнтка Інстытута
журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.