Першыя тысячнікі будуць у СВК «Ляхавіцкі»

Цудоўны працоўны настрой у першых тысячнікаў Сяргея Казакевіча (справа) і Міхаіла Хлапяніка.

З першых зжатых каласоў, з першых гектараў сёлетняй нівы, з першых тон зерня новага ўраджаю стала зразумела, што руплівыя экіпажы камбайнераў славутага СВК «Ляхавіцкі» будуць сярод раённых лідараў на жніве. Калі з гаспадаркай, дзе вызначацца першыя тысячнікі па намалоце, сумненняў не было, то экіпажы за перамогу змагаліся не на жарт, хаця і лідзіраваў на працягу ўсяго часу зернеўборачны дуэт магутнага «Джон-Дзіра» ў складзе старшага камбайнера Сяргея Казакевіча і камбайнера Міхаіла Хлапяніка. Усяго на некалькі дзясяткаў тон адставалі сямейныя экіпажы бацькі і сына Сяргеяў Асланянаў, бацькі і дачкі Генадзія і Марты Граблюкоў. Вызначае ўсе 3 экіпажы і тое, што разам з тэмпамі ўборкі ні ў якім разе не страчваецца якасць.
«Ніводнае зярнятка, вырашчанае клапатлівымі рукамі ўсіх тых, хто мае непасрэднае дачыненне да жніўнай кампаніі, не павінна прапасці», — перакананы старшыня СВК «Ляхавіцкі» Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вітко.
І вось адбылося! Пасля некалькіх гадоў перапынку першыя тысячнікі зноў у СВК «Ляхавіцкі». Сяргей Казакевіч і Міхаіл Хлапянік апярэдзілі не толькі сваіх калег — экіпажы з «Ляхавіцкага», але і маладзёжны экіпаж у складзе старшага камбайнера Аляксандра Дзядовіча і камбайнера Аляксея Станчыка з СВК «Шлях новы».
Пра тое, што ў гаспадарцы з’явіліся першыя тысячнікі, стала дакладна вядома толькі ўчора ў другой палове дня. Усяго некалькі хвілін на віншаванні з працоўнай перамогай ад прадстаўнікоў райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, падарункі і музычнае прывітанне ад культработнікаў Русінавіцкага СДК — і зноў загудзелі на жніўнай ніве камбайны. Уборка не даруе прамаруджвання. А святкаваць будзем потым — на «Дажынках».
Што датычыцца СВК «Ляхавіцкі», то гаспадарка па-ранейшаму лідар па ўраджайнасці (66,6 цэнтнера з гектара). І не толькі ў Ляхавіцкім раёне, але і ў цэлым на Брэстчыне. Ведай нашых!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *