Карэспандэнт «ЛВ» адправіўся на жніво

Сяргей Бурак з памочнікам Яўгеніем Дварэцкім.

Адметнасць гэтай часткі Ляхавіччыны добра і ёміста раскрывае нядаўна пачуты выраз: шчодры, як жарабковіцкая зямля. У суполцы ж з працавітымі, умелымі ў сваім рамястве людзьмі, што жывуць тут і працуюць, атрымліваецца гатовая формула паспяховасці. Прычым, што асабліва хочацца падкрэсліць, дамінантай формулы з’яўляецца іменна другі яе складальнік. У любой справе людзям належыць галоўная роля.
Як і ўвесь хлебаробскі люд краіны, працаўнікі СВК «Жарабковічы» зараз вельмі рана прачынаюцца і позна кладуцца спаць. Іншы расклад не для жніва: каб убраць варты ўраджай (а нягледзячы на складанасці бягучага года, зерне ўрадзіла на ўзроўні леташніх цэнтнераў), працаваць трэба многа і, што там казаць, цяжка. Важкасць жарабковіцкага зерневага гектара «чытаецца» яшчэ па дарозе на жніўны палетак. Навокал — чыстыя, густыя, у бліскучых пералівах хваль збожжавыя палеткі.
Паспелі акурат да абеду. А ветлівая з падзякай адмова ад прапановы пакаштаваць хлебаробскага хлеба зараз ужо не здаецца разумнай. Таму хоць бы, што пра спажывецкія і якасныя характарыстыкі жарабковіцкіх палявых абедаў можна было б меркаваць не толькі на выгляд і па водгуках іншых, але і на смак, уласны страўнік. Без вынаходніцтваў: традыцыйна, проста, поўна. Першая страва, другая, трэцяя — абед. Пасля, гадзін у 16-17, «прыедзе» і гарачы палявы падвячорак. Меню будзе, канешне ж, іншым, але ў параўнальнай ступені пажыўным і з душою прыгатаваным. Па падліках начальніка падлесскага вытворчага ўчастка СВК «Жарабковічы» Міхаіла Багацкага, на палявым харчовым забеспячэнні ў гаспадарцы зараз знаходзіцца каля 400 працаўнікоў, занятых на ўборцы зерневых, нарыхтоўцы сена, на зернетаках, іншых участках і відах сельгас- работ.

Экіпаж КЗС-10 у складзе бацькі і сына Генадзія і Яўгенія Калбаса.

Самай жа першай «стравай» тамашніх хлебаробаў у той дзень і тым месцы было… «піва». У тым сэнсе, што вялася ўборка піваварнага ячменю. Шэсць з паўтара дзясятка камбайнаў сельгаскааператыва былі ў той дзень ангажыраваны на выкананне задачы.
— Ячменнае поле плошчай каля 105 гектараў, сорт «Бровар». З іх 25 — элітныя пасевы, ураджай з якіх пойдзе на падрыхтоўку насення на наступны год. Астатнія 80 плануем паставіць у якасці сыравіны для вытворчасці пеннага напою. Умовы там дастаткова жорсткія, але ўсё паказвае, што і ўтрыманне бялку, і ўсходжасць, памер і колер зярнят нашага «Бровара» адпавядае стандартам піваварэння, — малюе дыспазіцыю начальнік участка.
На камплімент карэспандэнта з нагоды чысціні, адсутнасці пустазелля ў ячменным полі ў Міхаіла Міхайлавіча такое тлумачэнне:
— Культурай-папярэднікам тут былі цукровыя буракі. Апошнія вельмі патрабавальныя ў доглядзе. Каб разлічваць на ўраджай, неабходна правесці не адну хімапрацоўку — толькі асноўных тры. Пустазелле, такім чынам, значна знішчаецца яшчэ на тым этапе. Ну і, канешне, адпаведная работа праводзілася па ячмені непасрэдна. Магу дабавіць яшчэ, што буракі — папярэднік важны таксама і з пункту гледжання ўраджайнасці. Пасля ўборкі ўсё бацвінне застаецца, пасля заворваецца і становіцца арганічным угнаеннем.
Наколькі можна ўбачыць і ацаніць, палегліцы на полі не заўважана. Але ж, у прыватнасці, адзін з камбайнаў «нясе» дадатковае абсталяванне ў выглядзе сцеблапад’ёмнікаў. Чаму так? Цікавасць, або больш правільна сказаць недасведчанасць, паправіў старшы ў экіпажы КЗС 1218 Сяргей Бурак:
— Палегліца ёсць, і як без пад’ёмнікаў. Я на жніве з сямнаццаці гадоў. Першы сезон адпрацаваў памочнікам, усе наступныя — у якасці старшага камбайнера. Сёлетні ўборачны сезон для мяне ўжо дваццаты. Застаў яшчэ «Нівы», на «Доне» убіраў доўгі час. Зараз на КЗС, а гэта ўжо выгадна іншая тэхніка. І па прадукцыйнасці, і па камфартабельнасці. Практычна ўсім «запраўляе» бартавы камп’ютар: кантралюе вытворчы працэс, работу асноўных сістэм і агрэгатаў камбайна. Без кандыцыянера было б не выжыць у такой гарачыні, кабіна прасторная, з месцам для памочніка. Але і патрабаванні растуць ці не з кожным годам: да тэмпаў уборкі, яе якасці, ашчаднасці ў выкарыстанні матэрыяльна-тэхнічных сродкаў, паліва, напрыклад.

Вадзіцель МАЗа Аляксандр Сокал.

На тыдні надвор’е, нарэшце, паказала хлебаробам свой твар. Ды яшчэ і з усмешкай на ўсе 32 «зубы»-градусы цяпла. Многа, але лепш так: па ўтрыманні вільготнасці колас выйшаў на лічбу, блізкую да складскога паказчыка. «Наш» ячмень, напрыклад, пакідаў палетак з паказчыкам вільготнасці 13-14 працэнтаў.
— У такім разе дадатковая сушка не патрэбна. Сушыльна-ачышчальныя комплексы запраграмаваны зараз на выкананне толькі другой сваёй функцыі — першаснай ачысткі зерня. Відавочная эканомія — як матэрыяльных сродкаў, так і часу, — Міхаіл Багацкі бачыць сітуацыю ў такім ракурсе.
Але ж, па ацэнцы Міхаіла Міхайлавіча, сушыльныя магутнасці СВК «Жарабковічы» гатовы прыняць і іншы выклік надвор’я. Адрамантаваная некалькі гадоў таму старая М-819 выдатна сябе паводзіць. Адным з умелых яе аператараў, між іншым, служыць школьны настаўнік па жыцці і сезонны хлебароб Леанід Шынгель, які ў тандэме з Валерыем Тарандам дапрацаваў не адну сотню тон новага ўраджаю. Як, дарэчы, і іх калегі з другога падлесскага і цэнтральнага жарабковіцкага зернедапрацоўчага агрэгатаў.
Падчас камандзіроўкі на жніво давялося назіраць даволі шчымлівы, але і характэрны малюнак. Пасля выгрузкі зерня, кіроўца абышоў, агледзеў свой МАЗ. У адным месцы прыпыніўся і асцярожна, далікатна нават, змахнуў кроплю зерня, што засталася пасля выгрузкі на невялікім выступе-«лавушцы» кузава. Зерне да зерня — людзям каравай.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Экіпаж КЗС-12 у складзе бацькі і сына Мікалая і Мікалая-малодшага Наумікаў.

Леанід Шынгель.

Аператар КЗС Аляксандр Пілецкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *