Працягваецца ўборка ў СВК «Канюхі»

Сплаў вопыту і маладосці. Экіпаж КЗС-10 у складзе Івана Чушаля і Дзмітрыя Лепяшко.

Унікальны сваёй племянной авечкагадоўчай накіраванасцю, СВК «Канюхі» вызначае яшчэ і кампактнасць. Мяркуйце: клін каласавых зерневых на гэты год складаў нязначна больш за 4 з паловай сотні гектараў. Спадабалася вобразнасць на гэты конт брыгадзіра трактарна-паляводчай брыгады гаспадаркі Алы Сіліцкай.
— Усе нашы палі можна акінуць вокам, — так ці прыкладна так заўважыла спецыяліст, калі ў мінулы панядзелак мы наведалі адзін з канюхоўскіх уборачных палеткаў.
Гэта было пшанічнае поле на мяжы з уладаннямі суседняй «Начы». Часткова ўбранае, кругі па якім «нарэзваў» — так можна сказаць з улікам не надта вялікіх прагонаў — КЗС-10 старшага камбайнера Івана Чушаля. У памочніках у вопытнага хлебароба, умелага механізатара, адказнага работніка, можна сказаць, дэбютант хлебнай нівы. Навучэнец адной з сярэдніх спецыяльных устаноў Дзмітрый Лепяшко робу камбайнера прымерыў на час канікул. З абавязкамі спраўляецца спраўна, дысцыплінаваны, адказны. Ала Сіліцкая абышлася без высокіх эпітэтаў, але яе словы добра, як здаецца, характарызуюць як камбайнера, так і старшага камбайнера:
— Працаваць абы з кім Чушаль не стаў бы.

Поле-зерняток. Для вадзіцеля МАЗа Мікалая Лойкі такі маршрут зараз галоўны.

Яшчэ адна зернеўборачная канюхоўская сіла на тую гадзіну ў полі не прысутнічала: у адрозненне ад людзей, здольных трымацца ў любой сітуацыі, жалезу характэрна ламацца. Зрэшты, факт паломкі аднаго з двух наяўных канюхоўскіх камбайнаў «украў» у хлебаробаў не надта значную колькасць часу: рамонт заняў пару-тройку гадзін. І — на хлебную ніву.
Акрамя ўзгаданай пшаніцы, сёлетні зерневы клін «Канюхоў» складалі і іншыя традыцыйныя каласавыя зерневыя. Нядрэнным, з папраўкай на сезонныя і міжсезонныя кліматычныя перыпетыі, атрымаўся ячмень. Як паведаміў старшыня сельгаскааператыва Аляксей Кавальчык, план продажу піваварнага ячменю гаспадарка перавыканала больш як у паўтара разы: адгрузіла 200 тон замест 130 планавых.
— Усё дзякуючы людзям: тым, хто працуе на зямлі, спецыялістам гаспадаркі. Гэтай жніўнай парой усіх нас літаральна суткамі не пакідае клопат пра ўраджай. Калі нават жніўныя работы не вядуцца — з-за надвор’я, ноччу — думкі пра яго свядома ці падсвядома прысутнічаюць, — гаворыць старшыня.
Слабым звяном «Канюхоў» з’яўляецца сушыльны комплекс. Адзіны КЗС «дзясятка» вытворчасці сярэдзіны 70-х гадоў мінулага стагоддзя састарэў маральна, знасіўся фізічна. Фактычна, больш рамантуецца, чым працуе і, па сутнасці, рэальна тармозіць тэмпы ўборкі. У тым ліку і з-за драхласці зернесушылкі ў «Канюхах» «моляцца» на надвор’е. У выпадку саюзніцкіх з ім адносін дажынкі рэальна справіць праз 3-4 дні. Чаго і жадаем!
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *