Тут выпраўляецца тое, што падпсавала надвор’е. Выпраўляецца адказнейшымі людзьмі і надзейнай тэхнікай. Гэта — пра «Ляхавіцкі»

Леанід Юнік і Анатолій Герасімовіч — лепшыя на сушыльных комплексах.

Усяго на некалькі начных гадзін прыпыняюцца камбайны, і тады над іржышчам плыве рэзкая цішыня — перадышка для людзей і тэхнікі. Між іншым, на зернетаку і такіх перапынкаў няма, хіба што зусім кароткі, за які Анатолій Герасімовіч і Леанід Юнік робяць прафілактычныя «працэдуры» зернесушыльнаму агрэгату. Дарэчы, у СВК «Ляхавіцкі» ўстаноўлена сушылка «М-819» — сучаснай мадыфікацыі, надзейная і высокапрадукцыйная. Ва ўсякім разе, змена Анатолія Іванавіча выдае па 300-350 тон зерня, даведзенага да патрэбных кандыцый. «Слухаецца» тэхніка Анатолія Іванавіча, бо ён знаток сваёй справы. У свой час скончыў Пружанскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі, надзейна «падкаваўся» тэарэтычна. А тут, у «Ляхавіцкім», прыйшоў і практычны вопыт: 26 гадоў працуе інжынерам па працаёмкіх працэсах. Ужо 15 гадоў у час хлебаўборачнай кампаніі ён шчыруе на зернетаку, хоць, па-ранейшаму, пад кантролем трымае тэхнічную сітуацыю на фермах гаспадаркі. Прадукцыйна ладзіцца праца ў Анатолія Герасімовіча разам іменна з Леанідам Юнікам, таксама вопытным прафесіяналам: ён галоўны энергетык сельгаскааператыва. Вынік іх сумесных намаганняў лепшы ў раённым спаборніцтве сярод машыністаў сушыльных комплексаў. Наогул, на гэтым адказнейшым участку ў «Ляхавіцкім» працуюць людзі надзейныя: Яраслаў Радзіён, Мікалай Працюк, Міхаіл Грыкель, Аляксандр Ходар. Ніколі не дазваляюць затрымкі адрэгуляванага працэсу і вадзіцелі аўтамабіляў, якія адвозяць гатовае зерне на захоўванне ці на збожжапрыёмны пункт — у залік дзяржзаказу. Адладжанае да дробязяў кругласутачнае працоўнае жыццё сельгаскааператыва яшчэ і пад пастаянным кантролем спецыялістаў і работнікаў бухгалтарска-эканамічнай службы гаспадаркі, якія дзяжураць і днём, і ноччу, вядуць улік тонам хлеба новага ўраджаю, правяраюць якасць зерня, сочаць за парадкам. Бывае і так, што на зернетаку шчыруюць Анатолій Іванавіч і яго жонка — бухгалтар Валянціна Паўлаўна. Чым не стымул для выдатнай працы?

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *