Факт-экспрэс-навіны Ляхавіччыны
ВІНШАВАННЕ. Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў накіравалі віншаванні з прафесійным святам — Днём работнікаў дзяржаўнай статыстыкі — калектыву аддзела статыстыкі Ляхавіцкага раёна.
· А ПЫТАННІ ЗАСТАЛІСЯ… «Адказ атрыманы. А пытанні засталіся» — так называлася крытычная інфармацыя, надрукаваная ў «ЛВ» № 51 за 13 ліпеня. У ёй, у тым ліку, ішла размова пра тэлефанаванне жыхара вёскі Нетчын, які скардзіўся, што навакольныя населеныя пункты абслугоўвае аўталаўка без касавага апарата (дарэчы, крыху раней з аналагічнай скаргай у газету звярталіся жыхары вёскі Бярозкі).
На гэтую публікацыю адрэагавала кіраўніцтва райспажыўсаюзу. Старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч паведаміў: «У цяперашні час ва ўсіх аўтамагазінах маюцца новыя касавыя апараты».
Між іншым, рэдакцыя чакае рэагавання на гэтую ж публікацыю кіраўніцтва Конькаўскага сельвыканкама (па пытанні добраўпарадкавання могілак у вёсцы Літва).
На жаль, не атрымалі мы адказу і ад кіраўніцтва СВК «Жарабковічы» — на крытыку, што прагучала ў «ЛВ» № 50 за 10 ліпеня («Які партрэт, які пейзаж»). Красамоўныя фотаздымкі пад рубрыкай «Люстэрка парадку» дэманстравалі нядобраўпарадкаванасць некаторых тэрыторый сельгаспрадпрыемства. Расказаць, што зроблена для выпраўлення сітуацыі, кіраўніцтва кааператыва пакуль не палічыла патрэбным. У сувязі з гэтым нагадваем: згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 630 ад 5.12.97 г. кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый незалежна ад формаў уласнасці абавязаны забяспечыць разгляд крытычных матэрыялаў, апублікаваных у перыядычных выданнях, заснавальнікамі якіх з’яўляюцца мясцовыя дзяржаўныя органы, і накіроўваць звесткі аб разглядзе, а таксама аб прынятых мерах у адпаведныя сродкі масавай інфармацыі. Так што адказ мы ўсё ж такі чакаем…
· КРОК НАСУСТРАЧ. Як паведаміў першы намеснік начальніка РАУС Аляксандр Бурбіцкі, з 12 па 20 жніўня ў раёне праходзіла акцыя «Крок насустрач», накіраваная на папярэджанне рэцыдыўнай злачыннасці і аказанне бытавой і дапамогі ў працаўладкаванні асобам, якія маюць судзімасць.
Праблема, дарэчы, надзвычай актуальная, хаця апошнім часам колькасць злачынстваў, учыненых асобамі з нязнятай і непагашанай судзімасцю зменшылася з 47 летась да 29 за 7 месяцаў бягучага года. 23 злачынствы ўчынены раней судзімымі асобамі, якія нідзе не вучацца і не працуюць.