Ляхавіччына: пастаўлена задача назапасіць сена, сенажу не менш як 8-9 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы

Зразумела, што ў гэтыя гарачыя дні ўборачнай кампаніі галоўны клопат — хлеб. Але таму і гаворыцца пра «восем работ» (якіх, дарэчы, значна больш гэтым часам у селяніна), бо ніхто не адмяняў, у тым ліку, і нарыхтоўку кармоў. Па сутнасці, гэтая кампанія доўжыцца з вясны і да зімы.

Сёлета пастаўлена задача назапасіць сена, сенажу не менш як 8-9 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы, а разам з сіласам — не менш як 25 цэнтнераў. Пакуль што па раёне ў наяўнасці ў сярэднім 8,64 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў. Як адзначыў галоўны спецыяліст па кормавытворчасці райсельгасхарчу Ігар Яварчук, гэта нават больш, чым у адпаведны перыяд мінулага года. Прычым, сёлета, па яго словах, якасць кармоў значна лепшая. У большасці сельгаспрадпрыемстваў сур’ёзна аднесліся да захавання тэхналогіі прыгатавання сенажу і сіласу: прымяняліся кансерванты, круглыя суткі вялася трамбоўка зялёнай масы ў траншэях. Умельцы з ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» унеслі карысную рацпрапанову: «акавалі» трактар цяжкімі блокамі, і такое прыстасаванне выдатна спраўляецца з трамбоўкай зялёнай масы. Іх прапанову выкарысталі амаль у кожным сельгаскааператыве.
У дастатку нарыхтавалі сена і сенажу ў СВК «Тальмінавічы», «Дарава», «Ляхавіцкі», «Канюхі», агракаледжы, ДП «Нача». Разам з сенажом гэта склала 14,63 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў у СВК «Дарава», 13,38 — у СВК «Тальмінавічы», 15,59 цэнтнера ў ДП «Нача».
На час уборачнай кампаніі ў большасці сельгаспрад-прыемстваў нарыхтоўка кармоў адышла на другі план. Прычын таму шмат: не хапае тэхнікі, механізатараў, паліва і г. д. Але асноўнае, на думку Ігара Яварчука, недастаткова дакладная арганізацыя працы. Напрыклад, у СВК «Жарабковічы» паралельна са жнівом зерневых і зернебабовых культур не спыняецца і касавіца — закладваюцца сянажныя траншэі. Прычым, такога ажыўлення на сенажацях больш не назіраецца ні ў адным сельгаскааператыве. Відаць, што ў гаспадарцы рэальна ацанілі стано-вішча: да гэтага часу на адну ўмоўную галаву жывёлы тут значылася ўсяго па 4,37 цэнтнера кармавых адзінак — паказчык у 2 разы ніжэйшы за сярэднераённы. Спадзяюцца ў СВК «Жарабковічы» на кукурузу, якая, дарэчы, тут урадзіла. Аднак, нягледзячы на тое, што паказчык валавой колькасці кармоў можа быць высокім, у рацыёнах не будуць вытрымлівацца патрэбныя суадносіны — 50 працэнтаў сенажу і сена і 50 — сіласу. Ва ўсякім разе, так ацэньваюць сітуацыю спецыялісты райсельгасхарчу.
Прыкладна па такім жа шляху ідуць і ў ЗАТ «Белпрампрыбор», дзе нарыхтавана на адну ўмоўную галаву жывёлы 4,91 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў — на 1,5 цэнтнера менш, чым летась. Тут перавагу аддалі назапашванню сена — 173 працэнты да патрэбнай колькасці, а вось сенажу заклалі ўсяго 22 працэнты.
Як адзначае галоўны спецыяліст па кормавытворчасці райсельгасхарчу, сёлета аказаліся беднымі пасевы кукурузы ў СВК «Ліпнянка», а, значыць, спадзявацца на тое, што гэтая культура значна папоўніць кармавыя запасы, няма падставы. Трэба тэрмінова пераключацца на нарыхтоўку траў другога ўкосу і закладваць сянаж з захаваннем усіх тэхналагічных патрабаванняў. Гэтага корму на сёння ў гаспадарцы ёсць толькі 7,97 працэнта да патрэбнай колькасці. Па такім жа прынцыпе варта арганізаваць работу ў СВК «Востраў-Агра», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Дарэчы, у названых гаспадарках нарыхтоўка кармоў пакуль што спынілася без рэальных тэрмінаў аднаўлення.
Сёлета амаль паўсюдна ў сельгаспрадпрыемствах з адказнасцю аднесліся да сяўбы паўкосных і пажніўных культур. Напэўна, пераканаліся на практыцы, што восеньская зялёная маса бу-дзе спрыяць атрыманню добрых надояў: пасеяна 2146 гектараў — 98 працэнтаў да плана.
…Учора, сёння, яшчэ заўтра і ў наступныя дні ў СВК «Жарабковічы» паралельна з уборкай зерневых і зернебабовых культур ідзе нарыхтоўка кармоў. Нават цяжка сказаць, дзе гарачэй…
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *