В Ляховичах открылся расчетно-консультационный центр республиканского унитарного предприятия «Брестэнерго» /фото/

Разлікова-кансультацыйны цэнтр па вул. Леніна, 52

Зусім хутка Ляхавічы сустрэнуць удзельнікаў і гасцей абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013». А пакуль у горадзе то тут, то там спраўляюцца наваселлі. Вось і ў мінулы аўторак гасцінна расчыніў дзверы для наведвальнікаў разлікова-кансультацыйны цэнтр рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Брэстэнерга». Размясціўся ён на вуліцы Леніна, 52. Сучасна аформленае памяшканне ў цэнтры горада відаць здалёк. Цяпер спажыўцам электрычнай энергіі для вырашэння самых розных пытанняў няма неабходнасці дабірацца на вуліцу Дзесюкевіча, дзе размешчаны раён электрычных сетак. Мясцовыя энергетыкі з дапамогай будаўнікоў пастараліся стварыць для спажыўцоў надзвычай зручныя ўмовы. Датычыцца гэта не толькі камфорту непасрэдна ў будынку РКЦ: арганізаваны 3 працоўныя месцы, каб да мінімуму скараціць чэргі наведвальнікаў, хутка і якасна іх абслугоўваць. Вопытныя супрацоўнікі прафесійна растлумачаць, як і па якім тарыфе неабходна аплаціць спажытую электраэнергію, хто мае права на прадугледжаныя заканадаўствам ільготы, дапамогуць аформіць заяўкі на падключэнне і адключэнне бытавых электраўстановак, адкрыць асабісты рахунак для разлікаў. Тут абслугоўваюцца не толькі фізічныя асобы, але і юрыдычныя, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі. Графік работы разлікова-кансультацыйнага цэнтра зручны для большасці кліентаў: з 8 да 20 гадзін па працоўных днях, з 9 да 17 гадзін — у суботу.

Валерый Маслюк уручыў падарунак першаму наведвальніку Алене Бурвель.

На ўрачыстае адкрыццё цэнтра сабраліся госці, работнікі раёна электрасетак, гараджане. Намеснік генеральнага дырэктара «Брэстэнерга» Аляксандр Селівончык адзначыў, што Ляхавіцкі РКЦ — шосты такога кшталту на Брэстчыне, тут створаны камфортныя ўмовы для кліентаў і для супрацоўнікаў. Дырэктар Баранавіцкіх электрасетак Дзмітрый Гаўрыленя падзякаваў будаўнікам за якасна зроблены аб’ект, выказаў упэўненасць, што ў разлікова-кансультацыйным цэнтры адносіны да наведвальнікаў будуць прафесійнымі і тактоўнымі, а кансультацыі граматнымі і неабходнымі. Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч адзначыла эстэтычны выгляд памяшкання як звонку, так і ўнутры, яго шматфункцыянальнасць. І вось урачысты момант: Аляксандр Селівончык, Дзмітрый Гаўрыленя і Святлана Юрлевіч перарэзалі сімвалічную стужку. Намеснік начальніка Ляхавіцкага РЭСа Валерый Маслюк правёў экскурсію па разлікова-кансультацыйным цэнтры і ўручыў падарунак — падпіску на раённую газету «Ляхавіцкі веснік» — першаму наведвальніку.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У памяшканні разлікова-кансультацыйнага цэнтра

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *