Ляхавіцкае слова сказана і ў навуцы
Калі зрабіць невялікую вандроўку ў гісторыю нашага краю і прыгадаць людзей, памяць пра якіх захавалася дзякуючы іх празе да ведаў, адразу ж успомніцца Фёдар Еўлашоўскі. Ён, ураджэнец Ляхавіч, самаадукацыяй набыў значныя веды ў матэматыцы, справаводстве і юрыспрудэнцыі, дзякуючы гэтаму стаў грамадскім дзеячам Вялікага княства Літоўскага, пакінуў пасля сябе адзін з першых узораў старабеларускай мемуарнай літаратуры — «Дзённік».
На нашых землях Фларыян Бохвіц купіў маёнтак Вошкаўцы, каб у цішы напісаць свае філасофскія працы. Перакладчыкам і публіцыстам быў Напалеон Чарноцкі, нашчадак роду Чарноцкіх з маёнтка Нач-Брындзоўская. У Начы нарадзіўся і Марыян Фальскі — беларускі выдавец і перакладчык, польскі педагог.
Мы з вамі з’яўляемся сучаснікамі землякоў, лёс якіх таксама паяднаны з ведамі, з навукай. «Ляхавіцкі веснік» неаднойчы згадваў іх на сваіх старонках. Публікаваліся артыкулы пра Віталя Скалабана, інтэрв’ю газеце даў прафесар з Мінічаў Мікалай Плескацэвіч. Не забылася раёнка ў мінулым годзе пра 70-гадовы юбілей вядомага вучонага-юрыста, заснавальніка і былога рэктара Беларускага інстытута правазнаўства Сцяпана Сокала — ураджэнца вёскі Шавялі. На такіх людзей багатая ляхавіцкая зямля.
Доўгі час супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы вышуквалі і збіралі матэрыял пра навукоўцаў нашага краю. Хтосьці з іх жыве побач і веды свае рэалізуе непасрэдна на карысць раёна, што называецца «на месцы». Так, у свой час калгас імя Ламаносава браў рэкордныя вышыні пад кіраўніцтвам кандыдата сельскагаспадарчых навук Генрыха Траццяка. Колькі гадоў упэўнена кіруе і клапоціцца пра высокі ўзровень адукацыі ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы Вячаслаў Сельмановіч, таксама кандыдат сельскагаспадарчых навук. Дарэчы, сярод выпускнікоў ЛДАКа — цяперашні рэктар Маскоўскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і біятэхналогіі імя К. І. Скрабіна Фёдар Васілевіч.
На Ляхавіччыне, у вёсцы Савейкі, прайшло дзяцінства вядомага не толькі ў Беларусі, але і за межамі нашай краіны акадэміка Івана Шэйкі, вучонага ў галіне жывёлагадоўлі. Вось як ён успамінае сваю малую радзіму: «Более красивого места в своей жизни, чем деревня Совейки, я не видел, о другом таком и не мечтаю. Когда-то здесь было панское имение ну и, конечно, всё, что полагалось к нему: большой дом, огромный старый парк, несколько прудов… Всё это да ещё небо, звёзды, столь яркие в летние лунные ночи, необычно волновали мою душу. На одном пруду был маленький островок. Мы его называли «островом любви», часто забирались в это скрытое от любопытных глаз местечко. А какой был парк! Больше чем на полкилометра в нём тянулась аллея, высаженная красивыми клёнами. Поймите меня правильно: столько лет занимаюсь серьёзной наукой, всякое случалось в жизни, а вот стихи, которые я слагал, гуляя вечерами по той самой алее, помню до сих пор. И совсем не стыжусь их читать. Послушайте: Прямо на аллею // Опускались клёны // Шелестела осень // Медною листвой…// Вдоль по той аллее // Я бродил влюблённый // В осень золотую…»
Успаміны пра наш раён беражэ ў сваім сэрцы Юрый Саланенка. Гэта сёння ён — кандыдат медыцынскіх навук, вопытны і аўтарытэтны медык, а ў канцы пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя працаваў звычайным фельчарам Ураджайнінскай участковай бальніцы, пасля — тэрапеўтам у Ляха-вічах.
У 2006 годзе на месцы знойдзенай стаянкі першабытных людзей ля вёскі Свяціца працавалі археолагі з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Пару гадоў таму ў фонд бібліятэкі паступіла кніга «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Брэсцкае Палессе», дзе разам з іншымі матэрыяламі апублікаваны вынікі комплекснага фальклорна-этнаграфічнага даследавання Ляхавіцкага раёна.
Навучэнцы ЛДАКа вывучаюць анатомію і фізіялогію сельскагаспадарчых жывёл па падручніках прафесара Санкт-Пецярбургскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Мікалая Зелянеўскага. А, між іншым, ён з’яўляецца ўраджэнцам вёскі Вялікая Лотва.
Нашы землякі зрабілі свой уклад у беларускую навуку. У вёсцы Дамашы нарадзіўся філосаф, сацыёлаг, спецыяліст у галіне міжнародных адносін, дыпламат, дзяржаўны дзеяч, былы міністр замежных спраў Беларусі Іван Антановіч. Добрую памяць пра сябе пакінуў у сэрцах калег, студэнтаў, пацыентаў доктар медыцынскіх навук, спецыяліст у галіне акушэрства і гінекалогіі Віталій Ракуць з вёскі Падлессе, які пайшоў з жыцця год назад. У галіне антрапалогіі, экалогіі, папуляцыйнай генетыкі чалавека працуе Аляксей Мікуліч з Жарабковіч. Вучонымі-філолагамі сталі Галіна Гарадко (в. Навасёлкі), Мікалай Гуліцкі (в. Зарытава), Генадзій Праневіч (в. Жарабковічы), фізіка-матэматычнымі навукамі займаюцца Антон Равінскі (в. Краглі), Віктар Дайняк (в. Краглі), Міхаіл Русін (в. Вялікая Лотва).
Шмат імёнаў мы не назвалі. Многія маладыя землякі толькі пачынаюць свой шлях у навуцы. Сярод іх Ірына Чупракова — навуковы супрацоўнік Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, Ігар Крук — дэкан факультэта механізацыі БДАТУ, Міхаіл Ламанос — супрацоўнік Інстытута глебазнаўства і аграхіміі.
Інфармацыю пра кожнага з навукоўцаў-землякоў мы алічбавалі і стварылі базу даных «Людзі навукі нашага краю». На сённяшні час яна ўтрымлівае звесткі пра 40 чалавек. Аднак, канешне, шмат засталося па-за нашай увагай. Таму заклікаем чытачоў «Ляхавіцкага весніка» да супрацоўніцтва і просім па магчымасці дапоўніць наш матэрыял.
Таццяна АРЛОЎСКАЯ,
бібліёграф цэнтральнай бібліятэкі.
Калі ласка, дапоўніце спіс яшчэ адным прозвішчам.
Хартановіч Лілія Георгіеўна —кандыдат філалагічных навук, дацэнт Інтстытута журналістыкі БДУ
Лілія, з вялікім задавальненнем, дзякуем!