Ці будзе ў Галаўнінцаў новае жыццё? /фота/
На гэты раз у камандзіроўку карэспандэнтаў «ЛВ» паклікаў тэлефонны званок. У рэдакцыю патэлефанавала кандыдат філалагічных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Лілія Хартановіч і запрасіла прыехаць у вёску Галаўнінцы — месца, дзе яна нарадзілася і вырасла, дзе жывуць яе бацькі, родныя, суседзі, землякі. Непакоіцца, што, калі не прыняць хуткія меры, то выратаваць мясцовую бібліятэку (фонд налічвае больш за 14 тысяч экзэмпляраў кніг, а таксама перыядычныя выданні) наўрад ці ўдасца. Памяшканне, у якім захоўваюцца друкаваныя выданні, куды, нягледзячы на камп’ютарны бум і электронныя кнігі, па-ранейшаму прыходзіць нямала чытачоў, знаходзіцца ў плачэўным стане. Як, дарэчы, і мясцовы сельскі Дом культуры, кантора ЗАТ «Белпрампрыбор», фельчарска-акушэрскі пункт — усе яны пад адным дахам.
—З бібліятэкай у тутэйшых людзей многае звязана. З якім інтарэсам заўсёды спяшаліся сюды школьнікі! Я, ужо студэнткай філалагічнага факультэта БДУ, брала тут творы Бальзака, Шэкспіра, беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. У вялікай ступені мая дысертацыя па тэме «Дзеяслоўная сінаніміка ў «Палескай хроніцы» Івана Мележа» напісана, абапіраючыся на 10-томнік пісьменніка, які ёсць у бібліятэцы. А чаго варта такое рэдкае выданне як «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча — не кожная гарадская бібліятэка можа пахваліцца яго наяўнасцю. Мой старэйшы сын, прыязджаючы на летнія канікулы да бабулі і дзядулі, як гаворыцца, не вылазіць з бібліятэкі — перачытвае ўсё, — гаворыць Лілія Рыгораўна.
Вёска Галаўнінцы (зараз тут налічваецца 132 домаўладанні, жыве 496 чалавек, з якіх 353 — працаздольнага ўзросту), здавалася б, — звычайная кропка на карце Ляхавіцкага раёна. Напэўна, многія землякі памятаюць 80-90-я гады мінулага стагоддзя, калі Галаўнінцы грымелі на ўсё наваколле, а слава пра гарадское жыццё ў сельскай мясцовасці (сапраўдны аграгарадок, па-сённяшняму) разносілася далёка за межы Ляхавіччыны.
Росквіт Галаўнінцаў прыйшоўся на той час, калі старшынёй мясцовага калгаса «Новае жыццё» быў Віктар Ждановіч (кіраваў гаспадаркай з 1976 па 1998 год). Тады трапіць сюды на работу — ці то ў пачатковую школу ці дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт ці Дом культуры, магазін ці гаспадарку — было прэстыжна, перспектыўна і ганарова. У калгасе з пашанай ставіліся да працаўнікоў, клапаціліся не толькі пра пашырэнне вытворчасці, надоі і прывагі, умовы працы, заработную плату, але і пра быт вяскоўцаў, іх здароўе і вольны час. А ў якім захапленні былі і вяскоўцы, і госці ад алеі руж, што ўпрыгожвала цэнтральную вуліцу Галаўнінцаў — Інтэрнацыянальную.
— Асабліва прыгожа гэта выглядала вечарам, калі ружы бачыліся ў святле начных ліхтароў. Між іншым, Віктар Ждановіч тады прывёз саджанцы руж не толькі для ўпрыгожвання вуліцы, але і для кожнага прысядзібнага ўчастка: усе жыхары вёскі маглі пахваліцца, што ў іх на клумбе каля дома расце ружовы куст, — дадае Лілія Хартановіч.
Нельга не ўзгадаць яшчэ адну тагачасную адметнасць Галаўнінцаў. І сёння, у ХХІ стагоддзі, гучыць нерастыражавана: у звычайнай вёсцы быў свой… іпадром. Сюды на конна-спартыўныя спаборніцтвы розных узроўняў, у тым ліку і рэспубліканскага, з’язджаліся вядомыя спартсмены (і замежныя таксама).
— Якія скачкі тут праходзілі! А коні былі элітныя, пародзістыя, прыгожыя. Віктар Іванавіч быў апантаны гэтай справай, сам ездзіў выбіраць коней, — успамінае Лілія Хартановіч і дадае: — Увогуле, спорт быў у цэнтры ўвагі. Амаль кожныя выхадныя праходзілі спаборніцтвы па футболе, а мясцовая футбольная дружына неаднойчы станавілася пераможцай раённага чэмпіянату на кубак раённай газеты «Будаўнік камунізму».
Тут быў пабудаваны адзін з першых у раёне фізкультурна-аздараўленчых комплексаў, які раней ніколі не пуставаў. Цяпер пра яго нагадваюць толькі сцены з дзіркамі замест вокнаў (яшчэ адзін прыклад безгаспадарчасці і абыякавасці).
Не паспелі калісьці выкапаць штучнае азярцо каля ўезду ў вёску, як дзеці хуценька далі яму назву Кропелька — так называюць і цяпер. Летам тут ловяць рыбу, адпачываюць каля воднай прахалоды, а зімой з горкі катаюцца на лыжах і санках. Вяскоўцы ўспамінаюць, як на суботніку талакой саджалі парк. Хацелі, каб мясцовыя падлеткі і моладзь маглі паспрабаваць свае сілы і ў картынгу: была адведзена пляцоўка і зроблены навес. Ды і папулярны сярод дзяцей аздараўленчы лагер «Чайка» ўзведзены пераважна за сродкі «Новага жыцця». Дарэчы, першым дырэктарам летніка быў Рыгор Хартановіч — бацька Ліліі Рыгораўны.
Вытворчасць і працоўныя дасягненні — размова асаблівая. У «Новым жыцці» — адзіным у раёне — быў свой мясакансервавы завод (тут выпускалі надзвычай смачную і папулярную ў спажыўцоў тушонку). І сыравіна была свая.
Планавалася пабудаваць лазнева-пральны комплекс (як напамін пра гэта — катлаван, што захаваўся дагэтуль). Для працаўнікоў пачалі ўзводзіцца новыя шматкватэрнікі. Тыя недабудаваныя «каробкі», дарэчы, стаяць і сёння…
У 1986 годзе новенькі, толькі ўведзены ў эксплуатацыю Дом культуры ўдала ўпісаўся ў цэнтральны пейзаж вёскі і быў сапраўдным палацам. Сюды заўсёды з задавальненнем спяшаліся вяскоўцы: малыя, маладыя, сталыя. Колькі сустрэч, агеньчыкаў, канцэртаў тут ладзілася! Якіх толькі экспанатаў ні было ў этнаграфічным музеі — ледзьве ўмяшчала немалая зала. Не шкадавалі мясцовыя жыхары, прыносілі сюды старадаўнія рэчы з сялянскага ўжытку, вышыванкі, саматканае адзенне, старыя фотаздымкі — не сумняваліся, што ўсё будзе захавана і беражліва перададзена наступным пакаленням. А мясцовы хор як выступаў! Ён быў жаданым госцем на многіх канцэртных пляцоўках.
Сёння разам з іншымі вытворчымі, спартыўнымі, сацыяльнымі аб’ектамі прыходзіць у заняпад і СДК, які знаходзіцца на балансе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Не, мерапрыемстваў менш не праводзіцца, працуюць і гурткі «Чароўны клубок», «Умелыя ручкі», сольных спеваў, філіял Тухавіцкай музычнай школы — рабяты вучацца іграць на баяне. Дырэктар СДК Людміла Лешык стараецца, гавораць вяскоўцы. Але адных толькі старанняў і энтузіязму малавата. Згадзіцеся, мала радасці ісці адпачываць у культурнае месца, дзе падлога вось-вось праваліцца, сцены абсыплюцца, замест аконнага шкла — поліэтылен, дах цячэ, 28 гадоў без капітальнага рамонту…
— Нічога не хачу сказаць: кіраўніцтва «Белпрампрыбора» дапамагае фінансава ў правядзенні святаў, ушаноўваюцца і лепшыя працаўнікі, і ветэраны, — гаворыць Людміла Лешык.
Такога кшталту дапамога, безумоўна, патрэбна. Але патрабуюцца і больш значныя фінансавыя ўкладанні. Тым больш, што гэта дзеля тых жа працаўнікоў «Белпрампрыбора», ветэранаў вытворчасці, сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія, магчыма, стаўшы дарослымі, захацелі б застацца ў роднай вёсцы жыць і працаваць. Але каб умовы тут былі належныя. Няма намеру кагосьці ставіць у прыклад ці выдзяляць. Але ж недалёка ад Галаўнінцаў — цяпер ужо аграгарадок Востраў і ЗТАА «БелДан». Колькі ўсяго прадпрыемства зрабіла для вастраўчан: новыя дамы, дапамога ў падвядзенні прыроднага газу, рамонт спартыўнай залы ў сярэдняй школе, набыццё новай апаратуры для СДК і шмат чаго іншага. Наўрад ці ў «Белпрампрыборы» менш паважаюць сваіх працаўнікоў і землякоў, чым у «БелДане». Але адной павагі мала, трэба і клопат, прычым рэальны на справе праяўляць.
І яшчэ пра тое, што кідаецца ў вочы. Большасць гаспадароў з Галаўнінцаў стараецца, каб вакол прысядзібных участкаў, у дварах было чыста і ўтульна, шмат кветак. А вось у цэнтры вуліцы Інтэрнацыянальнай, дзе калісьці цвілі ружы і біў фантан, уладарыць пустазелле. Тут пытанне да Крывошынскага сельвыканкама. А яшчэ неяк зусім не па-гаспадарску выглядаюць выбоіны на пешаходных дарожках усё ў тым жа цэнтры вёскі на вуліцы Інтэрнацыянальнай.
— Баліць душа, калі бачыш такое. Цвёрда ведаю, што мае землякі заслугоўваюць жыць і працаваць у больш спрыяльных і зручных умовах. Яны гатовы працаваць на добраўпарадкаванні, але ім трэба дапамагчы, падтрымаць, арганізаваць, — усхвалявана разважае Лілія Хартановіч.
«Новае жыццё» даўно стала ЗАТ «Белпрампрыбор», але так хочацца, каб жыццё ў Галаўнінцах было ўсё ж новым.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.