2 колы – гэта сур’ёзна
Улетку надзвычай папулярным становіцца такі сродак перамяшчэння як веласіпед. Іх колькасць шматразова ўзрастае і на вуліцах населеных пунктаў, і на аўтамабільных дарогах. Разам з тым, павялічваецца і рызыка ДТЗ з іх удзелам. За 4 месяцы на дарогах Брэстчыны адбылося 24 аварыі з удзелам веласіпедыстаў, 9 чалавек загінулі і 17 атрымалі траўмы. У нашым раёне падобных аварый у 2010 годзе не зарэгістравана і, хочацца спадзявацца, што такое становішча захаваецца і надалей. А гэта ў многім залежыць ад саміх веласіпедыстаў.
АДАІ звяртаецца да ўсіх удзельнікаў дарожнага руху: не забывайцеся пра захаванне ПДР! Вадзіцелям двухколых транспартных сродкаў, што адносяцца да адных з найбольш неабароненых удзельнікаў руху, яшчэ раз нагадваем элементарныя правілы паводзін на дарозе. Рухайцеся па веласіпедных дарожках (пры іх адсутнасці – па абочыне, тратуары ці пешаходнай дарожцы, не ўшчамляючы пры гэтым правы пешаходаў). Па праезнай частцы неабходна перамяшчацца не далей за метр ад яе правага краю. Сачыце за спраўнасцю свайго веласіпеда, у тым ліку наяўнасцю ліхтароў (спераду белага, ззаду чырвонага), а ў цёмны час сутак пазначайце сябе святлоадбівальнымі элементамі (лепш спецыяльнай камізэлькай). Памятайце, што перавозіць пасажыраў (акрамя дзяцей да 7 гадоў на спецыяльна абсталяваных сядзеннях) на веласіпедзе забаронена, як і перамяшчацца, не трымаючыся за руль ці не трымаючы ногі на педалях. Дзецям да 14 гадоў забараняецца ездзіць на веласіпедзе па праезнай частцы.
Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам зрабіць нашы дарогі больш бяспечнымі. Пакуль жа лічбы трывожаць. З пачатку года на тэрыторыі вобласці ў 179 ДТЗ загінулі 34 чалавекі, 175 траўміраваны, на тэрыторыі раёна ў 4 ДТЗ 2 чалавекі загінулі і 4 атрымалі траўмы…
Юрый МАЛЕВІЧ, начальнік АДАІ.