Бульбяныя палеткі СВК «Ляхавіцкі» гатовы да масавай уборкі
Бульбяныя палеткі СВК «Ляхавіцкі», як і заўсёды ў гэты час, становяцца «цэнтрам сусвету» і для тутэйшых бульбаводаў, і для тых гараджан, хто жадае паўдзельнічаць ва ўборцы другога хлеба. На 160 гектарах тут вырашчаны ўраджай традыцыйных для гаспадаркі ў апошнія гады сартоў «Скарлет», «Брыз», «Лілея», «Скарб» і новых — «Янка» і «Уладар».
Начальнік Русінавіцкага вытворчага ўчастка Іван Юнік удакладняе, што ў іх — палова ўсіх бульбяных палеткаў СВК. Цяпер па заказу ад спажыўцоў капаюць сорт «Скарлет» — тыдзень як пачалі. Літаральна днямі прыступаюць да масавай уборкі: тэхніка гатова, у памочніках недахопу няма. Многія ляхавічане з задавальненнем прыязджаюць у гаспадарку сезоннымі працаўнікамі: на бульбе можна добра падзарабіць, да таго ж клопат пра іх тут прыемны і істотны — узяць хаця б абеды, якімі частуюць памочнікаў.
І хлеб у СВК «Ляхавіцкі» родзіць выдатны, і бульба не адстае. Праўда, сёлетнія пакуль 270 цэнтнераў з гектара больш сціплыя, чым мінулагодняя ўраджайнасць. Аднак надвор’е для клубняў было не надта спрыяльным. Таму не будзем прыдзірлівымі: бульбу расцілі выдатныя прафесіяналы. Віткоўскі почырк, адным словам.
Вольга СВЯТЛОВА.