Педагоги Ляховичского района собрались на августовский педагогический форум /фото/
У пятніцу ў гарадскім Доме культуры панавала атмасфера свята. Свята пачатку новага навучальнага года і сустрэчы з калегамі. Педагогі раёна сабраліся на традыцыйную жнівеньскую канферэнцыю. Сёлета яе тэмай было развіццё сістэмы адукацыі Ляхавіцкага раёна: ад стварэння ўмоў — да эфектыўнага выніку. Упершыню штогадовае жнівеньскае пасяджэнне прайшло ў новым фармаце — фармаце форума. Такая форма правядзення выклікана пошукам аптымальнай мадэлі абмену меркаваннямі, вопытам, ідэямі.
У фае Дома культуры ўстановы адукацыі на стэндах экспанавалі напрацоўкі па тэме «Стратэгія і тактыка развіцця ўстановы адукацыі ва ўмовах эканоміі і беражлівасці». Кожны жадаючы мог прыняць удзел у майстар-класе ад педагогаў і выхаванцаў гурткоў «Юны дызайнер» і «Прырода і фантазія» цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, палюбавацца цудоўнымі кветкавымі кампазіцыямі, створанымі педагогамі раёна. А супрацоўнікі цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі прэзентавалі інфармацыйны даведнік з распрацаванымі турысцка-экскурсійнымі маршрутамі па раёне, прапаноўвалі праверыць свае веды ў віктарыне «Знакамітыя людзі Ляхавіччыны».
Адкрыла мерапрыемства яркае выступленне-віншаванне навучэнцаў СШ №1.
Да педагогаў звярнуўся начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Леанід Калбаса. Падрабязна ахарактызаваўшы стан, праблемы і дасягненні сістэмы адукацыі раёна, ён падкрэсліў, што для забеспячэння высокай якасці адукацыі кіраўніку, педагогам неабходна дакладна бачыць перспектывы ўстановы і загадзя вызначаць стратэгію развіцця.
— Школа можа паўнацэнна існаваць толькі ў рэжыме ўстойлівага функцыянавання і развіцця, любы застой непазбежна прыводзіць да дэградацыі. Таму так высока цэняцца сёння ініцыятыва і прадпрымальнасць, інавацыйная дзейнасць педагогаў.
У 2013-2014 навучальным годзе за парты селі 3028 школьнікаў (на 13 менш у параўнанні з мінулым годам). Памяншэнне колькасці навучэнцаў адбываецца за кошт сельскіх школ, а гэта значыць, што працэс аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі будзе працягвацца. Закрыта Сваятыцкая базавая школа, дзе на ўтрыманне аднаго вучня расходавалася 38,5 мільёна рублёў пры сярэднім паказчыку па раёне 16,2 мільёна. Спыніў сваю дзейнасць з-за малой колькасці дзяцей Каранеўшчынскі дзіцячы сад, Тухавіцкі міжшкольны ВВК. Але ні ў якім разе гэта не павінна адмоўна адбіцца на вучобе і здароўі дзяцей. Аптымізацыя прадугледжвае арганізацыю падвозу навучэнцаў. Для гэтага маецца 16 аўтобусаў, яшчэ 2 у жніўні набыты за кошт абласнога бюджэту ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта і рэалізацыяй праекта «Школьны аўтобус», — падкрэсліў Леанід Калбаса. Ён пажадаў калегам новых дасягненняў.
Пачатак навучальнага года даў старт прафесійнай дзейнасці 12 маладым педагогам, якія прыйшлі ў школы раёна. Сярод іх толькі 1 юнак. Ён будзе выкладаць гісторыю ў Тухавіцкай сярэдняй школе.
Падчас форума педагогі падзяліліся вопытам работы па забеспячэнні якасці адукацыі, выхаванні грамадзяніна-патрыёта, развіцці творчых здольнасцей вучняў, фарміраванні эканамічнага мыслення ў дашкольнікаў, асаблівасцямі арганізацыі прафарыентацыйнай работы ў спецадукацыі раёна.
Педагогаў раёна вітала намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Яна падкрэсліла маштаб клопату дзяржавы пра дзяцей. Так, на рамонт устаноў адукацыі раёна сёлета з абласнога і раённага бюджэтаў выдзелена 11 мільярдаў 500 мільёнаў рублёў, для камфортнага адпачынку дзяцей у аздараўленчым лагеры «Чайка» — 408 мільёнаў рублёў. Па словах Святланы Іванаўны, галоўная і глабальная задача, якая стаіць сёння перад усім настаўніцтвам раёна, — забяспечыць якасную адукацыю як адну з умоў паспяховасці навучэнцаў, даць трывалыя і глыбокія веды.
У гэты дзень больш як 55 педагогаў і работнікаў сістэмы адукацыі за шматгадовую працу, добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў, высокі ўзровень арганізацыі адукацыйнага працэсу, актыўную работу па павышэнні якасці навучання і выхавання дзяцей атрымалі ўзнагароды розных узроўняў.
Сертыфікаты пераможцаў штогадовага раённага конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі па выніках 2012-2013 навучальнага года ўручылі гімназіі і СШ №2 — 2 месца, Крывошынскай СШ, Конькаўскаму ДС-СШ — 3 месца. Сярод дзіцячых садоў лепшыя — яслі-сад №1, Начаўскі і Тухавіцкі ДС. Пераможцы ў конкурсе добраўпарадкавання тэрыторыі — дзіцячы сад №2, Начаўскі ДС, Русінавіцкая пачатковая школа, Галаўнінскі ДС. Усе ўзнагароджаныя ўстановы адукацыі акрамя сертыфікатаў пераможцаў атрымалі і сертыфікаты на атрыманне грашовых прэмій.
Незабыўныя ўражанні і добры настрой зале падарыў канцэрт, арганізаваны педагогамі тухавіцкіх і востраўскіх школ і дзіцячых садоў.
Педагагічны форум стаў чарговым этапам у абмеркаванні першачарговых задач па паляпшэнні якасці адукацыі на 2013/2014 навучальны год, у вызначэнні прыярытэтных накірункаў дзейнасці.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.