Тарыфная стаўка: з 1 верасня плюс

Павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду дасць магчымасць у пэўнай ступені павялічыць заработную плату работнікам бюджэтнай сферы (іх налічваецца амаль 850 тыс. чалавек). Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення працы і заработнай платы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Віктар Сідаровіч, каменціруючы пастанову Савета Міністраў ад 30 жніўня бягучага года №767 «Аб устанаўленні памеру тарыфнай стаўкі першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый».
Пастановай № 767 з 1 верасня бягучага года тарыфная стаўка першага разраду павышана з Br250 тыс. да Br260 тыс. Яна прынята ў мэтах павышэння ўзроўню аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы і частковай кампенсацыі расходаў, выкліканых ростам індэкса спажывецкіх цэн за мінулы перыяд часу.
Паводле слоў прадстаўніка міністэрства, павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду дасць магчымасць забяспечыць узровень заработнай платы работнікаў не ніжэйшы за ўстаноўлены памер мінімальнай заработнай платы (Br1 млн. 395 тыс.), а таксама захаваць суадносіны сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы да сярэднямесячнай заработнай платы па рэспубліцы ў цэлым на былым узроўні (у студзені-ліпені — 74,3 працэнта).
З 1 верасня ўзрастуць памеры дзяржаўных стыпендый навучэнцам і іншыя выплаты, памеры якіх залежаць ад велічыні тарыфнай стаўкі першага разраду.
Вераснёўскае павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду — трэцяе ў бягучым годзе.
БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *