Класіка жанра. Гэта пра СВК «Ляхавіцкі» і яго старшыню

Дынастыя: Аляксандр Вітко, Іван Вітко, Аляксандр Шымкевіч.

Ёсць гаспадарка — ёсць гаспадар.
Маю на ўвазе заможную, трывалую гаспадарку. І ці не будзе больш аб’ектыўным у такім кантэксце сцвярджэнне: ёсць гаспадар — ёсць гаспадарка. За хрэстаматыйнай ілюстрацыяй у тэму далёка хадзіць не трэба — СВК «Ляхавіцкі» і яго старшыня Аляксандр Вітко. Заслужаныя і таму заслужана вядомыя. Справамі сваімі, памкненнямі, дасягненнямі, планамі. Што ў аснове паспяховасці? Сплаў-спалучэнне з вызначанай мэты, працы, ведаў, вопыту, наватарства, ашчаднасці. У Вітко і яго каманды ўсё гэта маецца. У выніку: нават сёлета не на самых урад-лівых землях «Ляхавіцкага» ўраджайнасць зерневых склала 58,4 цэнтнера з гектара, валавы намалот — 6717 тон. На 160 гектарах вырашчана бульба (ёю гаспадарка славіцца здаўна), ураджайнасць — 270 цэнтнераў з гектара. На кукурузныя палеткі не налюбуешся — за 2 метры ў вышыню ўдалася каралева.

Экіпаж: Сяргей Казакевіч і Міхаіл Хлапянік.

Лагічна нагадаць штосьці з жывёлагадоўчых паказчыкаў — хаця б сярэдні надой на карову: за 8 месяцаў 4858 кілаграмаў, па выніках года чакаецца каля 7000. Усё гэта і многае іншае нешмат-слоўны Аляксандр Вітко ўмяшчае ў лаканічнае: » Жывём. Працуем. Усё як заўсёды».
Як заўсёды бездакорна арганізавана прайшло жніво. Першыя тысячнікі па намалотах — з «Ляхавіцкага»: экіпаж у складзе Сяргея Казакевіча і Міхаіла Хлапяніка. Сямейнымі экіпажамі гэты сельгаскааператыў багаты таксама: Граблюкі, Асланяны, Алейнікавы на слыху падчас жніва — стараюцца ад душы. Парадаваў сваёй дбайнасцю, прафесіяналізмам і энергіяй малады вадзіцель Яўгеній Кірыла. Сярод калег у раёне прозвішчы аператараў сушыльнага комплексу Анатолія Герасімовіча і Леаніда Юніка добра вядомыя: на тысячы тон даведзенага да кандыцыі зерня з ”Ляхавіцкага” гарантыю якасці забяспечылі і далі менавіта яны.
Не хочацца, каб склалася думка, што тут дарам нябёс можна лічыць шматлікія ”плюсы”. Усе яны напрацаваны і зароблены людзьмі і з’яўляюцца вынікам іх намаганняў. Узяць такі факт: выключна гатункам экстра ідзе малако з новай русінавіцкай фермы. Сучасны падыход, сучаснае забеспячэнне, сучаснае выкананне — мадэрнізацыя дала свой плён. Тут не вагаліся наконт мэтазгоднасці пераўтварэнняў: ”рэвалюцыя” ў малочнай галіне даўно наспела. І вось вынік: не толькі гучны — экстра ж! — але і грашова важкі на карысць гаспадаркі.

Вадзіцель Яўгеній Кірыла.

Колькі тутэйшых працаўнікоў з года ў год пацвярджаюць права звацца перадавікамі? Ды абсалютная большасць. І не дзеля званняў яны намагаюцца. Сялянскае сумленне і разважлівасць робяць сваю справу і прывычныя да работы рукі. Нічога звышнатуральнага, але нездарма гавораць, што ўсё геніяльнае проста.
У «Ляхавіцкім» звычайны расклад і звычайныя патрабаванні. Вызначае іх хіба толькі тая ўласцівасць, што яны не на паперы, а ў жыцці. Старшыня здолеў аб’яднаць калектыў агульнымі мэтамі (ад іх выканання, усе ведаюць, залежыць заможнасць не толькі СВК, але і кожнага з яго членаў). Калектыў жа паверыў старшыні і ў старшыню аднойчы і назаўсёды — і не памыліўся. Мудрасць, прадбачлівасць, чалавечнасць Вітко — з уплывовых складальнікаў паспяховасці «Ляхавіцкага». Адным словам, вяртаемся да пачатку: у добрага калектыву — добры кіраўнік.
І яшчэ адна акалічнасць, якая выклікае надзвычайную пашану: любоў да зямлі тут не віртуальная, а самая што ні на ёсць сапраўдная. І не толькі шчодрасцю ніў, пашаў, сенажацяў даказваецца гэта. Любоў зямная ў спадчыну перадаецца. І старшынёўскі прыклад тут найпершы. Сын Іван Вітко поплеч з бацькам: выдатны аграном, галоўны аграном, які лепшым прызнаваўся і ў рэспубліцы, і ў вобласці. Поплеч са сваім знакамітым дзедам і дзядзькам стаў і Аляксандр Шымкевіч: вывучыўся на агранома і прыйшоў працаваць у СВК «Ляхавіцкі». Ці могуць быць больш важкія ”агіткі” на карысць хлебаробскай справы?! У сапраўднага гаспадара на гэты конт адказ — справай.
Ну і ў каго сёння ўзнікне пытанне, ці выпадкова падчас абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі ”Дажынкі-2013” зноў будзе гучаць: СВК ”Ляхавіцкі” і яго старшыня Аляксандр Вітко, галоўны аграном гаспадаркі Іван Вітко, малады вадзіцель Яўгеній Кірыла? На гэты раз — гэтыя імёны і знаёмы адрас. У наступны — пажывём-пабачым-пачуем. Няма сумнення, абавязкова.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аператары ЗСК Анатолій Герасімовіч і Леанід Юнік.

Перадавікоў у СВК «Ляхавіцкі» вітаюць падарункамі і песнямі.

Пасля жніва.(СВК «Ляхавіцкі»).

Памочнік брыгадзіра Святлана Радомская (СВК «Ляхавіцкі»).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *