Экіпаж камбайнераў Андрэя Юруця і Дзімітрыя Равякі з ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» па праву стаў ўладальнікам ганаровага другога месца ў абласным спаборніцтве

Экіпаж: Андрэй Юруць і Дзмітрый Равяка.

Яшчэ адно жніво пройдзена. Як заўсёды, складанае і радаснае адначасова. Хлеб убраны, прафесійнага і жыццёвага вопыту дабавілася. Захацелася ў думках азірнуцца.
2009 год для механізатара ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» Андрэя Юруця быў асаблівы, а, магчыма, і вызначальны. Юнак не першы год працаваў у райаграсэрвісе механізатарам, але менавіта тады паспытаў сябе ў новай якасці — старшага камбайнера.
Дэбют стаў надзвычай паспяховым. З першых крокаў на жніве маладзёжны экіпаж упэўнена заняў лідзіруючыя пазіцыі. Спачатку першымі ў раёне на-малацілі тысячу тон зерня, а потым сталі і «двухтысячнікамі». Калі на поле вытворчага ўчастка «Адахаўшчына» завітала кіраўніцтва раёна, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК, каб павіншаваць маладых аграрыяў з працоўнай перамогай, Андрэй назваў, па яго меркаванні, галоўную прычыну поспеху: «Цудоўная збажына! Возьмеш такі колас у рукі, душа спявае».
У верасні 2009 года сталіца рэспубліканскіх «Дажынак» Кобрын вітаў лепшых працаўнікоў вёскі. Сярод іх была і прадстаўнічая дэлегацыя Ляхавіцкага раёна. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падзякаваў вяскоўцам за руплівасць, асабіста павіншаваў лепшых з лепшых і ўручыў пераможцам, сярод якіх быў і Андрэй Юруць (у намінацыі сярод маладзёжных экіпажаў) заслужаныя ўзнагароды. На КЗС-1218 Андрэй за той сезон намалаціў 2150 тон збожжа, і вынік аказаўся адным з лепшых у краіне.
Дадому ў Адахаўшчыну Андрэй вяртаўся на новенькім аўтамабілі «Волга», ключы ад якога атрымаў з рук Прэзідэнта краіны. Сёння Андрэй успамінае тыя імгненні з асаблівым хваляваннем.
У хлебаўборачным сезоне наступных трох гадоў Андрэй Юруць разам з камбайнерамі Яўгеніем Сладзінскім, Міхаілам Дзядовічам і Юрыем Сяргеем зноў першымі ў раёне станавіліся «тысячнікамі». На абласных ”Дажынках” у 2010 і 2011 гадах Андрэя Юруця віталі як аднаго з пераможцаў спаборніцтва сярод маладзёжных экіпажаў Брэстчыны.
Летась Андрэй Юруць і Юрый Сяргей дасягнулі поспеху на жніве ўжо сярод «дарослых» экіпажаў: занялі другое месца ў абласным спаборніцтве. Справай гонару было і сёлета не падкачаць. Справіўся!
Пяты ў сваёй хлебаробскай біяграфіі сезон Андрэй Юруць правёў на жніўным полі разам з камбайнерам Дзмітрыем Равякам. Разам усё на тым жа КЗС-1218 яны намалацілі на ўмоўны камбайн 1345,3 тоны зерня. Для Дзмітрыя ўборачная — справа новая. Выпускнік прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці ўпершыню за штурвалам камбайна ў статусе камбайнера. З абавязкамі справіўся добра. У многім дзякуючы падтрымцы, парадам свайго старэйшага таварыша — вопытнага старшага камбайнера Андрэя Юруця. І хоць работа на летнім полі пачынаецца з самага світання, хлопцы на нагах яшчэ раней: агляд, чыстка, змазка, запраўка тэхнікі палівам. Яны ўсё паспявалі, бо ўборка хлеба справа не асабістая, а агульная. Па праву экіпаж стаў ўладальнікам ганаровага другога месца ў абласным спаборніцтве.
На гэты раз Андрэй плануе прыехаць на хлебаробскае свята ў Ляхавічы разам са сваёй сям’ёю — жонкай Алесяй і дачушкай Міланай.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *