Музыка іх звязала
Чаму музыка? Таму, у прыватнасці, што іменна з яе — рэчаіснасці ў гукавых вобразах — усё і пачыналася ў няблізкім ужо 1960-ым, прыкладна, гэтай жа парой.
А сваіх першых выхаванцаў — патэнцыяльных выканаўцаў-інструменталістаў тады музычная школа прыняла ў верасні, з пачаткам навучальнага года. Акрамя музычнага, дастаткова даўно ўжо ў Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў творча працуюць харэаграфічнае і мастацкае аддзяленні. Што, у пэўным сэнсе, таксама музыка — рытмічнасці і пластыкі рухаў, застыўшай у палотнішчы суразмернай гармоніі фарбаў, адпаведна. Такім чынам, сувязь тут ці не абсалютная.
У мінулую суботу храм мастацтваў далёка не раённага, калі меркаваць па геаграфіі вядомасці яго выхаванцаў, маштабу запрасіў на свята. Былых і цяперашніх вучняў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў, сяброў, проста прыхільнікаў прыгожага мастацтва. У актавай зале дзяржаўнага аграрнага каледжа, дзе праходзіў бенефіс школы, было цесна.
Першае, што сустракала тут кожнага, – спецыяльна наладжаная выстава работ выхаванцаў мастацкага аддзялення. Жывапісныя, у розных жанрах творы юных мастакоў прыцягвалі, выклікаючы, часам, дэбаты сярод гледачоў. Абмеркаваць, несумненна, было што. Як, у прыватнасці, адзначыў, адкрываючы мерапрыемства намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, а раней дырэктар ДШМ Уладзімір Крук, іменна выхаванцы мастацкага аддзялення зрабілі школу асабліва шырока вядомай. Сярод іх – пераможцы і прызёры розных, у тым ліку і міжнародных конкурсаў, стыпендыяты спецыяльнага Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аднак гэта, на яго думку, зусім не сведчыць, што іншыя аддзяленні школы працуюць з меншым плёнам. Уладзімір Крук прапанаваў стварыць пры школе музейны пакой.
Дарэчы, “першы камень” у заснаванне музея быў пакладзены тут жа, непасрэдна падчас святкавання. Адзін з даўніх выпускнікоў школы Юрый Несцярчук, як і ўсе іншыя запрошаныя госці, прыехаў на юбілей з падарункам – асаблівым і арыгінальным: ім стаў гармонік. Па-майстэрску паказаў яго гучанне, патлумачыў: “Гэта, так бы мовіць, дзядуля баяна. Можна і ў музей…”.
Зрэшты, свая арыгінальнасць, элементы незвычайнасці прысутнічалі бадай у кожным выступленні са сцэны, кожным віншаванні. Галіна Міхальчук-Арлоўская, якая пакінула сцены музшколы больш за 4 з паловай дзесяткі гадоў таму, прызналася, што для яе гэта свята — у першую чаргу, сустрэча сяброў: “Тады, напачатку 60-х, зусім юных, зараз – проста маладых. Музыка не дазваляе старэць!”. Як, дабавім ад сябе, нікуды не знікае і майстэрства валодання інструментам, што Галіна з поспехам прадэманстравала зале.
Усё сказанае адносна майстэрства цалкам тычыцца і Ірыны Войцік. Колішняй і адной з самых-самых выпускніц школы, якая мала таго, што будучы педагогам сама падрыхтавала дзесяткі музыкантаў, – паказала сябе і ў кампазіцыі, і ў прыгожым пісьменстве. Створаны ёю гімн прафсаюзаў Беларусі – яскравая таму ілюстрацыя.
Канечне, не ўсе выхаванцы Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў дасягнулі прафесійных вышынь у харэаграфіі, галіне выяўленчага ці музычнага мастацтва. Аднак факт: дзе б і на якой пасадзе яны ні знаходзіліся, “песня” застаецца з чалавекам. Пра тое, у прыватнасці, узгадаў са сцэны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь выпускнік школы 1967 года Уладзімір Майсюк: “З баянам не развітваюся да гэтага часу…”
З віншаваннямі да юбіляркі наведаўся і намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Сачкоўскі.
Было многа іншых цёплых віншаванняў, сардэчна-дарагіх і каштоўных падарункаў, прыгожых сола і калектыўных выступленняў. Была хвіліна маўчання – ва ўшанаванне памяці былых работнікаў школы, каго ўжо няма на гэтым свеце.
Гучала музыка.
Іван КАВАЛЕНКА.