Донарам быць пачэсна

Памятаю, як у студэнцкія гады, каб атрымаць некалькі вольных ад вучобы дзён, з сяброўкай пайшлі на станцыю пералівання крыві, дзе і  паспыталі сябе ў якасці донара. Для сяброўкі першы раз стаў і апошнім, яна страціла прытомнасць, і медыкі паўтараць такую працэдуру ёй катэгарычна забаранілі. У мяне ж быў і другі раз. Тады, у маладую пару мар і летуценняў, мы асабліва не філасофствавалі і не думалі, наколькі донарства важнае і неабходнае. І толькі праз пэўны час, калі знаёмая расказвала, як, дзякуючы супрацоўнікам пажарнай службы Ляхавіцкага раёна (выратавальнікі здалі сваю кроў), яна засталася жыць пасля вялікай страты крыві, прыйшло ўсведамленне: магчыма, і мая кроў камусьці дапамагла выратаваць жыццё. Слова “донар” паходзіць ад лацінскага “donare” – дарыць. І робіць ён людзям самы каштоўны з усіх магчымых падарункаў – жыццё. Чалавек, які здаў кроў нават адзін раз, мае права па-ставіць у сваім жыццёвым спісе вялікі плюс. Донарская кроў і плазма крыві жыццёва неабходныя ў аддзяленнях рэанімацыі, хірургіі, анкалагічных клініках, ра-дзільных дамах. З крыві і яе кампанентаў вырабляюць больш за паўсотні разнастайных прэпаратаў. Да ХХІ стагоддзя прыдуманы заменнікі шмат чаго, а вось кроў і яе кампаненты сінтэзаваць пакуль не атрымалася.

Як расказала медыцынская сястра кабінета трансфізіялагічнай дапамогі райбальніцы Валянціна Навіцкая, на сённяшні дзень на Ляхавіччыне  каля 60 донараў. Гэтыя людзі пастаянна 2-3 разы на год здаюць  сваю кроў. Праўда,  яны цяпер ездзяць на станцыю пералівання крыві ў Баранавічы. А з 1997 па 2004 гады кроў можна было здаць непасрэдна ў Ляхавічах. Раней папярэдне браўся аналіз крыві на гепатыт, СНІД, венерычныя захворванні, абавязкова правяралася, ці не адносіцца патэнцыяльны донар да спісу асоб, якія пажыццёва адхілены ад донарства. Цяпер патрабаванні да якасці крыві сталі больш жорсткімі (як вядома, менавіта з крывёй могуць перадавацца многія хваробы, бяруцца іншыя віды аналізаў. Аднак, як толькі з Баранавіч тэлефануюць у Ляхавічы пра тое, што неабходна кроў пэўнай групы, Валянціна Фёдараўна адразу звяртаецца да патрэбнага донара і адмовы ніколі не чуе.

За 450 мілілітраў крыві донару належыць грашовая кампенсацыя, якая цяпер складае 2 базавыя велічыні (70 тысяч рублёў). Але матэрыяльны бок пытання – далёка не галоўны стымул для донараў са стажам. У аснове ляжыць менавіта грамадзянская пазіцыя, перакананасць у тым, што такі яго крок неабходны людзям.

Згодна правіл, за некалькі дзён да здачы крыві трэба  абмежавацца з курэннем, ужываннем спіртнога, прытрымлівацца спецыяльнай дыеты – нельга есці тлустае і малочнае. Таму, хто здаў 40 доз крыві ці 60 доз плазмы, прысвойваецца званне “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”.  Яго ўдастоены больш за 60 нашых землякоў. Не падлічыць, колькі разоў здавалі кроў Марыя Пятроўская, Лілія Сакалоўская, Сяргей Навіцкі, Андрэй Торахаў. Цяпер цяжка даведацца, па чыіх венах і артэрыях яна цячэ.

Што датычыцца донарскіх ільгот, то іх засталося няшмат. Самая значная з’яўляецца ў ганаровых донараў па дасягненні імі пенсіённага ўзросту: прыбаўка да пенсіі ў памеры 40 працэнтаў ад мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце. Акрамя таго, ганаровыя донары маюць права на першачарговае набыццё білетаў на любы від транспарту, працоўны водпуск у любы для іх час, пазачарговае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Аднак, большасць донараў гэтымі льготамі не карыстаецца – да пенсіі многім яшчэ далёка. Але яны здаюць кроў, бо ўпэўнены –  яна выратоўвае жыццё людзям. Дарэчы, медыкі сцвярджаюць, што гэта карысна і для здароўя донара, бо стымулюецца імунітэт. Людзі, якія рэгулярна здаюць кроў, выглядаюць маладзей сваіх гадоў, радзей хварэюць прастуднымі захворваннямі. Нават лічыцца, што ў іх значна ніжэй верагоднасць развіцця анкалогіі. Аднак, і ў гэтай пачэснай справе ёсць свая рызыка, якая залежыць ад асаблівасцяў арганізма.

Бясспрэчна,  донарам быць пачэсна. Менавіта дзякуючы такім людзям іншыя атрымліваюць шанц жыць. А што можа быць большым шчасцем, чым жыццё?

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *