У мінулую суботу Ляхавічы жылі па законах фестывалю-кірмашу

А яшчэ ў мінулую суботу наш памаладзёўшы горад (ніколі яму не дасі 521 год), жыў па ўсіх законах фестывалю-кірмашу. Пасля дажджлівай і пахмурнай пятніцы, нарэшце, праяснілася, і амплітуда настрою адразу прапарцыянальна сонечным промням пайшла ўверх.
Гасцей у Ляхавічах чакалі даўно і рыхтаваліся да іх прыёму адказна і з любоўю. Сваю ролю адыграў і дух спаборніцтва з папярэднімі сталіцамі абласных «Дажынак»: імкнуліся выглядаць не менш эфектна, непаўторна. Таму паклапаціліся пра кожнага госця, адарылі з усёй славянскай шчодрасцю раздоллем фестывальна-кірмашовых фарбаў, песень, цудаў.
Ну чым не цуд — гандлёвая пляцоўка, якая раскінулася на вуліцы Леніна ад аўтобуснай станцыі да цэнтральнай аптэкі, захапіла частку вуліц Цітовіча, Савецкай, Чкалава, Раганава, завулка Разіна — гэта больш 100 па-вільёнаў і палатак агульнай працягласцю звыш кіламетра. Плюс яшчэ выязныя сезонныя кафэ на 2500 пасадачных месцаў. Ад разнастайнасці і багатага асартыменту харчовых і прамысловых тавараў вочы разбягаліся. Выязны гандаль удаўся. Лепшае пацвярджэнне чаму — чэргі каля прылаўкаў. З размахам прэзентавалі сваю фірменную прадукцыю знакамітыя брэнды ААТ «Савушкін прадукт», «Брэсцкі мясакамбінат», «Брэсцкае марожанае», «Брэсцкае піва», СП «Санта Імпэкс Брэст» і іншыя. Каля павільёнаў ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» і «Баранавіцкая птушкафабрыка» было не менш шматлюдна.
Сярод раённых спажывецкіх таварыстваў на «Дажынках» у Ляхавічах роўных не было Лунінецкаму. Узялі і афармленнем (у народным стылі сялянскага падворка), і асартыментам, і ветлівым абслугоўваннем. Не дзіўна, што менавіта каля іх шыкоўных кампазіцый хацелі зрабіць фотаздымак на памяць многія.
У афармленні павільёнаў і вітрын любы калектыў гандлю мог спаборнічаць з прафесійнымі дызайнерамі. Некаторыя госці свята нават прызначалі спатканне, як у адным старым добрым фільме — каля павільёна, дзе ў загарадзі мірна адпачывалі баранчыкі.
Увогуле, у кожнага райпо была свая адметнасць. Напрыклад, немагчыма ўявіць Ганцавічы без журавін. Іх, як і галубіку, і салёныя па спецыяльным рэцэпце агуркі, куплялі з задавальненнем. Але не толькі гэтым парадавалі ганцаўчане. Пах гаючых лекавых раслін тонкім водарам прыцягваў у палатку, дзе гаспадарыла Валянціна Чыркун. 7 гадоў вясковая жанчына займаецца травамі, гатуе лекавыя зборы. Арганізавала аматарскае аб’яднанне «Надзея выздараўлення» пры Крышанавіцкім ДСКП.
— Травяныя чаі ў Ляхавічах вельмі прыйшліся даспадобы. Вялікі чайнік раз 100 давялося кіпяціць, — гаворыць Валянціна Іванаўна.
На фестывалі-кірмашы знаходзілі свайго пакупніка і прамысловыя тавары. Парадавала якаснымі мужчынскімі сарочкамі і світарамі Дзяржынская швейная фабрыка «Эліз», Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне — сучаснымі камплектамі пасцельнай бялізны, «Пінск «Палессе» — трыкатажнымі вырабамі, «Белкельме» — мужчынскім абуткам, Кобрын — ручнікамі, коўдрамі і інш. Пральныя машыны, халадзільнікі, электрачайнікі — бытавая тэхніка ад «Атланта». Былі жадаючыя набыць насенне ці саджанцы ў павільёне «Брэстсортнасенагародніны». Друкаваная прадукцыя, сувеніры з эмблемай «Дажынак», спадарожныя тавары — гэта ад «Брэстаблсаюздруку» і «Белпошты».
А колькі індывідуальных прадпрымальнікаў з усёй вобласці гандлявалі ў сталіцы «Дажынак»! Удзельнік усіх без выключэння хлебаробскіх святаў Брэстчыны пчаляр Мікалай Казак з вёскі Вялікая Гаць Івацэвіцкага раёна не прапусціў і Ляхавічы (застаўся вельмі задаволеным ад убачанага ў райцэнтры).
— На пчальніку 50 вулляў. Прадаём на такіх кірмашах не менш за 100 кілаграмаў мёду, — расказвае Мікалай Казак і дадае, што заўсёды папулярным аказваецца цёмны мёд.
А фермерская гаспадарка «Пушчанская таямніца» ў Камянецкім раёне на 70 гектарах вырошчвае травы, з якіх потым па спецыяльных тэхналогіях робяцца лекавыя зборы, травяныя чаі, спецыі. Прадукцыя ішла на ўра.
Верыце ва ўдачу? Тады вам абавязкова трэба было паспытаць шчасця ў бяспройгрышнай латарэі. Выйгрышы не расчаравалі нікога.
У скверы каля гарадскога фантана раскінуўся горад незвычайны — «Берасцейская майстэрня». Наўрад ці каго пакінулі абыякавымі экспазіцыі дамоў рамёстваў, лепшых майстроў вобласці. Даспадобы прыйшліся льняныя, вязаныя рэчы, а таксама плеценыя з лазы карзіны, кошыкі, хлебніцы, упрыгожванні.
Унікальныя вырабы з саломы, карціны з пяску і салёнага цеста, вышыванкі, выцінанкі, саматканыя і ганчарныя вырабы, кулінарныя прысмакі традыцыйнай беларускай кухні — якія таленавітыя і майстравыя людзі жывуць на Брэстчыне! Жадаеце ўласны партрэт за дзясятак хвілін? Калі ласка, мастакі напішуць яго — трэба толькі папазіраваць. Некалькі штрыхоў — і візажысты-касметолагі прафесійна з дапамогай дэкаратыўнай касметыкі зробяць на вашым твары «галівудскі» макіяж. І гэта толькі частка са шматлікіх святочных прапаноў.
Юнацтва, талент, творчасць панавалі ў мінулую суботу на ляхавіцкай плошчы Перамогі. Галоўныя дзеючыя асобы — навучэнцы прафесійна-тэхнічных каледжаў, вучылішч, ліцэяў, выхаванцы цэнтра дадатковай адукацыі. Тут можна было пачаставацца юшкай з рыбы, злоўленай у рацэ Мышанка, і грэцкай кашай з мясам. Повары — навучэнцы Навамыш-скага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Маладыя мадэльеры-канструктары з Баранавіцкага каледжа лёгкай прамысловасці «ўзарвалі» публіку калекцыяй уласных маладзёжных мадэляў адзення. «Няўжо гэта зрабілі самі навучэнцы?» — здзіўлена пыталі наведвальнікі выставы, спыняючыся каля павільёна Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя мэблевай вытворчасці і аўтамабільнага транспарту. Уразілі іх работы — кованыя мангалы, упрыгожванні для дачы і дому, рамкі для люстэрак. Дзятва акупіравала палатку, дзе ў клетках размясціліся папугайчыкі, галубы, хамякі, мышы — выстава Брэсцкага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра. Лепшыя навучэнцы Баранавіцкага спецыяльнага каледжа сферы абслугоўвання паказвалі майстар-клас у цырульнай справе і прафесійнай тэхніцы нанясення макіяжу. Работы навучэнцаў Лунінецкага прафесійна-тэхнічнага каледжа — вязаныя рэчы, карціны з непрыдатнага матэрыялу, металічныя вырабы для кухні і агароду знайшлі сваіх пакупнікоў. А са сцэны гучалі музыка і песні.

У гарадскім скверы самыя юныя ляхавічане адразу здагадваліся, што трапілі ў незвычайны свет атракцыёнаў, і ў бліжэйшы час не збіраліся яго пакідаць.
А на плошчы Перамогі гучалі песні ў выкананні юных артыстаў Брэстчыны падчас фестывалю «Вясёлка дзяцінства». І як прыемна, што не згубіліся, а адпавядалі значнасці свята і таленавітыя зорачкі Ляхавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Каля кінатэатра «Кастрычнік» галасіста спявалі ганцавічане, а праз крокаў 50 іскрамётна «запальвалі» іх івацэвіцкія калегі. Цыганскімі матывамі і танцамі парадавалі суседзі з Баранавіцкага раёна. А прафесіяналізму спевакоў і танцораў з Брэста і Брэсцкага раёна можна толькі па-добраму пазайздросціць.
Баранавіцкі гарадскі канцэртны аркестр узначальваў святочнае шэсце герояў жніва-2013 па цэнтральнай вуліцы Ляхавіч. Пад несціханыя апладысменты прайшоў і гала-канцэрт гэтых музыкантаў з галоўнай сцэны «Дажынак». А першымі віншаваць са святам і дарыць музычныя нумары пачалі лунінечане, якія выступалі са сцэны «Лунінецкіх клубніц».
Што за «Дажынкі» без хіта! І такім хітом стала выступленне зорак інтэрнэту — дуэта Зоі і Валеры з вёскі Зарэчча Бярозаўскага раёна. Ляхавіцкія самадзейныя артысты, самыя лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці раёна былі ўдастоены гонару выступаць у канцэртнай праграме на галоўнай сцэне «Дажынак».
«Супер!» — так лаканічна і значна можна сказаць пра шоу-праграму Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа і сталічнага эстраднага гурта «Федэрацыя». Заключным музычным акордам дажыначнай суботы стала маладзёжная дыскатэка.
Як вам свята? Ці спадабаліся «Дажынкі» ў Ляхавічах? Пра гэта пацікавіліся ў некаторых гасцей і ўдзельнікаў фестывалю-кірмашу.
Дзмітрый Зяневіч, дырэктар ААТ «Аграфірма Малеч» Бярозаўскага раёна:
— У вас прыгожы, утульны горад. Спадабалася ўсё — ад арганізацыі і прыёму — да самога свята. Малайцы!
Віктар Туровіч: вадзіцель агракамбіната «Мір» Баранавіцкага раёна, пераможца ў намінацыі сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня:
— Я ўпершыню на такім грандыёзным мерапрыемстве ў якасці пераможцы. Класна! Здорава і запамінальна!
Васілій Асіпік з СВК «Любішчыцы» заняў 2-е месца сярод старшых камбайнераў:
— Ляхавіцкія «Дажынкі» надоўга застануцца ў памяці. Як прыгожа віталі нашу дэлегацыю на мяжы раёна. І потым усё прайшло добра. Асабліва хвалююча было, калі за перамогу дзякаваў губернатар Брэстчыны.
Ірына Пановіч, г. Мінск:
— Мы — мінчане, прыехалі ў госці да сваякоў у Баранавічы, яны ж запрасілі нас у Ляхавічы на «Дажынкі». Уразіла ўсё толькі з лепшага боку. Напрыклад, па гора-дзе майстроў гадзіны дзве блукалі. Купілі шмат сувеніраў. Дзіўна, паліто сабе купіла ў павільёне Івацэвіцкага райпо, а не ў сталіцы. Не на хвіліну не пашкадавалі, што пабывалі тут.
У такіх месцах, як Ляхавічы, адпачываеш душой. Тутэйшыя людзі ўмеюць не толькі плённа працаваць, але і весела, і карысна адпачываць. І гэты добры настрой перадаўся ўсім: і гасцям, і ўдзельнікам,дадае Ганна Кузьмянко з Брэста.
— Вы нават не ўяўляеце, як мы ганарымся Ляхавічамі. Які горад! Сапраўдная сталіца. Таму ўдвая рады, што не сорамна перад землякамі. І нас як лепшых з лепшых віталі на галоўнай сцэне «Дажынак», — ва ўнісон гавораць Андрэй Юруць і Дзмітрый Равяка. Іх экіпаж у абласным спаборніцтве на 2-м месцы.
Для Яўгенія Арфуціча, старшыні гаспадаркі з 30-гадовым стажам гэтыя «Дажынкі» далёка не першыя — бываў і на абласных, і на рэспубліканскіх. А ўражанні надзвычай прыемныя:
— Ляхавічане вельмі гасцінныя, добразычлівыя. Атрымаў сапраўдную асалоду ад убачанага і пачутага. Цяжка развітвацца з горадам. Мне падабаецца, вось іду купляць чарговы сувенір.
Сяргей Кудзінаў з Клецкага раёна:
— Так трымаць, горад! Рады, што пазнаёміўся з Ляхавічамі. А якія цудоўныя тут людзі! Каля прылаўка забыў партманэ, дык прадавец бегла за мной па вуліцы, каб вярнуць.
Свята па праву ўладарыла на ляхавіцкіх вуліцах да позняй ночы. У 21 гадзіну Ляхавічы салютавалі працоўнай эліце вобласці: неба над сталіцай сёлетніх «Дажынак» расквеціў святочны феерверк.
Трэба было тут быць, бачыць, датыкнуцца, удзельнічаць, адчуць і растварыцца ў атмасферы свята, шчасця, бязмежна цудоўнага настрою, добразычлівасці і радасці — каб зразумець, што «Дажынкі» — гэта вялікае дзейства, сведкамі і галоўнымі дзеючымі асобамі якога былі мы ўсе.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “У мінулую суботу Ляхавічы жылі па законах фестывалю-кірмашу

  • 18/09/2013 в 09:23
    Permalink

    Давно не был на таком фестивале. Грандиозно и великолепно. Казалось, все люди друг другу на какой-то миг стали близкими и родными .Окунулись и сполна насладились атмосферой гостеприимства и доброжелательности

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *