Узнагарода знайшла героя

У жніўні гэтага года пасол Расіі ва ўрачыстай абстаноўцы ў будынку пасольства Расійскай Федэрацыі ў Мінску ўручыў пасведчанне да ордэна Чырвонай Зоркі сыну нашага слаўнага земляка Мікалаю Кульчыку і дачцэ Галіне Асос у памяць пра подзвіг, мужнасць, гераізм іх бацькі Канстанціна Нікіфаравіча Кульчыка і ў знак удзячнасці за падоранае шчасце мірнага жыцця.
Ніхто не забыты, нішто не забыта. Подзвіг не мае тэрміну даўнасці. Героі Вялікай Айчыннай — героі назаўсёды.

У жніўні мінулага года ў Ляхавіцкі райваенкамат звярнулася жыхарка вёскі Тальмінавічы Галіна Асос з просьбай дапамагчы адшукаць ордэн Чырвонай Зоркі, якім быў узнагароджаны (але ў свой час не атрымаў узнагароду) яе бацька — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Канстанцін Нікіфаравіч Кульчык.
— Бацьку прызвалі ў армію ў 1944-м, — расказвае Галіна Канстанцінаўна. — Вярнуўся дамоў у канцы 1945-га з ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй». Пасля вайны жыў у вёсцы Казённая Слабодка, працаваў у калгасе імя Чкалава Клецкага раёна. Памёр у 1986 годзе ва ўзросце 80 гадоў. Пра тое, што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, расказваў унукам, тыя нават спрабавалі адшукаць узнагароду.
Але ўдалося гэта зрабіць толькі праўнукам, пасля таго, як на сайце Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі абагульненага банка даных «Мемарыял» быў знойдзены ўзнагародны ліст, у якім ёсць і апісанне подзвігу іх прадзеда: «20.04.45 тов. Кульчик в составе своего пулеметного расчета с материальной частью, преодолев болотистую местность под сильным огнем противника, форсировал р. Одер. Удерживая плацдарм, участвовал в отражении четырех контратак противника. Своим станковым пулеметом подавил 3 огневых точки противника и 20 немцев». Загад быў падпісаны 10 мая 1945 года.
Ляхавіцкі райваенкамат зрабіў запыт у г. Падольск у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі і праз пэўны час атрымаў даведку: у картатэцы персанальнага ўліку ўзнагароджаных ёсць уліковая картка ўзнагароджанага ордэнам Чырвонай Зоркі Кульчыка Канстанціна Нікіфаравіча, 1906 г. н., але адзнакі аб уручэнні ўзнагароды няма.
Далей быў зварот ваеннага камісарыята ва ўпраўленне Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па дзяржаўных узнагародах. Адказ быў такі: «У адпаведнасці з патрабаваннямі дзеючага ўзнагароднага заканадаўства Расійскай Федэрацыі, родным асоб, узнагароджаных дзяржаўнымі ўзнагародамі СССР, але якія не атрымалі іх своечасова, у выпадку смерці (гібелі) перадаюцца (уручаюцца) пасведчанні да адпаведных дзяржаўных узнагарод СССР для захоўвання як памяць».
У жніўні гэтага года пасол Расіі ва ўрачыстай абстаноўцы ў будынку пасольства Расійскай Федэрацыі ў Мінску ўручыў пасведчанне да ордэна Чырвонай Зоркі сыну нашага слаўнага земляка Мікалаю Кульчыку і дачцэ Галіне Асос у памяць пра подзвіг, мужнасць, гераізм іх бацькі Канстанціна Нікіфаравіча Кульчыка і ў знак удзячнасці за падоранае шчасце мірнага жыцця.
Таццяна ДАРАШЭНКА,
вядучы спецыяліст па сацабароне
і пенсійным забеспячэнні
райваенкамата.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *