Неспакойным для супрацоўнікаў Ляхавіцкага РАНС выдаўся пачатак верасня
На тэрыторыі раёна адбылося некалькі пажараў, загінулі людзі.
На полі СВК “Дарава” паблізу Баранавіч загарэлася сцірта саломы. На месцы здарэння працавалі 2 аддзяленні ПАВЧ № 2 Баранавіцкага ГРАНС. Падчас тушэння пажару быў знойдзены труп мужчыны – жыхара г. Баранавічы, 1954 года нараджэння. Агонь знішчыў і 5 тон саломы. Прычына пажару высвятляецца.
У кватэры двухпавярховага жылога дома ў в. Ліпск адбылося ўзгаранне пасцельных рэчаў. Прычына банальная — курэнне ў ложку ў стане ап’янення. Дзякуючы зладжаным дзеянням пажарных падраздзялення ПАВП № 1 в. Ліпск, быў выратаваны гаспадар кватэры. Яго перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. У выніку пажару пашкоджаны памяшканне, маёмасць.
Неасцярожнае абыходжанне з агнём прывяло да пажару ў в. Мінічы. Гарэла летняя прыбудова на адным з падвор’яў. Гаспадар у нецвярозым стане курыў у ложку. Загарэўся матрац, потым полымя перакінулася на пабудову. Гаспадара выратаваць не ўдалося…
Кажуць, што той, хто аднойчы трапіў у небяспеку, будзе асцярожным. Аднак гэта ніяк не адносіцца да жыхара в. Куршынавічы. Аднойчы ён ужо спаліў свой дом. На гэты раз гарэла летняя прыбудова, якая належала СВК “Тальмінавічы”. Мужчына загінуў.
На тэрыторыі раёна сёлета зарэгістравана 29 пажараў, загінула трое людзей.
Ірына ТУКАЙ,
спецыяліст групы прапаганды
і навучання РАНС.