Ляхавіччына:уборка кукурузы набірае тэмпы, значыць нарыхтоўка кармоў у разгары

Калі размова заходзіць пра паляпшэнне прадукцыйнасці статка, спецыялісты ў галіне жывёлагадоўлі абавязкова робяць акцэнт на стварэнні інтэнсіўнай або шматкампанентнай пашы. Прасцей сказаць так: для буронкі трэба вырасціць ”букет” з разнастраўя, у які ўваходзіць не менш як 5 кампанентаў. У дбайнага гаспадара расце на пашы і 8 відаў траў – напалову злакавыя і бабовыя культуры.
У раёне створана 5833 гектары інтэнсіўнай пашы, што складае 0,55 гектара на адну карову – паказчык добры. Аднак сюды ўключаны і плошчы, якім па 4-5 гадоў, іх інтэнсіўнасць зведзена да мінімуму. Сельгаспрадпрыемствы раёна кожны год павінны працаваць над стварэннем шматкампанентнай пашы, каб была пастаянная замена малаэфектыўным участкам.
Надзейны спосаб вырашэння насеннай праблемы – самастойнае вырошчванне разнатраўя. Вось чаму сёлета сельгаспрадпрыемствам даведзена заданне палепшыць лугапашавыя ўгоддзі на плошчы 2800 гектараў, у тым ліку стварыць 1300 гектараў пашы інтэнсіўнага тыпу, на плошчы 1800 гектараў падсеяць мнагалетнікі, а на 360 гектарах закласці насеннікі шматгадовых траў. Пры такім раскладзе, з улікам выканання задання па павелічэнні пагалоўя БРЖ, у раёне ўпаўне рэальна нарыхтаваць 54934 тоны кармавых адзінак толькі травяных кармоў.
На апаратнай нарадзе ў райвыканкаме прааналізавана зробленае з пачатку года: усе сельгаспрадпрыемствы, на першы погляд, займаліся перазалужэннем траў. Аднак, улічваючы, што ў папярэднія гады пытанне гэта ўпускалася, на пачатак летняга пашавага перыяду 2014 года 40 працэнтаў угоддзяў будуць малаэфектыўнымі: яны выкарыстоўваюцца 5 і больш гадоў. Толькі 2 сельгаскааператывы – СВК “Ляхавіцкі” і “Дарава” – не спынялі працэс перазалужэння траў.
Найменш шматкампанентных лугапашавых угоддзяў у СВК “Жарабковічы” – 0,47 гектара на карову, ДП “Нача” – 0,43 гектара. Сёлета тэрміны перазалужэння ўжо мінулі, таму гэтым гаспадаркам, а таксама ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, СВК “Тальмінавічы”, “Канюхі”, ЗАТ “Белпрампрыбор” неабходна восенню максімальна падрыхтаваць плошчы, каб не марудзячы пачаць работу вясной 2014 года.
У раёне заданне па закладцы насеннікаў шматгадовых траў выканана. Але, як і летась, яго праігнаравалі СВК “Жарабковічы” і “Канюхі”. А вось СВК “Шлях новы” выканаў на 160 працэнтаў і закрыў агульнараённы план. Толькі чым будуць падсяваць травы і ствараць шматкампанентныя пашы па названых вышэй адрасах? Дарэчы, некалі СВК “Жарабковічы” лічыўся травасеючай гаспадаркай, якая і сябе забяспечвала, і іншым прадавала выдатнае насенне.
Па стане на 17 верасня ў раёне нарыхтавана 25989 тон травяных кармоў (або 47,3 працэнта да задання) – 11,36 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Гэта на 3,83 цэнтнера больш, чым летась.
У той жа час у СВК “Жарабковічы” нарыхтавана на ўмоўную галаву жывёлы – 4,84 цэнтнера, “Ліпнянка” – 8,25, райаграсэрвісе – 8,54 цэнтнера кармавых адзінак. Стаўку робяць на кукурузу, асабліва ў “Жарабковічах”.
Удзялялася шмат увагі на захаванне якасных параметраў пры закладцы кармоў. У гаспадарках была арганізавана кругласутачная трамбоўка зялёнай масы, работу кантралявалі мабільныя групы спецыялістаў. Аднак, да някласнай аднесена 7,2 працэнта ад абследаванай сянажнай масы, у тым ліку ў СВК “Жарабковічы” – 930 тон, “Дарава” – 700, “Ляхавіцкі” – 600, “Тальмінавічы” – 580, райаграсэрвісе – 420 тон.
А сёння пры ўборцы кукурузы на сілас ужо ёсць факты парушэння тэхналогіі: у СВК “Востраў-Агра” 850 тон сіласу аднесена да 3 класа, у ЗАТ “Белпрампрыбор” такога корму 600 тон – палова абследаванага. Прычына – няздробненае насенне кукурузы, не адпавядае нарматывам нарэзка масы і вільготнасць.
Уборка кукурузы набірае тэмпы, значыць нарыхтоўка кармоў у разгары. Ад таго, наколькі арганізавана пройдзе гэтая кампанія, наколькі адказна аднясуцца да работы кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў, залежаць зімовыя надоі і прывагі статка.
Ігар ЯВАРЧУК,
галоўны спецыяліст
райсельгасхарчу
па корманарыхтоўках.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *