Иммунизация против гриппа признана самым эффективным средством его профилактики
З надыходам восені ўсё часцей у размовах з’яўляюцца словы “вакцынацыя”, ”прышчэпка супраць грыпу”. Хтосьці не згаджаецца ўводзіць вакцыну, а некаторыя гатовы плаціць за яе з уласнага кашалька. Хто мае рацыю?
Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод хварэюць на грып каля 20-30 працэнтаў дзяцей і 5-10 працэнтаў дарослых, а паміраюць ад яго ад 250 да 500 тысяч чалавек. Эканамічныя страты ад эпідэмій складаюць у сярэднім ад мільёна да 6 мільёнаў долараў на 100 тысяч насельніцтва.
У Брэсцкай вобласці, у тым ліку ў нашым раёне, кожны год на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі хварэе каля 25-35 працэнтаў насельніцтва — амаль кожны чацвёрты жыхар рэгіёну. Летась паказчык захворвання з часовай стратай працаздольнасці, звязаны з паталогіяй дыхальнай сістэмы, склаў 18, 5 выпадка (2011г. — 27,3) на 100 працуючых.
Імунізацыя супраць грыпу прызнана самым эфектыўным сродкам яго прафілактыкі. Сучасная супрацьгрыпозная вакцына бяспечная і дазваляе сфарміраваць надзейны імунітэт. Устаноўлена, што 80-98 са 100 прышчэпленых пазбягаюць захворвання на грып. Астатнія захворванне пераносяць у лёгкай форме і без ускладненняў, а адсутнасць на працоўным месцы складзе не больш за 3-5 дзён.
Па выніках мінулагодняй вакцынацыі ў нашым раёне з 10504 прышчэпленых захварэла 697 чалавек, што складае 1,9 працэнта ад насельніцтва раёна. Непрышчэпленыя хварэюць у 2,2 разы часцей, чым тыя, хто атрымаў вакцыну.
Акрамя гэтага, кожны чацвёрты прышчэплены супраць грыпу не захварэе іншымі вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі.
Сёлета масавая вакцынацыя ў раёне пачнецца, як толькі будзе закуплена вакцына, але не пазней 1 кастрычніка. Больш як 10000 чалавек будуць абаронены ад грыпу з дапамогай прышчэпак вакцынай “Флюваксін” расійскай і кітайскай вытворчасці. Першачарговае права на бясплатныя прышчэпкі супраць грыпу маюць дзеці ва ўзросце да 3-х гадоў, дарослыя з хранічнымі захворваннямі, якім больш за 65 гадоў, цяжарныя жанчыны, медыцынскія работнікі, асобы ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання. 3511 чалавек (школьнікі, работнікі ўстаноў адукацыі, гандлю, сферы бытавога абслугоўвання, транспартных арганізацый) плануецца прышчапіць супраць грыпу за кошт бюджэтных сродкаў.
Ляхавіцкая ЦРБ на дагаворных умовах арганізуе вакцынацыю работнікаў прадпрыемстваў. Акрамя гэтага, кожны жадаючы можа прышчапіцца за ўласны кошт.
Каб сфарміраваўся паўнацэнны імунітэт, прышчапіцца трэба, калі грып яшчэ не рэгіструецца.
Васілій СКАРАХОД,
урач- эпідэміёлаг райЦГІЭ.