Как провели день без автомобиля в Ляховичах некоторые наши земляки?
Па традыцыі 22 верасня больш чым у 100 краінах свету праводзіцца Сусветны дзень без аўтамабіля. Беларусь таксама некалькі гадоў назад далучылася да міжнароднай акцыі. У гэты дзень многія пакідаюць свае аўто на стаянках, у гаражах і адпраўляюцца на пешыя ці веласіпедныя прагулкі, а транспартнікі і дарожнікі імкнуцца стварыць такія ўмовы, каб карыстанне грамадскім транспартам стала для людзей камфортным.
Як правялі дзень без аўтамабіля ў Ляхавічах некаторыя нашы землякі?
Сяргей Жытко, старшы інспектар АДАІ РАУС:
— Разам з супрацоўнікамі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў гэты дзень праводзілі рэйды па выяўленні транспартных сродкаў з перавышэннем узроўню ўтрымання шкодных рэчываў у выхлапных газах. З работнікамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама раздавалі памяткі пра шкоду аўтамабільных выкідаў і агітавалі часцей хадзіць пешшу ці ездзіць на веласіпедзе або грамадскім транспарце.
Аляксандр КУРЛОВІЧ, галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:
– Як сведчыць статыстыка, колькасць аўто на нашай планеце расце ў геаметрычнай прагрэсіі. У акцыі ўдзельнічаюць больш як паўтары тысячы гарадоў у розных краінах. І прыемна, што сярод іх – Ляхавічы.
Яшчэ напярэдадні спецыялісты райінспекцыі выступалі ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і арганізацый раёна, расказвалі пра шкодныя наступствы ўздзеяння аўтамабільных выхлапаў на навакольнае асяроддзе. І, канешне, усе без выключэння супрацоўнікі нашай інспекцыі ў гэты выхадны дзень абышліся без аўтамабіляў.
Уладзімір ЖУК, будаўнік:
– Звычайна ў выхадныя езджу на рыбалку на машыне. А вось у мінулую нядзелю ад традыцыі наўмысна адмовіўся. Пешшу адправіўся на рыбалку на раку Ведзьма: і свежым паветрам надыхаўся, і ўлоў добры атрымаўся.
Наталля МАСЛОЎСКАЯ, дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі:
– Як чалавек, якому неабыякава ўласнае здароўе, заўсёды 22 верасня абыходжуся без аўтатранспарту. Увогуле, з лета да позняй восені аддаю перавагу пешым прагулкам ці яздзе на веласіпедзе. Вось і ў мінулую нядзелю з задавальненнем пракацілася. Як цудоўна спяшаючыся, і бачыць, як літаральна на вачах мяняецца прырода, падае з дрэў рознакаляровае лісце. Гэта проста здорава!
Аляксандр АЗІМКА, спецыяліст Белдзяржстраху:
– Без праблем абышоўся ў гэты дзень без транспарту, затое парабіў многія хатнія справы, адпачыў з карысцю.
Павел КУРЛОВІЧ, пенсіянер:
– Свой аўтамабіль пакінуў у гаражы. З задавальненнем паблукаў па лесе, назбіраў грыбоў, атрымаў асалоду ад чыстага ляснога паветра. Ні кроплі не шкадую, што даў сваёй машыне адпачынак.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.