Нікацін не вытрымлівае “жаночых” аргументаў

Задумайцеся над гэтымі лічбамі: у свеце налічваецца прыкладна 1 мільярд курыльшчыкаў і 20 працэнтаў ад гэтай колькасці – жанчыны. Тытунекурэнне сярод жанчын у многіх краінах узрастае. Асаблівую насцярожанасць выклікае той факт, што вельмі шмат кураць дзяўчаты.
Матывы курыльшчыкаў вядомыя: разагнаць непрыемныя эмоцыі, дзеля задавальнення, для павышэння ўласнай самаацэнкі, чыста “ аўтаматычна”… А вось жанчыны прыдумалі сабе яшчэ дзве дадатковыя прычыны: нібы курэнне дапамагае скінуць вагу і цыгарэта ў руках стварае рамантычны, спакуслівы вобраз. На самай справе ні адзін з “жаночых” аргументаў не вытрымлівае ніякай крытыкі. Цыгарэта зніжае не апетыт, а стварае пачуццё голаду за кошт выражанага выкіду нэйрамедыатара дафаміну, які выклікае прывыканне. А непазбежны ўплыў тытунёвага дыму для скуры твару і рук (жаўцізна, маршчыны, сухасць), зубоў (жаўцізна, непрыемны пах), валасоў (ломкасць), – ніяк не спрыяюць “спакусе”. Больш таго, калі мужчынам курэнне скарачае жыццё прыкладна на 5 гадоў, то жанчынам на 11! А яшчэ для жанчын, якія кураць, характэрна захворваемасць ракам малочнай залозы і палавых органаў. Выкідышы, несвоечасовыя роды і наогул праблемы з выношваннем цяжарнасці ўзнікаюць у курыльшчыц у некалькі разоў часцей. Дзеці нараджаюцца ў іх слабыя, маюць намнога большую рызыку ў будучым прызвычаіцца да алкаголю, курэння або наркотыкаў.
Узнікае заканамернае пытанне: навошта жанчыне калечыць уласнае здароўе і здароўе свайго дзіцяці? Чым бы ні тлумачылася гэтая шкодная прывычка, у аснове яе – залежнасць ад нікаціну, хваравіты стан, з якім большасць не можа справіцца без дапамогі спецыяліста. Нарколагі ўпэўнены: кінуць курыць цяжэй, чым адмовіцца ад злоўжывання алкаголем. Для жанчыны – тым больш.
Што рабіць? Самае лепшае вырашэнне гэтага пытання – не пачынаць курыць наогул. Для тых, хто курыць і ўсё ж вырашыў пазбавіцца ад гэтай шкоднай прывычкі некалькі парад. Замяняльная нікацінавая тэрапія нікацінаўтрымліваючымі лекавымі сродкамі – спецыяльная жвачка. Яна зніжае жаданне курыць, аблягчае адвыканне ад тытуню. У апошні час з’явіліся прэпараты, якія не ўтрымліваюць нікаціну, не з’яўляюцца псіхатропнымі, не выклікаюць прывыкання, а пэўным чынам уздзейнічаюць на рэцэптары мозгу. Яны прадаюцца толькі па рэцэптах урачоў. Здымаюць “эфект курыльшчыка” псіхатэрапеўтычныя заняткі з урачом або псіхолагам.
Найбольш эфектыўным спосабам прафілактыкі тытунёвай залежнасці з’яўляюцца заняткі спортам. Гэта ўжо даказаны спосаб змяншэння схільнасці да курэння. Акрамя таго фізічныя нагрузкі стымулююць выпрацоўку мозгам здаровых гармонаў “задавальнення” і намнога лепш дапамагаюць вырашаць праблемы, з якімі “змагалася” цыгарэта, – здымуць стрэс, знізяць вагу, павысяць самаацэнку, прынясуць задавальненне.
Тытунекурэнне за гэтае стагоддзе можа забіць мільярд людзей. Усведамленне (найперш жанчынамі) праблемы можа выратаваць шмат жыццяў.
Леанід ЛАПІЧ, урач-нарколаг ЦРБ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *