5 октября сотрудники уголовного розыска Ляховичского РОВД и их коллеги отмечают профессиональный праздник
5 кастрычніка супрацоўнікі крымінальнага вышуку Ляхавіцкага РАУС і іх калегі адзначаюць прафесійнае свята — 95-годдзе з дня ўтварэння службы крымінальнага вышуку.
За гэты перыяд служба спазнала шэраг змяненняў і пераўтварэнняў. Нязменнай засталася галоўная функцыя падраздзялення – раскрыццё злачынстваў і абарона маёмаснай бяспекі грамадзян, вышук без вестак прапаўшых людзей. Яны не любяць выстаўляць напаказ прафесійныя сакрэты і поспехі, проста выконваюць сваю работу – якасна, адказна, нераўнадушна. Пацвярджэнне – зніжэнне ўзроўню злачыннасці ў раёне за 9 месяцаў на 40 працэнтаў (на 52 выпадкі менш, чым у мінулым годзе). Раскрываецца 77 працэнтаў учыненых злачынстваў. Па выніках мінулага года ў аддзялення першае месца ў вобласці. Па словах намесніка начальніка РАУС Аляксандра Бурбіцкага, за гэтымі паказчыкамі — вынік зладжанай работы аператыўнікаў і адказных адносін кожнага да абавязкаў.
Сёння ў штаце крымінальнага вышуку РАУС — 7 кваліфікаваных супрацоўнікаў, сплаў маладосці і вопыту. Сярод іх майстры сваёй справы — Віталій Давідоўскі і Аляксандр Касцевіч, і маладыя, але перспектыўныя спецыялісты Аляксандр Лабар і Андрэй Чаранкевіч.
У кожнай сферы ёсць заслужаныя работнікі — прыклад для іншых. Не адзін дзясятак гадоў прысвяцілі сябе важнай службе ў крымінальным вышуку былыя начальнікі падраздзялення Сяргей Занько, Генадзій Савасцюк, Віталій Андрушкевіч. Дзеляцца прафесійным вопытам і ветэраны вышуку Анатолій Ушко, Вадзім Зубік. Сяргей Занько з хваляваннем расказвае пра былыя будні, калі ў аддзяленні працавалі 2 чалавекі, не было спецмашын, а на раскрыццё задання па гарачых слядах адпраўляліся на рэйсавым аўтобусе.
З нагоды юбілею ўспомняць і ўшануюць памяць таварышаў-аператыўнікаў Івана Шпака, Яўгенія Булатага, Алега Сакалоўскага…
Ніколі тут не было выпадковых — толькі шчыра адданыя сваёй справе людзі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва РАУС.