Во время стратегических учений 17-й отдельный батальон связи отрабатывал вопросы организации и поддержания связи
З 20 па 26 верасня праводзіліся сумесныя стратэгічныя вучэнні Узброеных Сіл Беларусі і Расіі “Захад-2013”. Задзейнічаны ў іх былі і нашы землякі. 17-ы асобны батальён сувязі адпрацоўваў пытанні арганізацыі і падтрымання сувязі. Ваеннаслужачыя батальёна выконвалі вучэбна-баявыя задачы на вучэбным палігоне “Даманава”.
У цяні дрэў, надзейна закрыты ад чужых вачэй маскіровачнымі сеткамі, схаваўся палявы вузел сувязі. Выстаўленыя пасты і патрулі пільна ахоўвалі давераныя аб’екты ад няпрошаных гасцей. На першы погляд здаецца, нішто не трывожыць цішыню лесу, аднак… У апаратных сувязі кругласутачна кіпела напружаная работа, якая не спынялася ні на хвіліну: радыё- і тэлефонныя перагаворы, прыём і адпраўка тэлеграм.
Ваеннаслужачыя батальёна дэманстравалі высокае прафесійнае майстэрства, вытрымку і зладжанасць.
Граматныя дзеянні на баявых пастах паказалі салдаты, якія нядаўна папоўнілі рады Узброеных Сіл краіны: тэлеграфіст яфрэйтар Уладзімір Ананька, тэлефаніст радавы Дзяніс Пузіноўскі (ён узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнiк баявога дзяжурства”), радыст радавы Павел Ліс.
На працягу ўсіх вучэнняў дэманстравалі зладжаную работу ваеннаслужачыя пункта палявога харчавання — старшы сяржант Максім Васілько, радавыя Аляксандр Кернога і Сяргей Татарыновіч.
Не адзін дзясятак кіламетраў кабелю праклаў экіпаж на чале з прапаршчыкам Андрэем Разумко, дзейнічаючы часам пад праліўным дажджом, уначы. Нароўных з мужчынамі вытрымалі выпрабаванні і жанчыны-ваеннаслужачыя: не пакідалі баявых пастоў начальнік тэлеграфнай апаратнай старшы прапаршчык Марына Дз’ячэнка, тэлефаніст старшы сяржант Надзея Марчанка, тэлеграфіст Жанна Ананька.
Завяршыліся вучэнні, згорнуты палявы лагер, тэхніка сувязі выстраілася ў стройную калону, а на палігоне ўжо нішто не нагадвае пра тое, што тут амаль месяц кіпела напружаная праца сувязістаў.
Выпрабаванне на прафесійнае майстэрства – вучэнне “Захад-2013” — 17-ы асобны батальён сувязі вытрымаў з добрым вынікам. Час, праведзены на палігоне, паказаў, што асабісты састаў падраздзялення ўмела і зладжана выконвае свой воінскі абавязак.
Аляксандр
КУДРАШОЎ,
камандзір 17-га
асобнага
батальёна сувязі.