Настаўнікі назаўжды
Амаль на кожным кроку падчас прагулкі па горадзе з гэтымі жанчынамі прыветна вітаюцца і сталыя, і маладыя. Для многіх ляхавічан і тых, хто родам з райцэнтра, Любоў Дарашэнка і Ірына Піскун былі і застаюцца любімымі і дарагімі настаўнікамі. Абедзве яны – філолагі, якія бязмежна любілі сваю прафесію і шматлікіх вучняў. 1967 год Любоў Дарашэнка разам з сям’ёй сустракала ў Ляхавічах (да гэтага з мужам-міліцыянерам паспела аб’ездзіць некалькі раёнаў Брэстчыны). З таго часу яе лёс непарыўна звязаны з нашым райцэнтрам, дзе выкладала рускую мову і літаратуру ў СШ № 2. Не проста выкладала – аддавала сэрца і амаль увесь час. І цяпер у Любові Дарашэнка, якая ў верасні адсвяткавала 75-гадовы юбілей, клопатаў хапае. Яна жыве разам з сям’ёй сына – любячая і любімая маці, ласкавая бабуля і ўзорная свякроў. І шчыры дарадчык дзецям, унукам, блізкім. Школа стала жыццём і для Ірыны Піскун. Пачыналася ўсё ў далёкім ужо 1960 годзе, калі дзяўчынай Ірына прыйшла ў якасці піянерважатай у СШ № 1. Для колькіх хлопчыкаў і дзяўчынак на працягу многіх гадоў яна была лідарам, сябрам, дарадчыкам, арганізатарам цікавых спраў! А потым і самай разумнай, таленавітай настаўніцай і класным кіраўніком, адна з першых у раёне пачала працаваць па новай адукацыйнай праграме для пачатковых класаў, а потым і па рускай мове. І цяпер у сталым узросце Ірына Антонаўна ў цэнтры жыцця. Часта бывае ў школе, не забываюць яе і рабяты – наведваюць, віншуюць са святамі. Ірына Піскун яшчэ і адзін з актыўных членаў раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. …Пераканана, што ў гэтыя дні Любоў Сямёнаўна, Ірына Антонаўна і многія-многія іх калегі пачуюць шмат удзячных слоў ад сваіх былых вучняў. Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.