14 кастрычніка словы шчырай удзячнасці прагучаць для самых дарагіх, любімых, родных – матуль
9 гадоў назад у мяне і маёй сястры з’явілася новая сям’я: тата і мама, а таксама старэйшыя брат і сястра. Як гэта атрымалася? Не стала мамы, і родныя цётка і дзядзька, Святлана і Мікалай Жытко, не засталіся ў баку ад нашага гора. Яны ўзялі нас да сябе ў сям’ю…
Мой тата – просты вадзіцель, але рукі ў яго залатыя. Сам пабудаваў вялікі і ўтульны дом, заўсёды гатовы прыйсці іншым на дапамогу. Мама – повар у райбальніцы. Дома яна дзеліцца з намі сакрэтамі майстэрства, вучыць смачна гатаваць.
Мае бацькі могуць ганарыцца намі, дзецьмі. Нас у іх – чацвёра. Самы старэйшы – Руслан, яму 23 гады. Ён, як і тата, вадзіцель. Я заўсёды з нецярпеннем чакаю яго вяртання, бо прывозіць ён не толькі падарункі і прысмакі, але добры настрой і цікавыя гісторыі. Да Людмілы – старэйшай сястры – мы часта ходзім у госці. Для гэтага не патрэбны нагоды. Менавіта Люда – мой дарадчык і памочнік. Яна вучыць, як правільна карыстацца касметыкай, як прыгожа апранацца і выглядаць. Малодшай сястры Ксюшы – 13, яна вучыцца ў 8 классе. Мы адна адной дапамагаем і падказваем.
Летам, калі мама і тата былі на рабоце, мы з сястрычкай заставаліся за галоўных гаспадынь. Наводзілі парадак у доме, гатавалі абед тату і брату. А каб лета запомнілася, мы прыдумвалі гульні, чыталі кнігі і імкнуліся даведацца пра нешта новае. Калі мама вярталася з работы, мы дапамагалі ёй з вячэрай, за якой збіралася ўся сям’я, каб абмеркаваць і падзяліцца ўражаннямі мінулага дня.
Самыя шчаслівыя імгненні жыцця – калі ўся сям’я разам. У гэты момант у мяне на душы сапраўднае свята.
Калі прыязджае Руслан, мы адпраўляемся на прыроду, у Баранавічы на каруселі ці проста адпачываем дома разам.
А калі ладзім так званы суботнік – наводзім парадак, чысцім, прыбіраем – то завіхаецца ўся сям’я. Мама за нашу працу пячэ свой фірменны пірог.
Склаліся і свае традыцыі святкавання Новага года, дней нараджэння. Штогод перад Калядамі ўся сям’я прыдумвае сцэнарый і касцюмы, а затым з Ксюшай і сябрамі ідзём калядаваць.
Я шчыра ўдзячна сваім бацькам за іх нястомную працу, за падтрымку і дапамогу. Мае тата і мама – прыклад для мяне. Ганаруся імі!
Жадаю ўсім мець такую вялікую і дружную сям’ю, як наша, дзе пануе атмасфера любві і павагі, клопату і ўзаемаразумення.
Калі запытацца ў малых дзяцей пра іх маці, яны ў адзін голас адкажуць: “Мая мама самая прыгожая і добрая!”. Гэтак жа адкажуць і ўжо дарослыя людзі. А ўсё таму, што мама любіць дзяцей незалежна ад узросту і статусу. Першыя гады жыцця яна сядзіць ля калыскі; захварэем, трапім у бяду – аддасць апошняе. Матуля аддае дзецям усю сваю любоў. Весела нам – весела і матулі, дрэнна нам – яшчэ горш ёй. Яна заўсёды шчыра радуецца поспехам і перамогам сыноў і дачок. …Час ідзе. Мы расцём, а мама старэе. Ужо ёй можа спатрэбіцца наша дапамога. Трэба рабіць усё магчымае, каб матулі было спакойна і ўтульна, цаніць і берагчы самага дарагога чалавека. Кожны дзень гаварыце такія простыя і значныя словы: “Мамачка, як я цябе люблю!” .
Ірына Шлойда,
член клуба Бел АЮ «Заранка» .