Корова в хозяйстве– это плюс. В том числе и к семейному бюджету

Знаёмая расказвала са здзіўленнем, маўляў, прыехала з унукамі на лета з горада ў вёску, разлічвала купляць штодня ў суседзяў сырадой для малых. Аказалася, усё няпроста: суседзі кароў ужо не трымаюць, ледзь дамовілася на другім канцы вёскі на літр малака, ды і то праз дзень. Дарэчы, гаспадары гэтыя – людзі сярэдняга ўзросту – адны ў вёсцы маюць гаспадарку.

З кожным годам кароў на ўласных падвор’ях нашых вяскоўцаў застаецца ўсё менш. Яшчэ летась па раёне іх было 1440, а сёлета прыватны статак збяднеў на 214 кароў (гэтая лічба на пачатак года, а за 9 месяцаў, зразумела, яна падрасла).

У асноўным, буронак трымаюць людзі сярэдняга ўзросту, рэдка пажылыя і многія маладыя сем’і, якія пераканаліся, што прадаваць малако дзяржаве – справа прыбытковая, — і набываюць у сваю гаспадарку па некалькі кароў.

Старшыня буйнейшага па тэрыторыі і колькасці насельніцтва Жарабковіцкага сельсавета Аляксандр Трыбухоўскі адзначыў, што на пачатак 2013 года колькасць кароў на асабістых падвор’ях зменшылася на 27, а на працягу 9 месяцаў гэтая лічба склала 4 дзясяткі. Валавы закуп малака па сельсавеце найбольшы ў раёне – 774,7 тон, але гэта амаль на 300 тон менш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Закуп на карову таксама адзін з лепшых — 3111 кілаграмаў малака (на 770 кілаграмаў менш леташняга). Па словах старшыні, сітуацыю выратоўваюць уласныя падвор’і, на якіх утрымліваецца па некалькі кароў. Напрыклад, у гаспадарцы Дзмітрыя Блашэнкі са Сваятыч – 8 кароў, у Вадзіма Застаўнага з Канюхоў – 4, ва Уладзіміра Туціна – 3. Такіх дбайных гаспадароў на тэрыторыі сельсавета пражывае некалькі дзясяткаў. Між іншым, запланаванага тэмпу росту закупу прадукцыі за 9 месяцаў сельсавет не дасягнуў.

Нібы імкнуцца абвергнуць тэндэнцыю да зніжэння пагалоўя кароў на ўласных падвор’ях грамадзян у некаторых населеных пунктах Падлескага сельсавета. Напрыклад, жыхарка вёскі Зубелевічы Тамара Дарахлевіч сёлета прыдбала ў сваю гаспадарку яшчэ 3 каровы і стварыла ўласную міні-ферму: прадае дзяржаве малако ад 10 буронак. Па 2-5 рагуляў трымаюць на сваіх падвор’ях і падляшане Рыгор Андрановіч, Валянцін Кульчык, Раман Касаван і многія іншыя. Станоўчая настроенасць насельніцтва на тое, каб абзавесціся гаспадаркай ці пашырыць існуючую, выклікана перакананнем, што такім чынам можна паспяхова папаўняць сямейны бюджэт. Тым больш, што СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы” таксама падтрымліваюць ініцыятыўных і старанных гаспадароў: дапамога ў забеспячэнні кармамі тут гарантавана кожнаму. Добра было б, каб такія прыклады множыліся. Але пакуль валавы збор малака з уласных падвор’яў грамадзян склаў 467,3 тоны, на карову – амаль па 3000 кілаграмаў – гэта значна менш, чым летась.

Прыкладна такі ж расклад работы з малаказдатчыкамі і ў суседнім Навасёлкаўскім сельсавеце: адмоўныя паказчыкі ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года значацца і па валавым закупе малака, і па закупу на карову, зменшылася і пагалоўе.

Згодна справаздачы, паспяхова вядуць закуп малака Начаўскі, Куршынавіцкі, Востраўскі і Ганчароўскі сельсаветы, у якіх тэмп росту закупу малака на карову вырас адпаведна на 16,2, 15,3, 2,2, 1,7 працэнта. Блізкія да 100-працэнтнага ўзроўню закупу малаказборшчыкі Крывошынскага, Свяціцкага, Альхоўскага, Конькаўскага сельсаветаў. Хаця цяжка зразумець, як малаказборшчыкі гэтых сельсаветаў выйшлі на станоўчыя паказчыкі: іменна тут значыцца найбольшае выбыццё кароў – ад 25 да 51 жывёліны, на дзясяткі тон менш закуплена малака, а вось паказчык закупу на карову амаль рэкордны. Напрыклад, у Начаўскім сельсавеце ад кожнай рагулі з уласных падвор’яў грамадзян сабрана па 3327 кілаграмаў малака, у Конькаўскім – па 3927, у Куршынавіцкім – 2440, Востраўскім – 2016 кілаграмаў малака. Значыць, малаказдатчыкі сталі больш прадаваць прадукцыі і гэта “плюс”. Вось каб яшчэ павялічвалася колькасць такіх гаспадароў.

У цэлым па раёне за 9 месяцаў закуплена на 888,7 тоны малака менш, чым у адпаведны перыяд мінулага года, у разліку на карову на 226 кілаграмаў менш. Што зрабіць, каб як мага больш знаходзілася такіх зацікаўленых людзей, як Тамара Дарахлевіч з Зубелевіч, Дзмітрый Блашэнка са Сваятыч і многія іншыя маладыя вяскоўцы? Арганізацыя своечасовага закупу малака, беспраблемнае і дакладнае вызначэнне яго якасных параметраў, добрасумленнае супрацоўніцтва малаказборшчыкаў і малаказдатчыкаў, абавязковы ветэрынарны кантроль за станам здароўя жывёлы на ўласным падвор’і, своечасовае аказанне ветдапамогі, садзейнічанне ў назапашванні кармоў — гэта і многае іншае застаецца на парадку дня сельскіх органаў улады, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў. Магчыма, варта было б перагледзець рашэнне многіх гаспадарак аб забеспячэнні кармамі толькі адной каровы з кожнай уласнай гаспадаркі і даць магчымасць без праблем стварыць зімовыя запасы. І, зразумела, патрэбна прапагандаваць, заахвочваць маральна і матэрыяльна ініцыятыву і добрае пачынанне вяскоўцаў-гаспадароў. У гэтым плане вопыт можна пераняць на СААТ ”Ляхавіцкі малочны завод”, які традыцыйна збірае лепшых сваіх партнёраў — малаказборшчыкаў і малаказдатчыкаў, падводзіць вынікі работы і не скупіцца на матэрыяльную падтрымку. Бо, у рэшце рэшт, вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі — нялёгкі хлеб.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *