Камсамол, юнацтва, студэнцкія будаўнічыя атрады – усё гэта цесна і непарыўна аб’ядноўвае многія пакаленні ляхавічан
Тых, хто стаяў ля вытокаў камсамолу, і сённяшніх юнакоў і дзяўчат – членаў самай масавай маладзёжнай арганізацыі краіны Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Менавіта БРСМ з’яўляецца пераемнікам камсамолу і слаўным прадаўжальнікам яго карысных і цікавых спраў, ідэй, задумак. З кожным годам рады бээрэсэмаўцаў растуць і мацнеюць: у камсамолу ёсць працяг і выдатныя перспектывы!
У мінулую пятніцу ў Брэсце прайшлі ўрачыстасці, прымеркаваныя да 95-годдзя камсамолу і 50-годдзя беларускага студатрадаўскага руху. Пачаліся яны ў абласным грамадска-культурным цэнтры выставай “Гэта наша з табой біяграфія”. Працавалі пляцоўкі студэнцкіх атрадаў “Энтузіязм маладых” і валанцёрскага руху “Добрае сэрца”. Узрушыла і запомнілася святочная музычная праграма-віншаванне.
Удзел ва ўрачыстасцях прыняла і дэлегацыя Ляхавіцкага раёна. У яе складзе касамольскія лідары розных гадоў: Мікалай Юруць, Тамара Халадзінская, Ганна Малевіч, Ірына Мурзіч, Генадзій Новік, Таццяна Петух, актывісты бээрэсэмаўскага руху Алег Траццяк, Ларыса Юшкевіч, Тамара Пракап’юк, Ганна Тупік, Дзмітрый Багдановіч.
Такія святкаванні, як і камсамольскія сходы, з’езды, у памяці камсамольцаў старэйшых пакаленняў, і на пажоўклых ад часу фотаздымках. Вось і на гэтым, датаваным 1966 годам, – дэлегацыя камсамольскіх актывістаў Ляхавіччыны на абласной камсамольскай канферэнцыі ў Брэсце. У цэнтры – першы сакратар райкама камсамола Мяфодзій Пабягайла.
Галіна КАНЬКО.