Салодкія і з высокай ураджайнасцю выраслі буракі ў Ляхавіцкім раёне

Бураковая плантацыя ў раёне – 1544 гектары на 3 сельгаспрадпрыемствы: СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”.

Ужо з пачатку ўборкі была зафіксавана высокая ўраджайнасць караняплодаў – лепшая ў вобласці, якая, дарэчы, захоўваецца на ўзроўні і цяпер: кожны гектар дае 520 цэнтнераў салодкіх карэнняў. Па тэмпах уборачных работ гаспадаркі нашага раёна ў лідарах. Напрыклад, у СВК “Шлях новы” ўраджай убраны: з 600 гектараў тут накапалі 28 000 тон буракоў, вывезлі спажыўцам 26210 тон. У райаграсэрвісе таксама амаль што справіліся: са 194 гектараў накапалі 8069 тон карэнняў і адправілі на Жабінкаўскі цукровы завод.

Найбольшыя плошчы буракоў у СВК “Жарабковічы” – 750 гектараў, 78 з іх яшчэ не ўбраны. Хаця гэта не праблема для сельгаскааператыва, які мае высокапрадукцыйную спецыялізаваную тэхніку, спрактыкаваныя кадры механізатараў: стрымліваюць квоты на адгрузку сыравіны, якія выдзяляе Слуцкі цукровы завод, куды гаспадарка прадае ўраджай. Дарэчы, “Жарабковічы” сёлета – лідар па ўраджайнасці: з кожнага гектара тут накопваюць па 597,4 цэнтнера, прададзена амаль 40500 тон сыравіны.

Наш раён паставіў перапрацоўчым прадпрыемствам 76500 тон цукровых буракоў.

Як паведаміў галоўны аграном райсельгасхарчу Мікалай Каплыноў, згодна вызначаных аптымальных тэрмінаў уборкі караняплодаў, работы павінны быць завершаны да 15 лістапада. Аднак сельгас-прадпрыемствы маюць намер справіцца з пастаўленай задачай раней.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *