У студзені людзі сталі часцей ламаць косці
Першы месяц 2010 года хутчэй за ўсё стане найбольш халодным не толькі за апошняе дзесяцігоддзе. Маразы ўдзень і ноччу б’юць усе рэкорды. На вуліцах не толькі марозна, але і слізка. Нягледзячы на ўсе перасцярогі, колькасць траўмаў з-за галалёдзіцы павялічваецца. З пачатку года на прыём да хірургаў у раённую паліклініку звярнуліся 20 нашых землякоў працаздольнага ўзросту і 10 пенсіянераў. “Схема” для ўсіх пацярпелых амаль аднолькавая: паслізнуўся—упаў—гіпс. Каб “не трапіць” у гіпс, галоўнае правіла — зручны абутак і асцярожнасць.
Моцна шчыпле мароз, ветрана. А ў выніку – абмаражэнні. Як паведамілі ў хірургічным кабінеце паліклінікі, з пачатку студзеня за медыцынскай дапамогай звярнуліся 6 чалавек, якім быў пастаўлены дыягназ “абмаражэнне”, адзін з іх – падлетак. Хлопчык пайшоў разам з сябрамі калядаваць 13 студзеня. 25 студзеня за медыцынскай дапамогай звярнуўся 52-гадовы жыхар вёскі Мыслабаж з абмаражэннямі рук і ног.
Лепшы спосаб не замерзнуць – рухацца. Апранацца трэба па надвор’і. Не стварайце дадатковыя нагрузкі на сасуды: курэнне, напрыклад, правакуе іх спазм, адпаведна адчуванне холаду становіцца большым. Пераахаладзіцца можна не толькі на марозе, але і пры тэмпературы 0 — + 5 градусаў, калі не выконваць вышэйназваныя правілы. Нельга доўга знаходзіцца на вуліцы ў прамоклым абутку. Пераахалоджанне можна атрымаць і пры працяглым знаходжанні ў памяшканні, якое не ацяпляецца. Асаблівая ўвага дзецям: педыятры звяртаюць увагу бацькоў на тое, каб дзеці доўга не гулялі на вуліцы, асабліва з адкрытымі рукамі і вушамі.
Калі ўсё ж абмаражэння не ўдалося пазбегнуць, прытрымлівайцеся наступных парад. Пры халадовых траўмах пацярпелага неабходна даставіць у цёплае памяшканне, напаіць гарачым чаем, булёнам ці малаком. Ні ў якім разе нельга адаграваць абмарожаныя ўчасткі гарачай вадой ці расціраць снегам. На абмарожанае месца трэба накласці павязку з марлі, ваты, поліэтылену і абавязкова звярнуцца за медыцынскай дапамогай.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ
Действительно, стоит проявлять осторожность.