Згодна Ляхавіцкай раённай праграмы па развіцці малочнай галіны, сёлета 85 працэнтаў малака трэба прадаць на перапрацоўку гатункамі экстра і вышэйшым, другога гатунку быць не павінна

Праграма, распрацаваная на 2011- 2015 гады, прадугледжвае значныя штогадовыя станоўчыя перамены ў малочнай галіне раёна. За няпоўныя 2 гады рэканструявана 15 малочнатаварных фермаў, а ў СВК “Шлях новы” пабудавана сучасная МТФ, павялічылася колькасць кароў (грамадскі статак сёлета налічвае 11020 галоў), на 4 працэнты вырасла валавая вытворчасць малака. За гэты перыяд на 37 кілаграмаў павялічыўся надой на карову і склаў 4913 кілаграмаў.

Здаецца, малочная жывёлагадоўля ў раёне пачала набіраць тэмпы аднаўлення. Аднак, па словах галоўнага заатэхніка райсельгасхарчу Аляксея Шытава, гэтыя тэмпы склалі ўсяго 83,9 працэнта ад запланаванага. У чым прычына? Напрыклад, СВК “Жарабковічы” не выканаў заданне па павелічэнні пагалоўя кароў (пры заданні 2195 ёсць 2045). Валавая вытворчасць малака ў большасці гаспадарак склала 100 і больш працэнтаў да ўзроўню 2012 года, а ў СВК “Дарава” – 91,2 працэнта, “Ліпнянка” – 80,9, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – 82 працэнты. У гэтых жа гаспадарках зменшыўся і надой на карову, што ў канчатковым выніку дало агульнараённы мінус: пры плане 5905 кілаграмаў малака ад каровы фактычна надоена 4913 (мінус 992 кілаграмы). Толькі адна гаспадарка – СВК “Ляхавіцкі” – крочыць у нагу з патрабаваннямі праграмы і нават апярэджвае падзеі: пры запланаваных 7070 кілаграмах фактычны надой на карову склаў 7217 кілаграмаў малака.

Засталося зусім мала часу да заканчэння 2013 года, на які ўскладаліся вялікія спадзяванні ў плане павелічэння вытворчасці прадукцыі. Аднак за 9 месяцаў валавая вытворчасць малака па раёне склала толькі 95,2 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года. І зноў-такі па той прычыне, што некаторыя гаспадаркі не лічаць гэтае адставанне праблемай. СВК “Жарабковічы” здаў малака ў заліковай вазе 5675,9 тоны – 89,3 працэнта (для параўнання: з СВК “Шлях новы” паступіла 9187,8 тоны), “Ліпнянка” – 95,1 працэнта, “Востраў-Агра” – 88,5, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – 87,7, ЗАТ “Белпрампрыбор” – 75,8 працэнта. Надой на карову па раёне за гэты перыяд зменшыўся на 236 кілаграмаў і склаў 3589 кілаграмаў малака. А ўсё таму, што на 1176 кілаграмаў малака менш, як летась у гэты ж перыяд, на кожную карову надаілі ў ЗАТ “Белпрампрыбор”, на 429 – у ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, на 413 кілаграмаў менш – у СВК “Жарабковічы”. Праблема яшчэ і ў тым, што ў большасці гаспадарак раёна слаба працуюць над задачай, здавалася б, першаступеннай важнасці – павышэннем якасных параметраў атрымліваемага малака. Ужо не адзін год стаіць задача здаваць на перапрацоўку малако гатункамі экстра і вышэйшым – не менш як 85 працэнтаў, другога гатунку прадукцыі наогул не павінна быць. Аднак за студзень-верасень па раёне атрымана 20,4 працэнта малака гатунку экстра, 57,3 – вышэйшага, 20,4 – першага, 1,9 – другога гатунку. Улічваючы адчувальныя даплаты дзяржавы за высакаякасную прадукцыю, сель-гаспрадпрыемствы губляюць вялізарныя грошы, прычым “жывыя”, якія маглі б паступаць на рахункі кожную пяцідзёнку, накіроўвацца, у тым ліку, і на павышэнне зарплаты. Разлікі намесніка начальніка райсельгасхарчу Ірыны Страмавус уражваюць. Напрыклад, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” за 9 месяцаў здаў малака ў заліковай вазе 2870,7 тоны. Гатунку экстра наогул не значыцца, 27 працэнтаў – вышэйшым, 62,2 – першым, 10,8 працэнта малака прададзена другім гатункам. З-за нізкай якасці прадукцыі сельгаспрадпрыемства недаатрымала 1749,4 мільёна рублёў. За гэтыя грошы, напрыклад, сярэднямесячную зарплату работнікаў можна было б павялічыць на 430 тысяч рублёў. Амаль на 300 тысяч рублёў мелі б прыбаўку да зарплаты і ў СВК “Востраў-Агра”, каб клапаціліся пра якасць малака: з-за таго, што 60,9 працэнта малака прада-дзена вышэйшым гатункам, 27,9 – першым, 11,2 працэнта другім гатункам, недаатрымана 339,3 мільёна рублёў. На 315 тысяч рублёў больш мелі б у сваіх кашальках працаўнікі СВК “Ліпнянка”(недаатрыма- на 446,9 мільёна рублёў), у СВК “Тальмінавічы” сярэдняя зарплата падрасла б на 330 тысяч – неда-атрымана 555,7 мільёна рублёў.

Як адзначае Ірына Страмавус, ні аднаго кілаграма малака не здалі гатункам экстра СВК “Жарабковічы”, “Дарава”, ДП “Нача”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, прадукцыі другога гатунку, якога наогул не павінна быць, прыбаўляецца.

Праблемы, што перашкаджаюць малочнай жывёлагадоўлі раёна выйсці з тупіка, даўно вядомыя. Вырашыць іх у адзін момант немагчыма, патрэбны штодзённыя намаганні, выкананне шматлікіх мерапрыемстваў, якія, дарэчы, выкладзены ў раённай праграме па развіцці малочнай жывёлагадоўлі. Іншая справа, што ў многіх сельгаскааператывах яна ўспрымаецца ўсяго як паператворчасць. Напрыклад, пытанні, якія датычаць аднаўлення статка: за 2011-2012 гады ставілася задача атрымаць на 100 кароў 85 цялят. Атрымалі 70. Толькі СВК “Ляхавіцкі” паспяхова справіўся з заданнем. За 9 месяцаў сёлета па раёне пакуль што налічваецца 52 цяляці на 100 кароў (чакаецца 72), але, у той жа час, у СВК “Дарава” – толькі 45, ДП “Нача” – 46, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – 43, нізкія паказчыкі ў СВК “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”. Усё гэта нездавальняючы вынік работы ў тым ліку ветэрынарна-заатэхнічнай службы, спецыялістаў-асемянатараў, бедныя і незбалансаваныя рацыёны кармлення жывёлін. Па гэтых прычынах не выканана заданне мінулых гадоў па сярэднясутачных прывагах рамонтных цялушак. З ім справіліся толькі СВК “Жарабковічы”, “Ляхавіцкі”, “Шлях новы”. Праўда, сёлета на працягу 9 месяцаў некаторыя сельгаспрадпрыемствы імкнуцца навярстаць упушчанае. І ўсё ж ніжэй сярэднераённага паказчыка застаюцца прывагі рамонтных цялушак у ЗАТ “Белпрампрыбор”, СВК “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Карацей, як і чым кармілі, тое і атрымалі. З нарыхтаванага на мінулую зімоўку сенажу 78 працэнтаў было аднесена да “някласнага” – па ўтрыманні ў ім сухога рэчыва, 21 працэнт палічылі няякасным па прычыне вялікага ўтрымання маслянай кіслаты.

Што рыхтуе нам наступаючая зімоўка? Як расказвае галоўны спе-цыяліст райсельгасхарчу па кормавытворчасці Ігар Яварчук, у некаторых сельгаспрадпрыемствах ужо цяпер назіраецца незбалансаванасць рацыёнаў кармлення буйной рагатай жывёлы. На канец кастрычніка па раёне было нарыхтавана 79,4 працэнта сенажу да патрэбнай колькасці. У СВК “Жарабковічы”, напрыклад, – 44,3 працэнта, у ЗАТ “Белпрампрыбор” – 21,8, у СВК “Ліпнянка” – 68,3, “Востраў-Агра” – 51,4 працэнта. У гэтых гаспадарках і сіласу мала.

Спецыялісты райсельгасхарчу прааналізавалі, як на працягу 9 месяцаў выкарыстоўваліся камбі-кармы для малочнага статка. Аказалася, што ад плануемай колькасці зрасходавана 57 працэнтаў. Іменна з-за гэтага, як лічаць спецыялісты, недабрана 2500 тон малака. За гэты ж перыяд патрэбна было зрасходаваць 1100 тон бялковаўтрымліваючых дабавак, фактычна выкарыс-тана 720 тон і недаатры-мана 450 тон малака.

Аналізуючы праграму развіцця малочнай жывёлагадоўлі ў раёне, здзіўляешся некаторым момантам: па сутнасці, распрацаваны расклад работы для кожнага сельгаспрадпрыемства, заснаваны на навуковых даследаваннях, з выкарыстаннем новых эфектыўных тэхналогій, супастаўленых з наяўнымі рэсурсамі і магчымасцямі. Можна сказаць, вывераны кожны крок. Але застаюцца гэтыя разлікі і рэкамендацыі часта толькі на паперы. Зазірнуць у іх, асэнсаваць, узяць на ўзбраенне перашкаджаюць, відаць, абыякавасць, раўнадушша і безгаспадарчасць многіх кіраўнікоў, якія прыкрываюцца шырмай дзелавітасці, дасведчанасці ва ўсіх справах. Між тым, даўно пара па-сапраўднаму працаваць у тандэме з раённымі спецыялістамі. Тады, напэўна, і вынікі будуць абнадзейваць.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *