Здаецца, пра СВК “Ляхавіцкі” ў раёнцы ўжо сказана ўсё, што можна сказаць пра трывалую гаспадарку

Аляксандр Вітко і яго каманда.

Здаецца, пра СВК “Ляхавіцкі” ў раёнцы ўжо сказана ўсё, што можна сказаць пра трывалую гаспадарку; што ўсе эпітэты адрасаваны дружнаму, згуртаванаму калектыву, які плённа працуе на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў на чале з унікальным кіраўніком, Заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Вітко.

Сёлета дабавілася новых фактаў і аргументаў з жыцця цёзкі раёна. І ўсе яны просяцца ў адну фразу: такіх бы цёзак ды паболей!

З васьмі ляхавіцкіх адрасоў абласных пераможцаў на “Дажынках-2013” – тры русінавіцкія. Гаспадарка заняла трэцяе месца па вытворчасці зерневых і зернебабовых культур (валавы намалот 6717 тон, ураджайнасць 58,4 ц/га). Старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва абавязкова падкрэсліць, што бывалі вынікі і больш важкія. Але трэцяе месца на Брэстчыне гучыць прывабна. Такая ж узнагарода і ў маладога вадзіцеля Яўгенія Кірылы, які шчыраваў на адвозцы зерня і працай сваёй аргументаваў: молада – не зелена. Сярод пераможцаў абласных дажынак і галоўны аграном СВК Іван Вітко (пра яго – трохі пазней).

Добры “намалот” узнагарод у калектыва сёлета, як бачым, і па выніках раённага спаборніцтва.

СВК “Ляхавіцкі” – лідар па вырошчванні бульбы (накапалі 4522 тоны адборных клубняў пры ўраджайнасці 283 ц/га); па вытворчасці і продажы малака (рэалізавана 38,9 цэнтнера малака на 100 б/га – 105,5 працэнта да ўзроўню 2012 года, а надой на карову за 10 месяцаў склаў 6056 кілаграмаў. І ўсе 100 працэнтаў прадукцыі пастаўляюцца на перапрацоўчае прадпрыемства гатункамі экстра і вышэйшым).

Спраўна працуюць у гаспадарцы па вытворчасці і продажу мяса (на 100 б/га сельгасугоддзяў рэалізавана 49,5 цэнтнера, а сярэднясутачныя прывагі БРЖ склалі 777 грамаў). Гэтыя вынікі забяспечылі ”Ляхавіцкаму” 3 месца ў абласным спаборніцтве. А па вытворчасці прадукцыі ў натуральным выражэнні і ў пераразліку на бала-гектар – 2 месца.

Выдатна ідуць справы на МТФ “Русінавічы”, якою загадвае Эдуард Шэпет. Сам Эдуард Станіслававіч у спаборніцтве сярод калег на 2 месцы ў вобласці, а аператар па вырошчванні рамонтных цёлак Віктар Маслінскі – на 3-м. Сярод перадавікоў – аператары машыннага даення Галіна Красоўская, Раіса Маслінская і іх калегі, аператары па адкорме БРЖ Зоя Шклянік, Алег Плескацэвіч, якія сталі пераможцамі раённага спаборніцтва. Гонар і пашана ўсім удзельнікам жніва, асабліва такім, як экіпаж у складзе старшага камбайнера Сяргея Казакевіча і камбайнера Міхаіла Хлапяніка: стаў другім у раёне на ўборцы зерневых і першым па намалотах зерня кукурузы.

Па сутнасці, кожны з СВК “Ляхавіцкі” робіць уклад у агульную справу. У каго вынік вышэйшы, той па праву носіць званне перадавіка. Самы вопытны, канешне, старшыня. Аляксандр Іванавіч здолеў зрабіць тое, што не ў кожнага кіраўніка атрымліваецца: ён стварыў калектыў. Сярод іншага, менавіта гэта гаспадарка сёлета занесена на абласную Дошку гонару.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аператары машыннага даення Галіна Красоўская і Раіса Маслінская.

Загадчык фермы Эдуард Шэпет.

Аператары па вырошчванні маладняку Надзея Асаскала і Алена Казакевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *