Мадэрнізацыя нон-стоп

Рабочы момант. Дырэктар Вячаслаў Жукоўскі і інжынер-энергетык Сяргей Страмавус.

З-за частага ўжывання слова “мадэрнізацыя” часам здаецца ці не родным па гучанні. Хоць бы і так, але беларускамоўная копія загалоўка – удасканаленне без перапынку – больш інфарматыўная, лепш раскрывае сутнасць. Хоць бы таму, што мадэрнізацыя ёсць не толькі абнаўленне асноўнага абсталявання – сэнс у тым закладзены куды больш глыбокі. Гэта і “прыход” новых вытворчых і ўпраўленчых тэхналогій, інфраструктурныя змены, якасць работнікаў… Пад апошнім маецца на ўвазе прафесійная падрыхтоўка людзей, іх адукацыйны ўзровень, працоўная дакладнасць, дысцыпліна і культура, асабістая зацікаўленасць у фінішных выніках работы не толькі свайго падраздзялення, а і прадпрыемства ў цэлым.

Калі прытрымлівацца прыведзенай вышэй шкалы ацэнак, СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, бадай, стаіць першым у рэйтынгу дасканаласці сярод прадпрыемстваў раёна. Больш таго, па шэрагу пазіцый завод гатовы даць фору галіновым кампаніям вобласці і рэспублікі. Нягледзячы ні на што, мадэрнізацыя нон-стоп – гэта пра іх. Дырэктар Вячаслаў Жукоўскі гаворыць так: “Планы вельмі напоўненыя. Фактычна кожны месяц укараняецца нешта новае. Хоць на справе не заўсёды атрымліваецца паспяваць за сваімі ж планамі. Пры гэтым галоўным крытэрыем “за” або “супраць” любога новаўвядзення з’яўляецца тэрмін яго акупнасці”.

Мадэрнавая рэканструкцыя заводскай кацельні пачалася не сёлета, але фінішным стаў іменна 2013-ы. З устаноўкай другога новага парагенератарнага і вадагрэйнага катлоў практычна ўсё старое (чытай – нізкаэфектыўнае) асноўнае абсталяванне выведзена з эксплуатацыі. Работу яшчэ нядаўна пяці катлаагрэгатаў зараз з запасам выконваюць толькі два. Пры гэтым дасягнута прыкладна 20-працэнтная эканомія энергарэсурсаў. А за кошт таго, што значную частку функцый “узяла” на сябе аўтаматыка, зменшылася і колькасць абслуговага персаналу. Праект каштаваў больш за 3 мільярды рублёў, а замест снежня па плане здача “пад ключ” адбылася ў кастрычніку.

Распачатую летась істотную рэканструкцыю атрымаў сёлета і прыёмна-апаратны цэх прадпрыемства. З назвы зразумела, што цэх з’яўляецца першым звяном заводскага тэхналагічнага ланцуга. Сюды з сельгасарганізацый і прыватных падворкаў малако “сцякаецца”, робіцца адбор проб для ацэнкі яго якасных характарыстык, ажыццяўляецца сепарацыя на цяжкую і лёгкую фракцыі – вяршкі і абястлушчанае малако, інакш і зусім дакладна кажучы, – ахаладжэнне і пастэрызацыя. Гаворым пра рэканструкцыю – маем на ўвазе іменна мантаж новай пастэрызацыйна-ахаладжальнай устаноўкі. У грашовым эквіваленце гэта каштавала прыкладна таго ж, што і ў выпадку з кацельняй. Што ўзамен? Больш поўным і глыбокім стаў вынік сепарацыі, відавочна зменшылася энергаспажыванне, працэс атрымаў поўную аўтаматызацыю. Як растлумачыў галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Клапаток, сістэма працуе фактычна без умяшальніцтва чалавека, што, апроч іншага, не дапускае магчымасці “ручнога” ўздзеяння на працэс і, адпаведна, якасць прадукту. Тэхніка можа ламацца, выходзіць са строю, але не ўмее халтурыць. Да таго ж, адбываецца камп’ютарная архівацыя асноўных тэхналагічных параметраў. Пры неабходнасці дакапацца да ісціны можна праз тыдзень, два, месяц.

Укладанні ў структурныя падраздзяленні дапаможнага ўчастка завода значныя і відавочныя. У прамым сэнсе, варта толькі зайсці, напрыклад, у “слясарку” і паглядзець, якой сучаснай яна стала пасля выканання комплексу ўнутраных рамонтна-будаўнічых работ, частковай замены рамонтна-аднаўленчага абсталявання і іншага. У планах – тое ж, а то і лепш у адносінах астатніх службаў згаданага ўчастка.

Апроч эканоміі рэсурсаў, павышэння якасных характарыстык вытворчасці яшчэ адным плюсам любых мадэрнізацыйных намаганняў з’яўляецца (прынамсі – так быць павінна) паляпшэнне ўмоў працы вытворчага персаналу. У першую чаргу, з гэтага пункту гледжання трэба разглядаць распачатую заводам планавую замену аўтатранспарту, што задзейнічаны на дастаўцы-развозцы гатовай прадукцыі. Геаграфія яе спажыўцоў вельмі шырокая і даволі далёкая. У некаторыя дні вадзіцель за змену пераадольвае на колах 700-800 кіламетраў. Ужо ці пакуль закуплена тры новыя сучасныя аўто. Перавага не толькі ў эрганамічнасці вадзіцельскага месца – у іншым расходзе паліва, скорасці, манеўранасці, меншых эксплуатацыйных расходах, надзейнасці. Быць адным з іх, думаецца, жадалі б многія з землякоў. Вабіць заработная плата, умовы працы, бонусы па прафсаюзнай лініі, прадугледжаныя калектыўным дагаворам, магчыма, нешта сваё ў кожным канкрэтным выпадку. Але што датычыцца, напрыклад, заработнай платы, ключавым з’яўляецца першае слова. “Зарплата нядрэнная і “завязана” на прадукцыйнасць працы, якая расце апераджальнымі тэмпамі. Заробленае ж імкнёмся па максімуме аддаць людзям. Яны і ёсць галоўны наш капітал, прычым з адпаведнай кваліфікацыйнай падрыхтоўкай. Абавязковы таксама сумленыя адносіны да працы, дысцыпліна. Лічу, што пры ўмове выканання гэтай няхітрай, увогуле, формулы кожнае прадпрыемства можа быць ці стаць паспяховым”, – словы Вячаслава Жукоўскага, думаецца, нядрэнна падыходзяць у якасці эпілога пад прапанаваны матэрыял.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *