У Ляхавіцкага РАУС з’явіўся новы адрас

Прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, УУС Брэсцкага аблвыканкама, кіраўніцтва раёна, асабовы састаў РАУС, ветэраны міліцэйскай службы, вучні і настаўнікі профільнага класа Крывошынскай СШ сабраліся ў мінулы чацвер у райцэнтры на вуліцы Дзесюкевіча на ўрачыстае адкрыццё новага будынка РАУС.

Як адзначыў намеснік міністра МУС Віктар Дубавец, сучасны, аснашчаны спецыяльна распрацаванымі сродкамі сувязі і сігналізацыі будынак узведзены па інвестыцыйнай праграме са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Сёння працоўныя месцы ляхавіцкіх міліцыянераў – адны з самых камфортных у краіне. У якасці падарунка ад міністэрства начальніку РАУС Аляксандру Ермакову былі перададзены ключы ад новага службовага аўтамабіля.

Асабовы састаў РАУС павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч і ўручыў падарунак ад райвыканкама і райсавета – прыбор для вымярэння скорасці і відэафіксацыі.

Блаславіў прысутных на сумленную службу і асвяціў новы будынак благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко.

Лепшым супрацоўнікам уручаны нагрудныя знакі і адрасаваны падзякі. Віктар Дубавец, Яўгеній Юрлевіч і кіраўнік будаўніча-мантажнага прадпрыемства № 294 Сяргей Касачук перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку. З наваселлем, РАУС!

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *