Сёлетнюю ўборачную кампанію ў ДП «Нача»правялі паспяхова, аднымі з першых у Ляхавіцкім раёне ўбралі зерневыя
«Здолелі, аднак!»
Дзяржаўнае прадпрыемства “Нача” адно з нямногіх у раёне па выніках работы за 10 месяцаў павялічыла надоі малака ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года – на 2 працэнты. Як лічыць дырэктар прадпрыемства Мікалай Тарлюк, зрух у малочнай жывёлагадоўлі намеціўся дзякуючы таму, што сталі ўдзяляць больш увагі яе развіццю. Сваімі сіламі адрамантавалі 2 кароўнікі, да канца снежня будзе прыведзены ў парадак і заселены цялятнік.
Залог поспеху і добрая кармавая база. Сёлета ў “Начы” назапасілі каля 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы – так вызначаецца зімовы кармавы стол грамадскага статка гаспадаркі, які яшчэ пабагацее і за кошт канцэнтратаў.
Сёлетнюю ўборачную кампанію правялі паспяхова, аднымі з першых у раёне ўбралі зерневыя. Экіпаж камбайна ў складзе Уладзіміра Шкляніка і Віктара Шастака яшчэ і суседзям дапамог – шчыраваў на палетках СВК “Шлях новы”. Наогул, жніво для хлебаробаў спрадвеку лічыцца самым адказным этапам сельскагаспадарчага года. І гэтае пачуццё адказнасці і абавязковасці перадаецца з пакалення ў пакаленне. Сёлета з чатырох экіпажаў камбайнераў два былі сямейныя: браты Віталій і Сяргей Васюкевічы, цесць і зяць Уладзімір Дыдышка і Аляксандр Шастак – вельмі стараліся. Адказна працавалі і вадзіцелі. Аляксандр Трыбухоўскі і Уладзімір Падгурскі аказаліся сярод пераможцаў раённага спаборніцтва на адвозцы зерня.