С 15 по 30 ноября в Ляховичским районе проходит акция «Нет прожигай свою жизнь»

З 15 па 30 лістапада ў Ляхавіцкім раёне праходзіць акцыя “Не прапальвай сваё жыццё”, накіраваная на папярэджанне пажараў і гібелі людзей па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ў ложку ў нецвярозым стане.

Толькі з пачатку бягучага года на тэрыторыі раёна па прычыне курэння ў ложку ў нецвярозым стане адбылося 7 пажараў, 2 чалавекі загінулі. Сюжэт гэтых трагічных выпадкаў банальны: выпіў-закурыў-заснуў… Цыгарэта падае, спачатку ад яе загараецца ложак, а затым і мэбля ў кватэры. Не ўсе ведаюць, што тэмпература тлеючай цыгарэты больш за 300 градусаў, час яе тлення 30 хвілін.

Пра шкоду курэння шмат сказана і напісана. Але заўзятых курцоў нічым не напалохаеш. Тут да месца ўзгадаць нядаўні візіт у аграгарадок Востраў. Чарговая праверка жыллёвага сектара. Адрасаты добра вядомыя. Зайшлі ў кватэру, адразу ў вочы кінуліся раскіданыя каля ложка недакуркі, пустыя бутэлькі. “Курыце ў ложку… А ці ведаеце, чым гэта можа скончыцца?” – запыталіся мы ў гас-падара. “Куру, прычым даўно, – пачуўся рашучы адказ. – Але я ўпэўнены, што са мною нічога не здарыцца. Раней не гарэў, значыць, і цяпер бяда міне”.

Адкуль упэўненасць у чалавека, нядбайнасць і неасцярожнасць якога ўзялі верх над коштам жыцця?

Для таго, каб пазбегнуць трагічных наступстваў, трэба выконваць элементарныя правілы пажарнай бяспекі. Ні ў якім разе не курыце ў ложку ў нецвярозым стане. Не курыце паблізу легкаўзгаральных матэрыялаў. Выкарыстоўвайце попельніцы з негаручага матэрыялу. Не забывайцеся чысціць іх ад смецця. Памятайце: бяскрыўдная на першы погляд цыгарэта можа каштаваць вам жыцця.

У цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне аб узгаранні жылога дома ў вёсцы Тальмінавічы. На месца здарэння прыбылі падраздзяленні ПАВП №13 в.Тальмінавічы і ПАВЧ №1 г. Ляхавічы. Ім удалося агонь патушыць. Як высветлілася пасля, у доме пражывала жанчына і двое малалетніх дзяцей – 3 і 5 гадоў. Непрадбачлівая маці пакінула малых без нагляду і пайшла на работу, дзверы замкнула. Тым часам трохгадовы хлопчык знайшоў запалкі і падпаліў цацку. Загарэліся пасцельныя рэчы, агонь перакінуўся на дамашнія прадметы. Калі стала цяжка дыхаць, дзеці выбеглі ў калідор, пачалі плакаць.

Невядома, чым усё скончылася б, каб не шчаслівая выпадковасць. Мацярынскае сэрца, відаць, пачула бяду, і жанчына прыбегла дамоў…

У выніку пажару агнём пашкоджаны сцены, перакрыцці і маёмасць. На шчасце, абышлося без дзіцячых ахвяр. Зводкі РАНС зафіксавалі першы ў гэтым годзе выпадак пажару па прычыне дзіцячага свавольства з агнём. Гэта як напамін і перасцярога бацькам і ўсім дарослым: трэба прытрымлівацца элементарных правілаў пажарнай бяспекі. І дзецям трэба тлумачыць, што гуляць з запалкамі, распальваць вогнішча, карыстацца электрычнымі і газавымі прыборамі небяспечна, таму забараняецца. Раскажыце дзецям, як трэба паводзіць сябе падчас пажару. А самае галоўнае – не пакідайце малых без нагляду.

Ірына ТУКАЙ,

спецыяліст РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *