Факт-экспрэс-навіны Ляхавіччыны
З УЗНАГАРОДАЙ! Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны: за шматгадовую плённую працу, высокія паказчыкі і ў сувязі з 95-годдзем утварэння саюздруку – прадавец раённага аддзялення Брэстаблсаюздруку Ірына СЛІМКО; за добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, адказнае стаўленне да работы, высокую працоўную дысцыпліну і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці – намеснік галоўнага бухгалтара цэнтралізаванай бухгалтэрыі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена ЗАХАРАНКА.
НАЗНАЧЭННІ. На пасаду начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама назначаны Юрый Генадзьевіч НЕСЦЯРОВІЧ, які раней працаваў намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.
Новы кіраўнік і ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Навучальную установу ўзначаліла Алена Эдуардаўна АБАРАВА, якая да гэтага загадвала кафедрай аграрных дысцыплін у Баранавіцкім дзяржуніверсітэце.
ТУРНІР. 22-24 лістапада ў легкаатлетычным манежы абласной СДЮШАР (г.Брэст) праходзіць V Міждзяржаўны турнір па вольнай і грэка-рымскай барацьбе памяці першага Героя Беларусі Уладзіміра Карвата.
БЯСПЕКА. З 19 па 22 лістапада праводзілася рэспубліканская прафілактычная акцыя “Змяні шыны на сваёй машыне”. Як паведаміў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Мікалай Дылеўскі, хоць норма сезоннай змены шын носіць у Беларусі рэкамендацыйны характар, але “пераабуванне” аўто – справа надзвычай важная і сур’ёзна ўплывае на бяспеку дарожнага руху.