Сделанная вовремя прививка — гарантия здоровья в разгар эпидемии

«Прышчэпку зрабіць і грыпу не баяцца».

Восень і зіма – перыяды пад’ёму захворванняў на вострыя вірусныя інфекцыі і грып. А яны небяспечныя, у першую чаргу, сваімі ўскладненнямі: як непасрэднымі, звязанымі з таксічным уздзеяннем вірусу на нервовую, сардэчна-сасудзістую сістэмы чалавека, так і падаўленнем імунітэту і звязаным з гэтым узнікненнем другаснай інфекцыі, якая выклікае бактэрыяльныя пнеўманіі, міякардыты, атыты і іншыя небяспечныя хваробы.

Асабліва цяжка грып працякае ў пажылых і дзяцей, бо менавіта ў іх найбольш высокая рызыка развіцця ўскладненняў. Даказана, што адзіны надзейны спосаб пазбегнуць грыпу – вакцынацыя. Таму штогадовая антыгрыпозная прышчэпка павінна стаць звычкай.

Вірус грыпу перадаецца ад чалавека да чалавека вельмі лёгка і непрыкметна: пры размове, кашлі, чханні. Заразіцца можна на рабоце, у грамадскім транспарце, магазіне, на вуліцы, школе ці дзіцячым садзе.

Пачынаючы з 2010 года, у нашай краіне для імунізацыі насельніцтва выкарыстоўваюцца грыпозныя вакцыны, якія не ўтрымліваюць жывы вірус грыпу, а толькі яго асобныя часткі, вельмі важныя для фарміравання абароны арганізма. Усе дазволеныя да прымянення вакцыны абавязкова праходзяць кантроль якасці і рэгістрацыю ў Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. У склад вакцыны ўваходзіць 3 штамы вірусу грыпу, найбольш актуальныя для эпідсезона. Гэта высокаачышчаны прэпарат, які добра пераносіцца і дзецьмі, і дарослымі. Мясцовыя і агульныя рэакцыі на прышчэпку, як правіла, адсутнічаюць ці бываюць нязначнымі (пачырваненне скуры, балючасць у месцы ўвядзення, вельмі рэдка адзначаюцца павышэнне тэмпературы цела, непрацяглы галаўны боль, якія знікаюць самастойна праз 1-3 дні).

У перахварэўшых на грып імунітэт фарміруецца толькі да таго штаму вірусу, якім яны перахварэлі. А вакцынацыя дазваляе сфарміраваць імунітэт да ўсіх 3 штамаў і тым самым максімальна павялічыць колькасць людзей, якія маюць устойлівасць да вірусу, знізіць захворванне як сярод прышчэпленых, так і тых, хто гэтага па розных прычынах не зрабіў. Шэраг вакцын (у прыватнасці, флюваксін) у насаглотцы фарміруе мясцовы імунітэт, які блакіруе размнажэнне рэспіраторных вірусаў на слізістых абалонках. За кошт гэтага эфекту, а таксама дзякуючы стымуляцыі клетачнага імунітэту, у 25-30 чалавек са 100 прышчэпленых фарміруецца абарона не толькі ад грыпу, але і ад іншых рэспіраторных інфекцый.

Лепш за ўсё рабіць прышчэпку ў верасні-лістападзе. Менавіта на працягу 2-3 тыдняў пасля вакцынацыі фарміруецца абаронны ўзровень антыцелаў, якія ставяць заслон супраць грыпу на працягу 6-12 месяцаў.

Як і ў мінулыя гады, сёлета вакцынацыя праводзіцца за кошт бюджэтных сродкаў, фінансаў прадпрыемстваў і арганізацый, асабістых сродкаў грамадзян. Перад тым, як зрабіць прышчэпку, урач павінен агледзець пацыента, часовае супрацьпаказанне – абвастрэнне хранічных хвароб.

Зробленая своечасова прышчэпка – гарантыя здароўя ў разгар эпідэміі.

Таццяна УСЦЮШКОВА,

урач-валеолаг райбальніцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *