55 гадоў назад нарадзіўся першы Герой Беларусі Уладзімір Карват
«Слова пра сапраўднага чалавека».
Нарадзіўся Уладзімір Мікалаевіч Карват 28 лістапада 1958 года ў Брэсце. Амаль усё ў жыцці будучага першага Героя Беларусі было, як ва ўсіх яго равеснікаў, якія вучыліся разам з ім у адной са школ Брэста. У дзяцінстве разам з сябрамі ён часта прыходзіў у крэпасць. Для хлопчыкаў сапраўднай школай мужнасці сталі руіны цытадэлі. Яны расказвалі пра сапраўдны гераізм, пра тое, што за справядлівую справу трэба змагацца да канца. Як успамінаюць педагогі, вучыўся Валодзя лёгка і ахвотна, хоць выдатнікам быць не імкнуўся. Вызначаўся хіба што сваёй спартыўнасцю, вельмі любіў футбол – трэнеры нават прадказвалі яму добрую футбольную кар’еру ў камандзе майстроў. Але Карват марыў пра неба, і пытання аб выбары прафесіі ў хлопца не было.
Ён вырашыў стаць абаронцам Радзімы. У 1977 годзе паступіў у Армавірскае вышэйшае ваенна-авіяцыйнае вучылішча. Прычым, у адрозненне ад школы, у вучылішчы ён заўсёды быў толькі лепшым, як і ўсе 15 гадоў свайго лётнага жыцця. Служыў і лятаў Карват толькі на «выдатна».
Усё вельмі добра складвалася і ў асабістым жыцці. Са сваёй будучай жонкай Нінай пазнаёміўся яшчэ ў школьныя гады – яна часта прыязджала ў госці да сваёй бабулі, якая жыла па суседству з іх сям’ёй.
Пасля заканчэння Армавірскага ваенна-авіяцыйнага вучылішча Уладзімір атрымаў размеркаванне на службу на Далёкі Усход – за тысячы кіламетраў ад роднага дома. Ніна, як і належыць ад-данай жонцы афіцэра, паехала за мужам. У ваенным пасёлку Калінка Хабараўскага края яны пражылі 13 гадоў. Сям’я Карвата лічылася дружнай, пра такіх мужа і жонку гавораць – «адно цэлае». У іх нарадзілася двое дзяцей – дачка і сын.
У часці Уладзімір Карват прайшоў шлях ад лётчыка да намесніка камандзіра палка па лётнай падрыхтоўцы. Лятаў на самалёце МіГ-23. Кар’ера складвалася ўдачна, але ўсё ж лётчык ірваўся ў родныя мясціны. Летам 1994 года ён прыбыў для праходжання службы ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, а 11 верасня 1994 года прыняў прысягу на вернасць беларускаму народу.
У Міністэрстве абароны Беларусі Уладзімір Карват атрымаў назначэнне ў горад Баранавічы ў 61-ю знішчальную авіябазу на адказную пасаду начальніка паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі. Набыты да гэтага часу вялікі прафесійны вопыт даваў магчымасць Карвату з першых дзён адчуваць сябе на новай пасадзе ўпэўнена і паспяхова спраўляцца са складанасцямі. Да таго ж па сваім характары Карват быў чалавекам адкрытым, жыццярадасным, з добрым пачуццём гумару, тактоўным і далікатным, таму ў калектыве авіябазы яго адразу ж палюбілі.
У арміі месца кіраўніка – не за пісьмовым сталом. Камандзір выхоўвае перш за ўсё асабістым прыкладам. Уладзімір Карват быў сапраўдным асам, шчодра дзяліўся з падначаленымі сакрэтамі майстэрства.
Высокі прафесіяналізм дапамог яму прыняць цяжкае, але адзіна правільнае рашэнне ў няштатнай сітуацыі. 23 мая 1996 года падпалкоўнік Карват выконваў вучэбна-трэніровачны палёт згодна з практыкаваннем 314 «Курса баявой падрыхтоўкі знішчальнай авіяцыі» на самалёце Су-27П. У 22 гадзіны 54 мінуты на самалёце ўзнік пажар. Машына стала страчваць кіраванне і падаць. Сітуацыя на борце была крытычнай. Кіраўнік палётаў даў каманду на катапультаванне. І няма сумнення, што лётчык мог бы гэта зрабіць, але Уладзімір Карват, нягледзячы на штосекундную небяспеку ўзрыву самалёта, прыняў мужнае рашэнне: што б там ні было накіраваць самалёт убок і не дапусціць падзення машыны ў густанаселеным раёне. Наперадзе знаходзіліся населеныя пункты Арабаўшчына і Вялікае Гацішча Баранавіцкага раёна.
Паводле заключэння камісіі, якая расследавала прычыны авіяцыйнай катастрофы, і на падставе аб’ектыўнага кантролю ўстаноўлена, што лётчык да апошняй мінуты рабіў усё магчымае для недапушчэння падзення знішчальніка на населеныя пункты. Карват, паводле паказанняў чорнай скрыні, практычна да апошняй секунды сціскаў рычагі кіравання, спрабуючы зрабіць немагчымае – падпарадкаваць машыну і адвесці яе ад вёскі. Пакуль самалёт, устаўшы ў апошняе імгненне на дыбкі, не ўпаў на зямлю, пераляцеўшы вёску амаль на кіламетр. Гэта быў не проста кіламетр – з кожным з яго метраў былі намертва спаяны апошнія долі секунды жыцця мужнага пілота Уладзіміра Карвата. І наступныя мінуты, гадзіны, гады жыцця многіх дзясяткаў выратаваных ім жыццяў. Самалёт упаў і ўзарваўся на значнай адлегласці ад дамоў, у якіх ціха-мірна спалі людзі.
Сведкамі катастрофы сталі многія мясцовыя жыхары, якія паспяшаліся да абломкаў самалёта на дапамогу лётчыку. Праз 20 мінут прыбылі пажарныя з гарадскога пасёлка Гарадзішча. Удалося збіць полымя, не дапусціўшы ўзгарання кабіны, аднак лётчык загінуў пры падзенні самалёта. Цаной уласнага жыцця і дзякуючы лётнаму майстэрству падпалкоўнік Карват не дапусціў падзення самалёта на населены пункт, чым выратаваў шмат чалавечых жыццяў.
Для жыхароў вёсак Арабаўшчына і Вялікае Гацішча Баранавіцкага раёна 23 мая 1996 года стала днём другога нараджэння, а для падпалкоўніка Карвата гэты дзень стаў апошнім.
Падпалкоўнік авіяцыі ваенны лётчык першага класа Уладзімір Карват загінуў у 37 гадоў. 21 лістапада 1996 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку яму было прысвоена званне Героя Беларусі (пасмяротна). Лётчык стаў першым Героем Беларусі.
У сакавіку 1997 года была прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб увекавечанні памяці Героя Беларусі, ваеннага лётчыка падпалкоўніка У. М. Карвата». У адпаведнасці з гэтай пастановай, імя героя-лётчыка было прысвоена сярэдняй школе №8 Брэста, дзе вучыўся Уладзімір Карват. Была заснавана імянная стыпендыя Героя Беларусі, якая выдаецца лепшаму курсанту авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
Загадам Міністра абароны Беларусі падпалкоўнік Уладзімір Карват навечна залічаны ў спісы асабовага складу 1-й авіяцыйнай эскадрыллі 61-й знішчальнай авіябазы, у якой служыў Герой. У часці, па месцы службы афіцэра, адкрыты музей, а на будынку штаба ўстаноўлена мемарыяльная дошка. На месцы катастрофы ўстаноўлены памятны знак, а ў цэнтры вёскі Арабаўшчына – помнік з мемарыяльнай дошкай у гонар гераічнага лётчыка. У гонар афіцэра названы вуліцы ў Мінску, Брэсце і вёсцы Арабаўшчына, а таксама яго імя мае сквер і бульвар у Баранавічах.
У памяць аб Уладзіміры ў доме яго жонкі Ніны Карват засталіся фатаграфіі, яго наручны гадзіннік «Штурманскі», які спыніўся ў момант трагедыі, асабістыя дакументы. А яшчэ ўзнагароды, у тым ліку і ўзнагарода, якая заўсёды будзе памяццю пра так і не заваяванае да канца вялікае неба Уладзіміра Карвата, – «Залатая Зорка» Героя Беларусі пад нумарам 1.
БЕЛТА.