Ляховичи: читали. И читать будем

Калі адкрываеш чарговую кнігу, нібы трапляеш у іншую рэальнасць. Дзякуючы кнігам, атрымліваеш не толькі станоўчыя эмоцыі, але і вучышся, пазнаеш новае.

Якую ж кнігу выбраць? Часта задаю сабе гэтае пытанне, праходзячы ля стэлажоў, запоўненых разнастайнай літаратурай. А дапамагаюць мне адказаць на яго нашы бібліятэкары: заўсёды прыветлівыя і адкрытыя, яны раяць толькі лепшае і цікавае, хаця ўсе кнігі цудоўныя па-свойму. У Ляхавіцкай раённай дзіцячай бібліятэцы 4 работнікі: Джульета Аўсепян, Міхаіл Лучыц, Галіна Шыпіла і Галіна Навагран.

Джульета Вартанаўна, якая працуе ў дзіцячай бібліятэцы каля 7 гадоў, пераканана, што самае цікавае ў рабоце бібліятэкара – гэта зносіны з дзецьмі. А дзеці тут розныя: і маленькія, і вялікія. Узрост наведвальнікаў не абмежаваны, усё залежыць ад бацькоў, якія прывучаюць да чытання.

На працягу навучальнага года – усё і так зразумела. Але няўжо многа чытачоў прыходзіць у бібліятэку летам, пацікавілася я.

Джульета Вартанаўна запэўніла:

— Нямала! За дзень прыходзіць каля 40 хлопчыкаў і дзяўчынак. У асноўным чытаюць кнігі, якія зададзены па школьнай праграме. Таксама любяць чытаць прыгоды, кнігі Аляксандравай і Поснікава…

— Цікава, з гадамі чытачоў становіцца больш ці менш?

— Дзесяцігоддзі 2 назад было больш чытачоў, – прызналася Джульета Вартанаўна. – У магазінах кнігі былі вельмі дарагія, таму дзеці прыходзілі ў бібліятэкі. Зараз жа больш магчымасцяў, больш кніжных магазінаў.

Трэба сказаць, што прывабліваюць чытачоў не толькі самі кнігі, але і бібліятэкар: добры і ўважлівы да чытача. Ён, як псіхолаг, павінен знайсці падыход да самых розных наведвальнікаў.

Хацелася б дадаць: у бібліятэцы заўсёды ўтульна і светла, зручная чытальная зала, у якой можна знайсці шмат карыснай і патрэбнай інфармацыі. Ёсць некалькі камп’ютараў, за якімі часта можна ўбачыць школьнікаў.

У нас выдатная і бясплатная магчымасць для самаразвіцця. Давайце яе выкарыстоўваць і часцей прыходзіць у бібліятэку. Тут усім рады!

Ірына ШЛОЙДА,

член клуба БелАЮ “Заранка”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *