Калі надвор’е сябар
Пара-тройка дзён адносна, а часам і вельмі стабільнага надвор’я ўзнялі касавічныя намаганні раённых аграпрамыславікоў на пік актыўнасці. Што асабліва адзначаецца і вызначаецца – за гэтыя два дні сельгаспрадпрыемствы ўзбагаціліся сенам ці не ў паўтара дзесятка большай колькасцю, чым за ўсю касавіцу да таго. Са сціплых 30 тон на пачатак тыдня і да амаль 500 па стану на раніцу мінулай пятніцы. “Прарыўным” у гэтым сэнсе стаў чацвер, калі слупок тэрмометра падбіраўся да рэкордных сёлёта 30 градусаў і ніякага табе дажджу. Як вынік – амаль 260 тон дзённых сенанарыхтовак. ЗАТ “Белпрампрыбор”, СВК “Шлях новы”, “Дарава”, “Востраў-Агра”, “Канюхі”, РСУП “Нача”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс” – кожнае з названых прадпрыемстваў у рознай колькасці папоўніла свой сеназапас. Прыемна, аднак названыя паўтысячы тон – гэта ўсяго толькі каля 7 працэнтаў гадавой раённай патрэбнасці.
Увогуле ж, скошана палова з папярэдне вызначаных для таго без малога 11 тысяч гектараў травяных палеткаў, што, апроч сена, папоўніла грамадскі кормазапас раёна 16 тысячамі тон сенажу – прыкладна чвэрць планава неабходных аб’ёмаў. Высновы простыя: што тычыцца непасрэдна касьбы – пройдзена палова дыстанцыі. У плане закладкі сенажу – дыстанцыя ўдвая больш кароткая, сена ж не маем пакуль і дзесятай часткі ад вызначаных аб’ёмаў.
Іван КАВАЛЕНКА.