У вырашэнні формулы цяпла дапамагае Ляхавіцкі райпалівазбыт

«Формула цяпла».

Непадабенства значэнняў, якія мы ўкладваем у гэтае слова ў залежнасці ад сітуацыі, формулу цяпла прынцыпова не мяняе. Асноўная характарыстыка адна, і назва ёй камфорт. А пакрокавае апісанне шляхоў яго дасягнення – і ёсць формула, шляхі і спосабы рашэння якой вар’іруюцца ў кожным з выпадкаў.

Самым першым і самым банальным з выпадкаў з’яўляецца магчымасць падтрымання ў сваім жыллі цеплавой спрыяльнасці ў халодны перыяд года. Гутарка не пра шчаслівых пакупнікоў “гатовага” камунальнага цяпла ці тых, чые дамы “пасаджаны” на трубу з блакітным палівам. Ім прасцей, у параўнанні з землякамі, для якіх адзінай крыніцай цяпла ў доме з’яўляецца цвёрдае паліва.

Што важна, цвёрда гарантаваць сабе яго наяўнасць можна ў выпадку своечасовага клопату аб уласных запасах торфабрыкетаў і (ці) дроў. Канешне, калі некалькі соцень тысяч беларускіх рублёў для вас не сума, неабходныя “кубы” дроў можна набыць і ў прыватным парадку. Дастаткова пазваніць па аб’яве, якія час ад часу друкуюцца, у тым ліку, і ў “Ляхавіцкім весніку”. Як паказвае асабісты вопыт, хутчэй за ўсё чакаць давядзецца не доўга. Можна дамовіцца, у якім выглядзе пажадана, каб быў выкананы заказ, абмеркаваць іншыя ўмовы. Спыняе цана, нягледзячы на нібыта бонусную бясплатную дастаўку. Мець справу са спецыялізаваным іменна на забеспячэнні насельніцтва цвёрдымі відамі паліва прадпрыемствам, як мінімум, фінансава больш выгадна. Не навіна, аднак, і нагадаць не лішне, што дровы і тарфяныя паліўныя брыкеты, якія ў аб’ёме прынятай нормы атрымліваюць жыхары краіны праз рай-, гарпалівазбыты, маюць для спажыўцоў ільготную цану – адпускаюцца з бюджэтнымі датацыямі, сума якіх кампенсуе розніцу паміж адпускной і рэальнай цэнамі паставак. Бачыцца, дарэчы, паралель і падабенства са схемай аплаты за цэнтралізаванае цяпло, іншыя камунальныя паслугі жыхароў многакватэрных дамоў.

Ці адбіваецца на рабоце Ляхавіцкага райпалівазбыту фактар сезоннасці? У якой ступені? У чым цяжкасці, якія асаблівасці работы прадпрыемства, што ўяўляе сабой яго матэрыяльная база? Прыкладна на гэтых пытаннях грунтавалася гутарка “ЛВ” з начальнікам прадпрыемства Уладзімірам Секачам.

– Працуем і летам, і зімой. Дадатковае напружанне можна звязаць хіба са старой звычкай многіх грамадзян адкладваць усё на апошні момант. У тым ліку, і клопат пра назапашванне на зіму дроў. Іменна дроў, паколькі “выбарка” тарфяных паліўных брыкетаў вядзецца дастаткова раўнамерна на працягу года. Адміністрацыі сельсаветаў своечасова складаюць спісы, фарміруецца чарга, арганізуецца вывазка брыкету з торфабрыкетнага завода “Ляхавіцкі”. У гэтым і наш транспарт памочнік людзям, і іншыя варыянты існуюць. Напрыклад, некаторыя звяртаюцца за паслугай да сваіх сельгаспрадпрыемстваў, іншыя дамаўляюцца з прыватнымі перавозчыкамі. За 10 месяцаў года сваю паліўную норму брыкету атрымалі 2536 домаўладанняў раёна. Каб у поўным аб’ёме выканаць дагаворныя абавязкі, нам неабходна да канца года вывезці з завода яшчэ прыкладна паўтысячы тон тарфянога паліва, – расказаў Уладзімір Леанідавіч.

Што да дроў, то сітуацыю ў значнай ступені рэгулюе ўзгаданае ўжо адкладванне на пасля. Вельмі многія спажыўцы дроў пачынаюць “варушыцца” недзе ў чэрвені і пазней. Утвараецца вал заказаў, справіцца з якім атрымліваецца далёка не адразу. Яшчэ і таму, што матэрыяльная база райпалівазбыту тэхналагічна лімітавана на падрыхтоўку не больш як 20 метраў кубічных дроў у дзень. Пры існуючай паліўнай норме, роўнай 4,9 кубаметра на домаўладанне, можна лёгка ўявіць сабе штодзённую раскладку. І гэта ў лепшым выпадку, без уліку розных акалічнасцяў, напрыклад, выхаду са строю транспартнага або тэхналагічнага абсталявання райпалівазбыту. Сказаць, што яно старое – мала. Па асобных пазіцыях ступень зношанасці тэхнікі вагаецца вакол лічбы ў 100 працэнтаў. Так, з трох наяўных агрэгатаў для пілавання і колкі дроў, 2 знаходзяцца на службе па 20 гадоў. Транспарт зусім не новы, патрабуе пастаяннай да сябе ўвагі і рознага рамонту, некаторае іншае.

Але ж гэта ўнутраныя праблемы райпалівазбыту. Што да нас, спажыўцоў яго паслуг, то ёсць сэнс прыслухацца да слоў Уладзіміра Секача, які нагадаў прымаўку пра воз, сані і тэрміны іх падрыхтоўкі. У кантэксце нашай тэмы падыдзе такое яе гучанне: пра запас дроў на будучую зіму клапаціцца трэба ўжо зімой бягучай. Пра гэта ўсе ведаюць, усе пагаджаюцца, але на практыцы, нярэдка, забываюць. Што правакуе аўральныя перыяды работы збытчыкаў паліва, расцягваюцца тэрміны выканання заказаў, праяўляюцца эмоцыі, іншае. Але ж нягледзячы на ўсё, справа рухаецца, і са студзеня па кастрычнік уключна сваю норму дроў атрымалі 657 домаўладанняў горада і раёна.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *