“Мы розныя – але роўныя…”
Шэраг дабрачынных мерапрыемстваў, аб’яднаных акцыяй “Мы розныя – але роўныя”, ініцыіраванай цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, аддзелам адукацыі і раённым таварыствам інвалідаў, праходзіць у горадзе і раёне. У цэнтры ўвагі – хлопчыкі і дзяўчынкі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама сем’і, у якіх яны выхоўваюцца. Галоўная мэта акцыі – фарміраванне пазітыўных адносін соцыума да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем хлопчыкаў і дзяўчынак, якія маюць недахопы ў развіцці. Нягледзячы на разнастайныя праблемы са здароўем, такія рабяты з задавальненнем і ахвотна ідуць на кантакт з равеснікамі, з дапамогай дарослых, бацькоў, спецыялістаў ЦКРНіР знаходзяць занятак па душы, іх не пакідаюць сам-насам з праблемай.
Старт акцыі 7 чэрвеня даў велапрабег, які стартаваў пасля мітынгу ад плошчы Перамогі ў райцэнтры. Пасля члены Беларускай арганізацыі ЮНЕСКА “Заранка” (асноўныя ўдзельнікі велапрабегу і непасрэдна акцыі) зрабілі прыпынак у ЦКРНіР, дзе ўручылі сувеніры выхаванцам і парадавалі тэатралізавана-канцэртнай праграмай. Потым на веласіпедах рабяты аб’ехалі ўсе гарадскія сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі і ўручылі падарункі. Кожны з гэтых дзетак перадаў валанцёрам выкананую на паперы копію сваёй далоні, на якой з дапамогай бацькоў запісана самае патаемнае жаданне.
Не застануцца без увагі і рабяты, якія жывуць у сельскай мясцовасці. Усяго ў рамках акцыі валанцёры наведаюцца да 74 землякоў ва ўзросце ад года да 18.
Дырэктар ЦКРНіР Наталля Маслоўская адзначыла: “Неабходна абудзіць і прыцягнуць увагу грамадскасці да рабят з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дапамагчы, падтрымаць, ахапіць увагай. Кожны з такіх дзяцей па-свойму цікавы і непаўторны. Яны маюць права адчуваць сябе так, як іх равеснікі. І, галоўнае, ні ў якім разе нельга пакідаць такія сем’і без дапамогі – і псіхала-гічнай, і матэрыяльнай”.
Фінансавую падтрымку акцыі аказалі аддзел адукацыі райвыканкама, раённая арганізацыя РГА ”Белая Русь”, прадпрымальнікі Людміла Радзюк, Людміла Карпіевіч, Галіна Палівода, Віктар Лойка.
Галіна Канько