Пытанне грамадскай важнасці
З мэтай умацавання працоўнай дысцыпліны, недапушчэння фактаў п’янства на працоўных месцах, выканання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” райвыканкам распрацаваў раённы план мерапрыемстваў па выкананні Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму на тэрыторыі Ляхавіччыны на 2011-2015 гады.
Адным са звенняў антыалкагольнай кампаніі з’яўляецца дзейнасць раённай камісіі па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам. Узаемадзеянне праваахоўных органаў, сельвыканкамаў, устаноў аховы здароўя, грамадскіх арганізацый і іншых зацікаўленых структур дазволіла дабіцца пэўных станоўчых тэндэнцый. Так, па стане на 1 лістапада гэтага года на 44 чалавекі ў параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года зменшылася колькасць асоб, якія знаходзяцца на ўліку ў наркалагічным кабінеце райпаліклінікі, і складае цяпер 986 хворых. 19 працэнтаў з іх (191 чалавек) – жанчыны.
Тыя, хто парушае грамадскі парадак у нецвярозым стане, накіроўваюцца для сацыяльна-працоўнай рэадаптацыі ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі: за 9 месяцаў у ЛПП накіраваны 17 чалавек (у тым ліку 2 жанчыны).
Найбольшая колькасць асоб з дыягназам “хранічны алкагалізм” жыве на тэрыторыі Альхоўскага, Востраўскага і Крывошынскага сельсаветаў. Хаця пры ўсіх сельвыканкамах створаны камісіі па барацьбе з п’янствам, работа іх па-ранейшаму застаецца недастаткова эфектыўнай.
Месцам працы большасці грамадзян, якія стаяць на ўліку ў наркалагічным кабінеце, з’яўляюцца ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі”, ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, СВК “Ліпнянка”, “Жарабковічы”, “Тальмінавічы”, “Востраў-Агра”. На жаль, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, сельвыканкамаў не заўсёды лічаць патрэбным інфармаваць урача-нарколага аб неабходнасці пастаноўкі на ўлік аматараў спіртнога.
З мэтай прафілактыкі дарожна-транспартнага траўматызму, прычынай якога ўсё часцей становіцца алкаголь, у раёне не першы год дзейнічае перасоўны наркалагічны пункт, у склад якога ўваходзяць супрацоўнікі АДАІ і ўрач-нарколаг. Сёлета праведзена 10 выездаў, агледжана 430 вадзіцеляў на дарогах, 10 з іх былі ў нецвярозым стане. Вадзіцелі і механізатары на пачатку працоўнага дня абавязкова праходзяць перадрэйсавы агляд на вызначэнне ступені цвярозасці.
Прадаўжаецца і барацьба з п’янствам на працоўных месцах. З пачатку года выяўлены 62 чалавекі, якія знаходзіліся на працоўным месцы ці ў рабочы час “пад градусам”, 41 з іх звольнены, да астатніх прыняты меры дысцыплінарнага спагнання.
Спыненне фактаў вырабу і продажу спіртаўтрымліваючай вадкасці – адзін з асноўных накірункаў дзейнасці раённага аддзела ўнутраных спраў у плане прафілактыкі п’янства і алкагалізму. За 2013 год з незаконнага абарачэння канфіскавана і знішчана 1267 літраў брагі (у 2012 годзе – 860 літраў), 60,3 літра самагону (42 літры), 24 самагонныя апараты (22).
Рашэннем райвыканкама ўведзена абмежаванне на рэалізацыю алкагольных напіткаў (за выключэннем шампанскага) коштам ніжэй 1,5 базавай велічыні з 22 да 8 гадзін у рознічных аб’ектах гандлю. Забаронены продаж алкагольнай прадукцыі падчас правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Аднак, попыт на гэты тавар застаецца па-ранейшаму высокім. Таму неабходна прымаць больш эфектыўныя дзеянні, распрацоўваць дзейсныя мерапрыемствы.
Разгледзеўшы гэта пытанне на чарговым пасяджэнні, райвыканкам у сваім рашэнні адзначыў, што праваахоўнымі, выканаўчымі і іншымі дзяржаўнымі органамі сёлета забяспечана выкананне патрабаванняў Дырэктывы № 1 і нарматыўна-прававых актаў па пытаннях аховы працы. Разам з тым, кіраўнікам прадпрыемстваў і устаноў неабходна больш актыўна прымаць меры дысцыплінарнай адказнасці да службовых асоб за несвоечасовае выяўленне ці ўтойванне фактаў парушэння работнікамі працоўнай і вытворчай дысцыпліны. Больш выніковай павінна быць і работа камісій па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, створаных пры сельвыканкамах.
Прадугледжана правядзенне выязных пасяджэнняў раённай камісіі па барацьбе з п’янствам, на прадпрыемствах, дзе працуе найбольшая колькасць асоб, якія стаяць на ўліку ў наркалагічным кабінеце.
Прыняты і іншыя канкрэтныя рашэнні па гэтым важным пытанні.
Святлана ЮРЛЕВІЧ,
намеснік старшыні райвыканкама.